Паводле Любаеваса, улады Беларусі наўмысна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю пра мігрантаў, якіх нібыта білі літоўскія памежнікі пры спробе незаконна перасекчы мяжу.
Літоўскі генэрал заявіў, што ў памежнай службе існуе сур’ёзная сыстэма ўнутранага кантролю і маніторынгу выкананьня правоў чалавека, якая робіць немагчымым такое пабіцьцё.
На тым жа брыфінгу літоўскі амбасадар у пытаньнях міграцыі Лінас Лінкявічус падкрэсьліў, што цяперашняя масавая міграцыя празь Беларусь у Літву не пачалася натуральным чынам, а ёсьць «гібрыднай агрэсіяй» з боку рэжыму Лукашэнкі. Паводле яго, рэжым выкарыстоўвае мігрантаў для ўнутрыпалітычных мэтаў, рызыкуючы іх жыцьцём і здароўем.
Лінкявічус дадаў, што цяперашняя хваля міграцыі пачалася пасьля гвалтоўнай пасадкі ў Беларусі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і наступных санкцый з боку Эўразьвязу. Ён згадаў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць міграцыю. Паводле Лінкявічуса, некаторыя мігранты прызнаюць, што ім дапамагалі перайсьці мяжу беларускія памежнікі, звычайна ўначы.