24 чэрвеня ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Сярод іншага, яны закранулі сфэру вытворчасьці калійных угнаеньняў. Гэта значыць, краіны ЭЗ уводзяць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі. Глядзім, што Беларусь страціць ад гэтага.
ЭЗ забясьпечвае 8% экспарту калійных угнаеньняў
Летась Беларусь прадала ў краіны ЭЗ калійных угнаеньняў на 195,7 мільёна даляраў. Гэта 8% ад усяго экспарту гэтай прадукцыі ў грашовым вымярэньні.
Найбольш калійных угнаеньняў з краін ЭЗ летась у Беларусі набыла Нарвэгія — на 74,1 мільёна даляраў, на другім месцы Польшча — на 71,5 мільёна даляраў, таксама калійныя ўгнаеньні набывала Літва (6 мільёнаў даляраў), Латвія (2,7 мільёна даляраў).
За мінулы год Беларусь прадала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі:
- Бразылія (522 мільёны даляраў за год)
- Кітай (320 мільёнаў даляраў)
- Індыя (290 мільёнаў даляраў)
- Інданэзія (139 мільёнаў даляраў)
Што цяпер зь «Беларуськаліем»
Беларуская калійная кампанія — трэйдэр «Беларуськалію» — скончыла мінулы год з чыстым прыбыткам 580 тысяч рублёў, год таму было 625 тысяч.
Па кароткатэрміновых абавязаньнях Беларуская калійная кампанія вінная больш за 1 мільярд рублёў, за год доўг вырас амаль на 200 мільёнаў рублёў. Па доўгатэрміновых крэдытах кампанія вінная 16,9 мільёна рублёў.
«Гэта паўплывае на сусьветны рынак»
Эўрапейскі рынак калійных угнаеньняў для Беларусі — ня самы важны, пра гэта кажа аглядальніца Тацяна Манёнак. Больш важныя кантракты з Індыяй, Кітаем, Бразыліяй.
«Кампанія мае свае пазыцыі, яна адзін з галоўных гульцоў на сусьветным рынку. Больш за 20% калійных угнаеньняў пастаўляецца зь Беларусі. Увядзеньне санкцый будзе адчувальным для ўсяго рынку, бо гэта адаб’ецца на сусьветных коштах. Беларуськалій можа пераарыентаваць пастаўкі, але страта эўрапейскага рынку балючая для кампаніі, гэта іміджавыя страты, бо іншыя краіны могуць гэта ўлічваць пры заключэньні дамоваў», — кажа Тацяна Манёнак.
Да таго ж беларускія калійныя ўгнаеньні пастаўляюцца праз порт Клайпеды. То бок калі будзе забарона на супрацоўніцтва, праз клайпедзкі порт пастаўкі могуць быць немагчымыя.
«Ня выключана, што ў будучыні „Ўралкалій“ і „Беларуськалій“ могуць аб’яднаць свае намаганьні, каб захаваць пазыцыі, але ня думаю, што гэта можа адбыцца хутка. Цяпер амаль усе пастаўкі калійных угнаеньняў ідуць праз порт Клайпеды. Калі гэта часовыя санкцыі, яны могуць цалкам зьмяніць лягістычную палітыку „Беларуськалію“. Гэта будзе няпроста і для Клайпедзкага порту», — кажа Тацяна Манёнак.