Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала праз год з удзельнікамі пікету ў Горадні, на якім затрымалі Ціханоўскага


Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага.
Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага.

Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў летась 29 траўня ў Горадні стала першым гучным арыштам апошняй прэзыдэнцкай кампаніі. Свабода паглядзела, што сталася зь яго ўдзельнікамі праз год.

Сяргей Ціханоўскі тады выйшаў пасьля адміністрацыйных сутак і разам з камандай актыўна езьдзіў па краіне зь пікетамі па зборы подпісаў за сваю жонку, каб яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Сама Сьвятлана Ціханоўская на пікетах не паказвалася.

Пікет у Горадні быў адметны тым, што на ім анансавалі прыезд самой Ціханоўскай. Аднак блогер выйшаў на Савецкую плошчу, дзе зьбіралі подпісы, з кардоннай выявай сваёй жонкі. На пытаньні, ці прыедзе Сьвятлана, напаўжартам паказваў на ілюстрацыю ў дзелавым касьцюме з паднятай рукой, сьціснутай у кулак.

Пікет пачаўся каля 17-й гадзіны вечара. Побач на плошчы зьбіралі подпісы таксама за іншых патэнцыйных кандыдатаў. Як і ў іншых гарадах, чэргі стаялі менавіта да палатак зь лягатыпам «Страна для жизни» — так называўся Youtube-блог Ціханоўскага.

Сяргей Ціханоўскі з выявай жонкі
Сяргей Ціханоўскі з выявай жонкі

На пікет прыйшло некалькі сотняў чалавек — параўнальна зь іншымі гарадамі, няшмат. Ціханоўскі, як звычайна, размаўляў зь людзьмі, вёў стрым на сваім канале, фатаграфаваўся з ахвотнымі разам зь вялікім тэпцем. Прамую трансьляцыю падзей вялі таксама журналісты Радыё Свабода. Пікет праходзіў спакойна.


Калі стрым Свабоды скончыўся, а ўсе журналісты сышлі з плошчы, атмасфэра напружылася. Каля 19:50 да блогера падышлі дзьве жанчыны і патрабавалі адказаць на іхнія пытаньні. Ціханоўскі заявіў, што яны яго правакуюць, і пачаў сыходзіць ад іх. Жанчыны пайшлі сьледам, чапляліся за ягонае адзеньне.

Каля 20-й гадзіны на плошчу выйшлі два ўчастковыя міліцыянты ў форме. Яны падышлі да жанчын і запыталіся, што адбываецца. Тыя паскардзіліся, што блогер ня хоча адказваць на іхнія пытаньні. Міліцыянты зьвярнуліся да Ціханоўскага, той адказаў, што гэта правакацыя, і зноў паспрабаваў сысьці. Міліцыянт схапіў яго за руку. Людзі пачалі абступаць Ціханоўскага, каб яго не чапалі. Пачалася тузаніна. Адзін міліцыянт аказаўся на зямлі.


На плошчу адразу выйшлі амапаўцы ў форме і затрымалі Ціханоўскага, а таксама яшчэ каля дзесяці чалавек.

Дзе гэтыя людзі праз год?

Чакаюць суду

Блогер Сяргей Ціханоўскі дагэтуль сядзіць. Яго перавялі ў гомельскі СІЗА. Неўзабаве над ім пачнецца суд у Гомлі. Адначасна будуць судзіць 6 чалавек, у тым ліку Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка і Арцёма Сакава.

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Арцём Сакаў — яшчэ адзін удзельнік горадзенскага пікету і відэаапэратар Ціханоўскага, жыхар Гомля. Яго затрымалі праз два дні пасьля блогера, на найманай кватэры ў Горадні.

Арцём Сакаў
Арцём Сакаў

Ціханоўскага і Сакава вінавацяць па 4 крымінальных артыкулах. Ім пагражае да 15 гадоў калёніі.

Ідзе суд

Адначасна судзяць яшчэ траіх удзельнікаў пікету ў Горадні: Зьмітра Фурманава, Яўгена Разьнічэнку і Ўладзімера Кнігу. Яны ўсе гарадзенцы, сядзяць у горадзенскай турме. Справу разглядаюць таксама ў Горадні.

Зьміцер Фурманаў — каардынатар ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, зьбіраў подпісы 29 траўня. Яго забралі зь пікету невядомыя мужчыны разам з крэслам, зьбілі. Фурманаў галадаваў у СІЗА на знак пратэсту, яго неаднаразова зьмяшчалі ў карцар. Цяпер ён таксама ў карцары — да пачатку ліпеня. Яму пагражае да трох гадоў калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Зьміцер Фурманаў справа.
Зьміцер Фурманаў справа.

Яўген Разьнічэнка падставіў рукі, калі на яго падаў міліцыянт, — дапамог мякка прызямліцца. Яго вінавацяць ня толькі ў падрыхтоўцы беспарадкаў, але і ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў. У СІЗА ў яго пагоршылася здароўе, зьнізіўся слых.

Яўген Разьнічэнка
Яўген Разьнічэнка

Уладзімер Кніга — былы міліцыянт, сышоў зь міліцыі ў 2012 годзе. Дапамагаў камандзе Ціханоўскай як валянтэр, прыкладам, ставіць палатку. Яго затрымалі толькі на пяты дзень пасьля пікету. Кнігу таксама вінавацяць па двух артыкулах, як і Разьнічэнку.

Уладзімер Кніга
Уладзімер Кніга

Апошняе слова ім дадуць 31 траўня. Магчыма, у гэты ж дзень абвесьцяць і прысуд. Пракурор запрасіў для іх ад 2 да 4 гадоў калёніі.

Асуджаныя

Аднаго ўдзельніка горадзенскага пікету ўжо асудзілі на 6 гадоў калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў. Гэта Аляксандар Арановіч са Старых Дарог. Доказам ягонай віны была дымавая шашка, якую знайшлі на гарышчы дома ягоных бацькоў.

Арановіч быў кіроўцам аўтадома «Страна для жизни», а таксама «двайніком Ціханоўскага». Ён падобны да блогера па целаскладзе, яшчэ летась увесну апрануўся падобна да Ціханоўскага і пажартаваў зь міліцыянтаў. Тыя перасьледавалі яго, але не маглі затрымаць, бо паверылі, што гэта сапраўды Ціханоўскі.

Аляксандар Арановіч
Аляксандар Арановіч

Зьехаў за мяжу

Адзін з затрыманых, 21-гадовы Сяргей Калмыкоў, зьехаў зь Беларусі за мяжу. Яго нечакана выпусьцілі зь СІЗА праз 6 дзён пасьля затрыманьня ў статусе абвінавачанага.

Сяргей Калмыкоў
Сяргей Калмыкоў

«Пацярпелыя» міліцыянты ў судзе

Пацярпелых, якія праходзяць па справе Фурманава, Кнігі, Разьнічэнкі, чацьвёра. Усе яны па-ранейшаму працуюць у міліцыі. Гэта ўчастковыя міліцыянты Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі, які ўпаў на зямлю на пікеце ў Горадні, і Аляксандар Хваленя, які хадзіў з рупарам і ў інфармацыйнай камізэльцы. Двое зь іх — супрацоўнікі АМАП, якія непасрэдна затрымлівалі Ціханоўскага, — Віктар Буднік і Дзьмітры Рахунок, які праходзіць пацярпелым або сьведкам па многіх іншых «палітычных» справах.

Казлоўскі заявіў пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды ў дачыненьні да Разьнічэнкі ў памеры 8 тысяч рублёў.

Аляксандар Хваленя ў судзе
Аляксандар Хваленя ў судзе
Уладзімер Казлоўскі на судзе
Уладзімер Казлоўскі на судзе
Уладзімер Казлоўскі ўпаў на пікеце ў Горадні
Уладзімер Казлоўскі ўпаў на пікеце ў Горадні

Працягвае жыць, як раней

Яшчэ адна вядомая ўдзельніца тых падзеяў — 82-гадовая пэнсіянэрка Галіна Філіпаўна Андрэйчык. Яна ў той дзень «засьвяцілася» ў стрыме Ціханоўскага з кранальнай прамовай і стала вядомай на ўсю краіну. Пасьля гэтага яе пачало шальмаваць БТ, пра яе крытычна выказаўся Лукашэнка.

Галіна Філіпаўна
Галіна Філіпаўна

Жанчына моцна перажывала за свой далейшы лёс. Яе падтрымалі тысячы беларусаў, а дзяржаўная прапаганда неўзабаве спыніла цкаваньне.

Галіна Філіпаўна па-ранейшаму жыве ў Горадні. У яе пагоршылася здароўе, яна праходзіць курс лячэньня.

Невядома

Таямнічы далейшы лёс жанчыны з заплечнікам у ружовай кепцы, празь якую пачаўся канфлікт зь Ціханоўскім. Мэдыя ідэнтыфікавалі яе як 40-гадовую Алену Кузьміну зь Менску, жанчыну, якая прапаноўвала інтымныя паслугі.

Адвакаты хацелі выклікаць яе ў якасьці сьведкі на суд над Фурманавым, Кнігай, Разьнічэнкам, аднак суд не задаволіў гэтае хадайніцтва.

Сёлета ў студзені журналісты «Народнай волі» зьвязаліся з Аленай Кузьміной, каб запытацца пра ейнае жыцьцё пасьля інцыдэнту ў Горадні.

«Я не магу вам усяго сказаць, але адмовіцца я не магла. Усё выставілі так, быццам я хацела яму нашкодзіць, але ніхто не падумаў, што ратавала», — сказала ў інтэрвію Кузьміна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG