Аналізуем відэа затрыманьня Сяргея Ціханоўскага на пікеце ў Горадні 29 траўня.
Ад пачатку пікету па збору подпісаў Сяргей Ціханоўскі ходзіць па плошчы, размаўляе з людзьмі, дае камэнтары СМІ, фатаграфуецца з гарадзенцамі і вялізным тапкам.
57:43 Да Сяргея Ціханоўскага падыходзяць дзьве жанчыны. Адна зь іх, у джынсавай куртцы і чорна-ружовай кепцы, пытаецца: «Вы такі актыўны, камунікабэльны... Вось цяпер у краіне эпідэмія, вось каранавірус, вы сабралі акцыю, вы не баіцеся, што людзі могуць захварэць? Вось некаторыя стаяць бяз масак». «Кіраўнік дзяржавы вырашыў, што выбары праводзіць можна. Для нашай краіны самая вялікая зараза не каранавірус, а таракан, вы згодныя?» — адказвае блогер. Жанчына просіць распавесьці пра жонку. «Я толькі што распавядаў, вы можаце пачытаць розныя матэрыялы ў СМІ, інтэрвію», — прапануе Ціханоўскі. «Не! Вы самі адкажыце. Вы тут бегаеце, і мы за вамі не пасьпяваем. Вы адкажыце! Ваша Сьвятлана — яна што? Баіцца ў народ выйсьці?» — агрэсіўна настойвае жанчына. «Вось яна стаіць, падыдзіце», — паказвае блогер на кардонную фігуру Сьвятланы. «А навошта мне ваш манэкен?» — абураецца жанчына. «Вы за Лукашэнку ці супраць?» — пытаецца блогер. «Мы пакуль ні за каго», — адказвае жанчына. Блогер сыходзіць ад яе.
59:02 Жанчына пачынае ісьці за Ціханоўскім сьледам, хапае яго за рукі, локці, вопратку, патрабуе: «Адкажыце на пытаньне!» «Я не хачу з вамі размаўляць», — кажа блогер і ідзе далей. «Мы чыталі ў інтэрнэце, што вас Расея спансуе», — кажа жанчына. «Вы правакатар», — спакойна кажа Ціханоўскі. «Адкажыце на пытаньне!» — чапляецца жанчына. «Я ж сказаў, што гэта няпраўда», — зноў спрабуе адысьці ад яе блогер.
59:27 «Жанчына, вам ня сорамна, што вы такім займаецеся? Вы правакатар», — кажа Ціханоўскі. «Чаму гэта я правакатар? Я задала вам пытаньне! А вы нават ня ведаеце, што адказваць! Вы мне не адказвалі ў вашым канале!» — амаль крычыць жанчына. «Я, можа, у турме сядзеў тады», — кажа блогер. «А хто сядзіць на вашым канале?! Не адказваюць на пытаньні!» — чапляецца жанчына і далей ходзіць за Ціханоўскім, які намагаецца сысьці ад яе. Яна хапае яго за вопратку, за локці. Блогер просіць прыбраць рукі. «Чаму вы ўцякаеце?» — крычыць жанчына. «Што робяць... Заслалі — а потым будуць казаць, што мы тут нешта творым», — кажа паплечнікам Ціханоўскі.
1:01:00 «Мы хочам ведаць! Чаму вы ўцякаеце ад сваіх людзей?!» — зноў прычапілася жанчына ў джынсавай куртцы. «Я не хачу з вамі размаўляць. Мне сорамна, што ёсьць такія людзі, як вы», — кажа Ціханоўскі. «Вы прапагандуеце „Краіну для жыцьця“, а што будзе далей з жыцьцём?», — крычыць жанчына.
1:01:01 «Калі вы не прыбераце ад мяне рукі — я вас штурхну! Вы мяне ўжо тры разы штурхнулі!», — кажа Ціханоўскі, калі жанчына ў чарговы раз хапаецца за яго вопратку. Блогер сыходзіць. Ягоныя прыхільнікі размаўляюць з жанчынай. «Для чаго вы ідзяце на выбары!? Хочаце Майдан, як ва Ўкраіне?» — пытаецца ў іх жанчына. Прыхільнікі Ціханоўскага спрабуюць нешта давесьці ёй. «Я задала пытаньне! Чаму ён не адказвае?!» — настойвае жанчына і працягвае хадзіць за блогерам. Умешваецца яе спадарожніца. «Дзьве бабы, прабачце мне, хочуць спытацца! А двухмэтровы жлоб ня можа адказаць?!» — гістэрычна кажа яна. Жанчына ў джынсавай куртцы працягвае перасьледаваць блогера. «Сяргей, скажыце, якая краіна для жыцьця? Вы дапамаглі тым, хто сядзеў у турме?» — пытаецца жанчына і працягвае хапаць Ціханоўскага за рукі і куртку.
1:01:03 «Вы баіцеся некага? Чаму вы не адказваеце на пытаньне? Вы мяне баіцеся?» — зноў пытаецца жанчына. «Вы хочаце, каб я вас паслаў?» — пытаецца блогер. «Пашліце мяне, пашліце перад усімі!» — настойвае яна. «Я не хачу з вамі размаўляць», — кажа блогер і зноў спрабуе сысьці.
1:01:03 Жанчына пачынае спрачацца з прыхільнікамі Ціханоўскага і штурхаецца.
1:01:04 У кадры зьяўляецца міліцыянт у форме. «Міліцыянты нешта разьбегаліся тут», — кажа Ціханоўскі. Зноў пачынае чапляцца жанчына: «Хто вашу акцыю спансуе?» — пытаецца яна і зноў хапае яго за руку: «Пачакайце, не ўцякайце». «Прыбярыце ад мяне рукі!» — кажа блогер.
1:01:05 «Сваволя ў Горадні, сваволя. Такога ўзроўню правакатараў яшчэ не было», — кажа Ціханоўскі.
1:01:06 Падыходзяць два міліцыянты. Адразу ідуць да жанчыны. «Я задала пытаньне, ён ад мяне ўцякае. Я хачу атрымаць адказ», — скардзіцца міліцыянтам жанчына. Яны тут жа ідуць за Ціханоўскім. Людзі крычаць: «Э, правакацыя!» Міліцыянты хапаюць за рукі Ціханоўскага. Пачынаецца штурханіна.
1:06:41 — Міліцыянт ляжыць на асфальце. Усе людзі адыходзяць ад яго. Чуваць сьвісткі міліцыянтаў.
1:01:07 «Сяргей, сыходзь!» — раяць людзі.
1:07:34 Да Ціханоўскага бягуць супрацоўнікі АМАП. «Во, рабяты, ужо працуе АМАП». «Рабяты, нейкая правакацыя, мы нічога не рабілі», — але яго і апэратара жорстка затрымліваюць.
Затрыманьні на пікеце Ціханоўскай у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.