Экспарт нафтапрадуктаў падае другі год запар
2,7 мільярда даляраў — на столькі Беларусь летась экспартавала нафтапрадуктаў. Гэта амаль удвая меней, чым годам раней. У 2019 годзе на экспарце нафтапрадуктаў Беларусь зарабіла 5,2 мільярда даляраў.
Асноўнымі пакупнікамі летась былі Ўкраіна, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды. Дзьве апошнія краіны — асноўныя трэйдэры, то бок яны прадаюць беларускія нафтапрадукты далей у Эўропу.
У параўнаньні з 2019 годам удвая зьнізіўся і кошт, па якім Беларусь прадавала нафтапрадукты.
Продаж нафтапрадуктаў зь Беларусі скарачаецца ўжо другі год запар: у 2018 годзе нафтапрадуктаў прадалі на 6,4 мільярда даляраў.
Нафтапрадукты — адна з асноўных крыніц прытоку валюты ў Беларусь, гэтая схема працуе шмат гадоў. Беларусь набывае нафту ў Расеі, перапрацоўвае і прадае за мяжу.
Летась формула дала збой: Беларусь набыла ў Расеі нафты на 3,8 мільярда даляраў, перапрацавала — і зарабіла на экспарце толькі 2,7 мільярда.
Калійныя ўгнаеньні патаньнелі на 23%
Летась Беларусь экспартавала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Гэта на 12% менш, чым было ў 2019 годзе, тады ўгнаеньняў экспартавалі на 2,7 мільярда даляраў. Зьменшылася і цана — амаль на 23% у параўнаньні з 2019 годам. Гэта значыць, што за меншую цану экспартавалі больш.
Асноўныя пакупнікі: Бразылія, Кітай, Індыя. У ранейшыя гады экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі трымаўся на ўзроўні 2,7 мільярда даляраў на год. З 2017-га цана расла кожны год.
Чаму прасеў экспарт стратэгічных для Беларусі нафтапрадуктаў
З пачатку мінулага году былі праблемы з пастаўкай расейскай нафты, а пасьля зьмянілася каньюнктура рынку. Пра гэта кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
«На пачатку году ЭЗ не купляў нафтапрадукты, нафта не зьяўляецца чыньнікам канкурэнтаздольнасьці. Быў момант, калі нафта прасела і каштавала 0 даляраў. Цяпер цана на нафту расьце, і ў гэтым годзе могуць быць іншыя экспартныя лічбы», — кажа Яраслаў Раманчук.
Цяпер Беларусь хоча пераарыентаваць пастаўкі нафтапрадуктаў, каб яны ішлі не праз балтыйскія парты, а праз Расею.
«Пытаньне, хто будзе бэнэфіцыярам экспарту — беларускі бюджэт ці расейскія кампаніі. Калі гэта будуць расейскія кампаніі, то яны будуць кантраляваць экспарт у большай ступені, чым літоўскія парты», — мяркуе Яраслаў Раманчук.
Раней Свабода падлічвала, што экспарт праз расейскія парты абыдзецца даражэй, чым празь літоўскія, бо яны геаграфічна далей.