Пра гэта заявіла сёньня канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.
Яе заяву на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Эстоніі Каяй Калас цытуе агенцтва ТАСС.
«Мы бачым, што людзі выкарыстоўваюцца як сродак для гібрыднага супрацьстаяньня, — сказала Мэркель. — Мы гэта асуджаем самым сур’ёзным чынам».
«Гэта атака на ўсіх нас, а ня толькі на адну краіну», — дадала кіраўніца нямецкага ўраду, маючы на ўвазе Эўразьвяз.
Раней Польшча і Літва зьвярнуліся да ЭЗ з заклікам ужыць больш жорсткія захады ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі зь міграцыйным крызісам у рэгіёне, які, на думку Варшавы і Вільні, выкліканы дзеяньнямі беларускіх уладаў.
З пачатку году на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта амаль у 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Мігранты таксама робяць спробы пратачыцца празь Беларусь у Польшчу.