Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто аплачваў харчаваньне?» Якія пытаньні пра Ціханоўскага задавалі на судах безь ягонага ўдзелу


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота 28 траўня 2020 году
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота 28 траўня 2020 году

На многіх судовых паседжаньнях па «справе Ціханоўскага», у якіх сам блогер ня браў удзелу, пра яго задавалі шмат пытаньняў.

У «справе Ціханоўскага» ішло некалькі судовых працэсаў.

17 траўня пракурор запрасіў ад 2 да 4 год турмы для паплечнікаў Ціханоўскага Зьмітра Фурманава, Уладзімера Кнігі і Яўгена Разьнічэнкі, якіх затрымалі разам з блогерам на пікеце 29 траўня 2020 году ў Горадні.

Кіроўцу аўтадому «Страна для жизни» Аляксандра Арановіча, які аднойчы сыграў двайніка Ціханоўскага, 27 красавіка ў Горадні асудзілі на 6 гадоў калёніі. На гарышчы дома ў ягоных бацькоў знайшлі дымавую шашку. Гэта стала адным з асноўных доказаў ягонай віны ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Аўтара Youtube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзімера Няронскага суд Лагойскага раёну пакараў 3 гадамі калёніі сёлета 2 лютага.

Справу самога блогера Сяргея Ціханоўскага будуць разглядаць у Гомельскім судзе, калі — пакуль невядома.

Адвакатка Яўгена Разьнічэнкі Тацяна Лішанкова на судзе ў справе горадзенскага пікета 29 траўня заяўляла хадайніцтва, каб Сяргея Ціханоўскага дапыталі ў межах гэтай справы, а таксама каб зачыталі ягоныя паказаньні зь пісьмовых матэрыялаў справы. Аднак суд не задаволіў ніводнага з гэтых хадайніцтваў. Адначасна ўдзельнікам працэсу задавалі шмат пытаньняў пра блогера.

«Ці ўтрымліваюць ролікі пазытыўную інфармацыю пра ўладу?»

Допыт Зьмітра Фурманава на судзе ў Горадні 18 студзеня.

— Ці ўтрымліваюць гэтыя ролікі пазытыўную інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўных органаў улады, або толькі нэгатыў? — запытаўся пракурор Мікіта Мысьлівец пра матэрыялы на YouTube-канале Ціханоўскага.

— Адмаўляюся ад паказаньняў.

— Ціханоўскі дзейнічаў як прадстаўнік СМІ?

— Не, толькі як блогер.

— На якія тэмы Ціханоўскі браў інтэрвію ў простых людзей?

— На розныя, доўга пералічваць. Людзі расказвалі, як жывуць.

Пракурор Мікіта Мысьлівец
Пракурор Мікіта Мысьлівец

— Вы асабіста сустракаліся зь Ціханоўскім?

— Так, 14 лютага 2020 году, калі ён прыехаў здымаць відэа пра Горадню.

— За якія грошы Ціханоўскі езьдзіў па гарадах, здымаў відэа, мантаваў яго?

— Зь ягоных словаў, за грошы беларусаў, якія яму дапамагалі.

— Ціханоўскі расказваў вам, па якім прынцыпе здымаў ролікі, як адбіраў населеныя пункты, каб указаць на нібыта бязьдзеяньне з боку дзяржаўных органаў?

— Адмаўляюся адказваць.

— Хто плаціў за харчаваньне і начлег у вашых паездках зь Ціханоўскім па гарадах Беларусі?

— Ціханоўскі.

«Ці абавязаны быў Ціханоўскі спыніцца і размаўляць з вамі?»

Допыт пацярпелага міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага, які ўпаў падчас пікету ў Горадні 29 траўня 2020 году, на судзе 9 лютага.

Уладзімер Казлоўскі на пікеце ў Горадні 29 траўня 2020 году
Уладзімер Казлоўскі на пікеце ў Горадні 29 траўня 2020 году

— Як вы зразумелі, што гэта Ціханоўскі? — запытаўся пракурор Мікіта Мысьлівец.

Казлоўскі адказаў, што знаў блогера па службе, бо раней знаходзіўся на адміністрацыйным судзе над іншым чалавекам, які наведаў сустрэчу зь Ціханоўскім у Горадні. Адметнымі рысамі Ціханоўскага пацярпелы міліцыянт назваў майку і кепку з надпісам «Страна для жизни» і вялікі тэпаць у руцэ.

— Па Ціханоўскім было відаць, што ён ня хоча размаўляць з жанчынай у кепцы? — запытаўся адвакат Фурманава Вадзім Мушынскі.

— Я ў яго не пытаўся.

— Нейкія законныя патрабаваньні з вашага боку Ціханоўскаму прад’яўляліся?

— Растлумачце гэтае пытаньне.

— З вашага боку, як прадстаўніка ўлады, якія-небудзь законныя патрабаваньні прад’яўляліся Ціханоўскаму?

— Якія законныя патрабаваньні?

— Я ж у вас пытаюся, прад’яўляліся або не?

— Што вы канкрэтна маеце на ўвазе?

— Вы, як супрацоўнік міліцыі, падыходзіце да грамадзянаў, спрабуеце нешта высьветліць... Канкрэтна Ціханоўскаму нешта гаварылася кшталту «Прад’явіце дакумэнты» або «Прайдзіце са мной», нешта падобнае было?

— Я зьвяртаўся.

— Дзеля чаго?

— Я ж ужо адказваў...

— Ці можна разглядаць гэты зварот як законнае патрабаваньне? Што вы патрабавалі ад Ціханоўскага?

— Разабрацца ў сытуацыі... Спыніцца.

— Дзеля чаго?

— Каб пагаварыць.

— Вы сказалі, што Ціханоўскі не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Для чаго было...

— У нас супрацоўнікі міліцыі размаўляюць з грамадзянамі, толькі калі яны нешта ўчыняюць?

— Добра. Скажыце, калі ласка, ці абавязаны быў Ціханоўскі спыніцца і размаўляць з вамі?

— Да яго зьвяртаецца прадстаўнік улады...

— Ці абавязаны ён быў спыняцца і размаўляць з вамі?

— Ён абавязаны быў выканаць законнае патрабаваньне.

— Якое законнае патрабаваньне?

— Спыніцца...

— У вашым разуменьні Ціханоўскі абавязаны быў адказваць на пытаньні гэтай жанчыны? — удакладніла адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток.

— У нашым разуменьні супрацоўніку міліцыі трэба не дапусьціць нейкай канфліктнай сытуацыі.

— Не, вы адкажыце на маё канкрэтнае пытаньне. Павінен быў?

— Ня ведаю.

Чаму ў гэтай сытуацыі вы ўсё ж больш увагі ўдзялілі фігуры Ціханоўскага, а не грамадзянцы з ружовым брылём? — запыталася судзьдзя Вольга Бекушава.

— Ня тое што належнай увагі... Нікому не пасьпеў удзяліць належнай увагі. Паспрабаваў спыніць, каб разабрацца ў сутнасьці. Вось і ўсё.

— Вы казалі, што спрабавалі вырашыць канфлікт. Што, як вы бачылі, мусіў быў зрабіць Ціханоўскі дзеля вырашэньня канфлікту? Вы плянавалі яго прымусіць адказваць на пытаньні? — далучылася да допыту адвакатка Гарбаток.

— Проста пагаварыць, высьветліць ягоны пункт гледжаньня.

— Навошта? Як бы гэта дапамагло вырашыць канфлікт?

— Разабрацца ў сытуацыі, — паўтарыў Казлоўскі.

«Чаму вы не дапамаглі напарніку, а пайшлі за Ціханоўскім?»

Допыт пацярпелага міліцыянта Аляксандра Хвалені, які хадзіў на пікеце ў Горадні з рупарам, у судзе 9 лютага.

Пацярпелы міліцыянт Аляксандар Хваленя
Пацярпелы міліцыянт Аляксандар Хваленя

— Чаму вы пайшлі за Ціханоўскім, а не засталіся побач з жанчынай (якая правакавала блогера на агрэсіўную рэакцыю. — РС)? — запыталася адвакатка Лішанкова.

— Яна заставалася на месцы.

— У вас была ўпэўненасьць, што жанчына застанецца на месцы і ня сыдзе?

— Яна была ў зоне бачнасьці.

— Чаму вы не прыйшлі на дапамогу ўласнаму напарніку, а пайшлі ўсьлед за Ціханоўскім?

— Бо напарнік паказаў мне позіркам ісьці туды.

«Хто самы першы імкнуўся пакінуць месца, да таго падышлі»

Допыт пацярпелага амапаўца Віктара Будніка на судзе ў Горадні 17 лютага.

Віктар Буднік у масцы на першым пляне
Віктар Буднік у масцы на першым пляне

— Вы затрымалі мужчыну. Ці ведалі вы, хто гэта? — запытаўся пракурор Мікіта Мысьлівец.

— На першым этапе, хто гэта, што...

— Чаму затрымлівалі менавіта яго?

— Хто самы першы імкнуўся пакінуць месца, да таго першага падышлі.

— Ці аказваў ён нейкі супраціў?

— На паўдарозе пачаў упірацца, размахваць, не хацеў ісьці.

— Чаму вы абмежаваліся адным чалавекам? — запытаўся адвакат Вадзім Мушынскі. — Чаму затрымалі толькі Ціханоўскага і адразу павезьлі яго ў мікрааўтобусе ў міліцыю?

— Вы хочаце, каб яны машыну на дах паставілі? Дзеля бясьпекі перадусім.

— Ён што, вам прадстаўляўся? Як вы даведаліся? У інтэрнэце паглядзелі? — запыталася судзьдзя Вольга Бекушава, як Буднік даведаўся, што гэта менавіта Ціханоўскі.

— Хутчэй за ўсё, чуў, ведаў, хто такі Ціханоўскі, і разгледзеў у машыне, што гэта ён.

— Як вы прыйшлі да высновы, што трэба затрымаць менавіта гэтага чалавека? Бо ён быў першы ў натоўпе? — запыталася адвакатка Тацяна Лішанкова.

— Ну так.

— Чаму вы не падышлі да супрацоўніка міліцыі і не запыталіся, чаму ён ляжыць, хто адказны за гэта, хто яго ўдарыў? Чаму вы пачынаеце затрымліваць людзей, якія проста сыходзяць?

— А што, калі б мы падышлі (да міліцыянта), а яны тады зьехалі, а сярод іх аказаўся той, хто зьдзейсьніў правапарушэньне?

— Калі затрымлівалі (Ціханоўскага), вы патлумачылі прычыну затрыманьня?

— Асабіста я не тлумачыў.

— Ці правільна я разумею, што вы прыехалі і адразу пачалі затрымліваць Ціханоўскага?

— Не затрымліваць, а прайсьці ў машыну.

«Ці чулі вы ад Ціханоўскага пра неабходнасьць прымяняць гвалт?»

Пытаньні пракурора Мікіты Мысьліўца Зьмітру Фурманаву на судзе ў Горадні 6 траўня:

— Вы тлумачылі, што езьдзілі зь Ціханоўскім па гарадах Беларусі... Што вам вядома, хто арганізоўваў, каардынаваў гэтых людзей, валянтэраў?

— Ціханоўскі.

Уладзімер Кніга, Зьміцер Фурманаў і Яўген Разьнічэнка на судзе, 17 сакавіка
Уладзімер Кніга, Зьміцер Фурманаў і Яўген Разьнічэнка на судзе, 17 сакавіка

— Сам асабіста?

— Так.

— У яго хапала часу па ўсёй рэспубліцы арганізоўваць гэтых людзей?

— Відаць, так. Я ня ведаю.

— Можа, вам Ціханоўскі расказваў, што ёсьць яшчэ нейкія людзі, якія дапамагаюць арганізоўваць пікет 29 траўня ў Горадні?

— Не, не расказваў.

— Вы зь Ціханоўскім увогуле камунікавалі падчас паездак?

— Так.

— На якія тэмы вы камунікавалі зь ім?

— Выключна наконт пікетаў па зборы подпісаў.

— Ён на кожным пікеце прысутнічаў?

— На тых, у якіх я прымаў удзел, так, на ўсіх.

— Скажыце, у паездках харчаваньне, паліва хто аплачваў?

— Ціханоўскі.

— Сам Ціханоўскі?

— Так.

— Ці інфармаваў вас Ціханоўскі, ці складаліся ў дачыненьні да яго пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах?

— Ён пра гэта казаў у сваіх відэа на Youtube.

— У судовым паседжаньні першапачаткова вы патлумачылі, што Статкевіч вам быў вядомы толькі як палітык, так? А вы ягонай дзейнасьцю цікавіліся? Праграмай ягонай дзейнасьці?

— Незразумела, што значыць праграма.

— Праграма ягонай дзейнасьці па перадвыбарчай кампаніі.

— Дык ён жа ня ўдзельнічаў у выбарах. Мне незразумелае пытаньне.

— Што-небудзь пра сувязь Статкевіча і Ціханоўскага вам вядома, пра камунікацыю паміж імі?

— Я проста бачыў інтэрвію, зноў жа на Youtube-канале.

— Хто ў каго браў інтэрвію? — удакладніла судзьдзя Вольга Бекушава.

— Ціханоўскі браў інтэрвію ў Статкевіча.

— Ці чулі вы ад Ціханоўскага асабіста або ад асобаў зь ягонага атачэньня пра неабходнасьць прымяняць гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі пры правядзеньні пікетаў?

— (неразборлівы адказ).

— Ці тлумачыў вам Ціханоўскі, што пад выглядам пікетаў будзе праводзіцца незаконнае масавае мерапрыемства зь ягоным удзелам — мітынгі так званыя?

— Не, не казаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG