Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль тры месяцы арышту. Падсумоўваем маратон адміністрацыйных судоў па «справе Ціханоўскага»


Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага. Разьбіраем дэталёва
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:36 0:00

У Горадні маратонам прайшлі 9 адміністрацыйных судоў над фігурантамі «справы Ціханоўскага», якія ўжо месяц сядзяць у СІЗА. У выніку кожны атрымаў ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам 81 суткі арышту на ўсіх.

Адміністрацыйныя і крымінальныя справы — за адзін і той жа пікет

Вядома, што па крымінальнай «справе Ціханоўскага» затрымалі прынамсі 9 чалавек:

  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Аляксандар Арановіч
  3. Васіль Баброўскі
  4. Уладзімер Кніга
  5. Уладзімер Навумік
  6. Яўген Разьнічэнка
  7. Арцём Сакаў
  8. Вяргілій Ушак
  9. Зьміцер Фурманаў

Усе яны ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яшчэ аднаго фігуранта, Сяргея Калмыкова, адпусьцілі праз тыдзень пасьля затрыманьня, але за ім захаваўся статус абвінавачанага.

У крымінальнай «справе Ціханоўскага» фігуруюць два артыкулы: гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Па першым большасьць фігурантаў праходзяць як падазраваныя, абвінавачаньне па ім прад’явілі толькі Сяргею Калмыкову, які цяпер на волі. Па другім абвінавачаньне, верагодна, прад’яўлена ўсім астатнім. Па крымінальнай справе ідзе расьсьледаваньне, судоў па ёй яшчэ не было.

Адміністрацыйныя справы ня маюць дачыненьня да крымінальных. Аднак усе яны зьвязаныя з тымі ж падзеямі, што і крымінальныя, — выбарчы пікет у Горадні 29 траўня, на які прыехаў Сяргей Ціханоўскі. Адміністрацыйныя пратаколы міліцыя склала прыкладна праз тыдзень пасьля затрыманьня. Прычына — дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Некаторыя праходзілі толькі па адным адміністрацыйным артыкуле, іншыя — па абодвух.

Фармулёўкі, як менавіта паплечнікі Ціханоўскага парушылі закон, гучалі амаль аднолькава, хоць гаворка ішла пра розных людзей. Усе парушэньні адбываліся каля 20:00 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую (хоць у гэты час тамсама зьбіралі подпісы і за іншых прэтэндэнтаў у прэзыдэнты).

Тыя, каго вінавацілі ў дробным хуліганстве, лаяліся нецэнзурна, дакучліва чапляліся да грамадзянаў, хапалі іх за адзеньне, чым парушалі грамадзкі парадак. Тыя, хто не падпарадкоўваўся міліцыі пры затрыманьні, — адмаўляліся прайсьці ў аўтамабіль, упіраліся нагамі, вырываліся, спрабавалі ўцячы, хапалі за форменнае абмундзіраваньне.

Адвакат Ціханоўскага Андрэй Шчапяткоў зьвяртаў увагу, што нават граматычныя памылкі ў розных дакумэнтах супадалі.

Па ўсіх справах сьведкамі выступалі міліцыянты, якія і затрымлівалі падсудных. У некаторых выпадках судзьдзя задавальняў хадайніцтва і дапускаў у якасьці сьведкі некага з блізкіх зьняволенага.

Ніхто зь фігурантаў сваёй віны не прызнаў.

На тое, што па адной і той жа фактычна сытуацыі заведзеныя адначасна і адміністрацыйныя, і крымінальныя справы, зьвярталі ўвагу адвакаты падсудных. Блогер Сяргей Ціханоўскі абураўся, што «людзей судзяць за адно і тое ж злачынства двойчы».

Удзельнічалі ў судзе празь відэасувязь

Усе падсудныя бралі ўдзел у паседжаньнях празь відэасувязь зь СІЗА. Іх можна было ўбачыць на экране суду ў камэры за сеткай. Верагодна, таму ўсе справы ішлі ў адной і той жа залі будынка Горадзенскага абласнога суду, бо толькі там ёсьць патрэбныя тэхнічныя ўмовы. Насамрэч справы разглядаў суд Ленінскага раёну Горадні.

Дзякуючы адміністрацыйным судам людзі заўважылі, прыкладам, што Ціханоўскі моцна схуднеў, а сваякі пабачыліся з роднымі, якія ўжо месяц за кратамі. Падчас першых судоў сувязь адключалі запозьнена, так што зь вязьнем можна было крыху пагаварыць у перапынку, калі судзьдзя выйшаў. На апошніх паседжаньнях такой магчымасьці блізкіх пазбавілі.

Суды ішлі запар цэлы тыдзень з 29 чэрвеня па 2 ліпеня. На большасьці судоў прысутнічалі ня толькі сваякі затрыманых, актывісты і журналісты, але і некалькі дзясяткаў мужчын у спартовым адзеньні, кепках і масках, а таксама дзяўчаты, якія відавочна былі зь імі знаёмыя. Перад судом над Ціханоўскім яны ўжо сядзелі ў залі, калі туды пачалі пускаць звычайных назіральнікаў за працэсам.

Фігуранты «справы Ціханоўскага»

1. Сяргею Ціханоўскаму 41 год, жанаты, двое непаўналетніх дзяцей. Апошнім часам жыў у Менску і Гомлі. Аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», на які падпісаліся больш за 240 тысяч чалавек. Жонка Сьвятлана на суд не прыяжджала. Ціханоўскага вінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі. Далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сяргей Ціханоўскі ў судзе 1 ліпеня ў Горадні
Сяргей Ціханоўскі ў судзе 1 ліпеня ў Горадні
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

2. Аляксандру Арановічу 37 гадоў, жыве ў горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці. Не жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей. Сябра каманды YouTube-каналу «Страна для жизни», кіроўца аўтадома. Затрымалі на пікеце 29 траўня ў Горадні. Расказаў на судзе, што быў у Горадні на экскурсіі. Яго вінавацілі ў дробным хуліганстве (нібыта цягнуў жанчыну за заплечнік) і непадпарадкаваньні міліцыі. Атрымаў 10 сутак.

Аляксандар Арановіч на судзе ў Горадні 2 ліпеня
Аляксандар Арановіч на судзе ў Горадні 2 ліпеня
Аляксандар Арановіч на судзе 8 траўня
Аляксандар Арановіч на судзе 8 траўня

3. Васілю Баброўскаму 45 гадоў, гарадзенец, жанаты, трое дзяцей, адзін зь іх непаўналетні. Працуе аўтасьлесарам. Апошнім часам падпісаўся на канал «Страна для жизни». Яго затрымалі падчас пікету 29 траўня ў Горадні. Вінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Атрымаў 10 сутак.

Жонка Васіля Баброўскага Алена
Жонка Васіля Баброўскага Алена

4. Уладзімеру Кнігу 39 гадоў, гарадзенец, жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей, адзін зь іх інвалід. Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза. Раней служыў у АМАПе. Не давучыўся на юрыста. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. На сёньня тая судзімасьць пагашаная. Сёлета быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. На яго погляд, 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні знаходзіўся цэлы горадзенскі гарнізон. Яго затрымалі падчас пікету Ціханоўскай у Горадні 4 чэрвеня. На суд ён прыйшоў у сьвітшоце з Пагоняй. Яго вінавацілі ў дробным хуліганстве. Атрымаў 7 сутак.

Уладзімер Кніга падчас суд 30 чэрвеня
Уладзімер Кніга падчас суд 30 чэрвеня

5. Уладзімеру Навуміку 36 гадоў, гарадзенец, жанаты, мае 5-гадовую дачку. Працуе інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Дома з жонкай ніколі раней не абмяркоўвалі палітычныя пытаньні. У той дзень пайшоў па торт для дачкі і не вярнуўся. На пікеце Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні пачаў здымаць тузаніну на тэлефон, тады яго і затрымалі. Пры затрыманьні міліцыянт у мікрааўтобусе «наступіў яму каленам на галаву». Навуміка вінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Далі 10 сутак.

Уладзімер Навумік на судзе ў Горадні 30 чэрвеня
Уладзімер Навумік на судзе ў Горадні 30 чэрвеня
Уладзімер Навумік, фота зь сямейнага архіву
Уладзімер Навумік, фота зь сямейнага архіву

6. Яўгену Разьнічэнку 35 гадоў, гарадзенец. Не жанаты. Раней працаваў будаўніком у Расеі. Маці і сястра жывуць у Горадзенскай вобласьці. Гэта ён паклаў міліцыянта, які нібыта пацярпеў падчас пікету, на зямлю. Яго затрымалі ранкам 30 чэрвеня. Вінавацілі ў дробным хуліганстве. Далі 7 сутак.

Яўген Разьнічэнка, 30 чэрвеня, пасьля затрыманьня
Яўген Разьнічэнка, 30 чэрвеня, пасьля затрыманьня
Яўген Разьнічэнка (справа) разам зь Сяргеем Ціханоўскім, архіўнае фота
Яўген Разьнічэнка (справа) разам зь Сяргеем Ціханоўскім, архіўнае фота

7. Арцёму Сакаву 25 гадоў. Жыве ў Гомлі. Не жанаты. Афіцыйна не працуе. Быў адным зь відэаапэратараў Ціханоўскага. Патлумачыў на судзе, што тады, калі адбывалася штурханіна і пачаліся затрыманьні, ён хадзіў у прыбіральню ў краме «Баторыя». Затрымалі яго 31 траўня на найманай кватэры ў Горадні. Вінавацілі ў дробным хуліганстве. Атрымаў 5 сутак арышту.

Арцём Сакаў на судзе ў Горадні 2 ліпеня
Арцём Сакаў на судзе ў Горадні 2 ліпеня
Арцём Сакаў
Арцём Сакаў

8. Вяргілію Ушаку 26 гадоў. Жыве ў Менску. Не жанаты, на суд прыяжджала нявеста Надзея. Раней ня быў знаёмы ні з кім з каманды Ціханоўскага. Патлумачыў, што прыйшоў на палітычны пікет упершыню, каб паспрабаваць сябе ў ролі відэаапэратара. Вёў стрым з часткі пікету. Яго вінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Атрымаў 7 сутак.

Падчас суду над Вяргіліем Ушаком
Падчас суду над Вяргіліем Ушаком

9. Зьмітру Фурманаву 35 гадоў, гарадзенец, не жанаты. На суд падтрымаць яго прыходзіла ягоная дзяўчына Вольга. Спачатку працаваў інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі, потым вывучыўся на праграміста, шукаў працу. Быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Яго забралі разам з крэслам, па словах бацькі Аляксандра, 6 чалавек у цывільным адзеньні падчас пікету 29 траўня ў Горадні, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы. Яго вінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі. Далі 10 сутак.

Зьміцер Фурманаў у судзе 1 ліпеня
Зьміцер Фурманаў у судзе 1 ліпеня
Зьміцер Фурманаў за сталом на пікеце ў Горадні 29 траўня
Зьміцер Фурманаў за сталом на пікеце ў Горадні 29 траўня

10. Сяргею Калмыкову 20 гадоў, гарадзенец. Яго затрымалі на пікеце 29 траўня ў Горадні. Ён стаяў збоку ад тузаніны. Праз тыдзень яго выпусьцілі зь СІЗА. Пасьля гэтага ён адразу ажаніўся. Адзіны па «справе Ціханоўскага», хто знаходзіцца на волі. Вядзе суполку ў сацыяльных сетках, дзе дапамагае людзям знаходзіць працу. Адміністрацыйны суд над ім за непадпарадкаваньне міліцыі прайшоў 17 чэрвеня. Аднак выніку яшчэ няма — судзьдзя накіравала матэрыялы справы на дапрацоўку.

Сяргей Калмыкоў з жонкай Ірынай
Сяргей Калмыкоў з жонкай Ірынай

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG