Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не разумею абвінавачаньня. Фантастыка нейкая». У Горадні пачалі судзіць «двайніка» Ціханоўскага


Аляксандар Арановіч у судзе 8 траўня 2020 года
Аляксандар Арановіч у судзе 8 траўня 2020 года

У судзе Ленінскага раёну Горадні ў «справе Ціханоўскага» пачалі судзіць Аляксандра Арановіча, якога часам прымалі за Сяргея Ціханоўскага.

Арановіча вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (342 артыкул КК), а таксама ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (293 артыкул КК). Ён таксама праходзіць у «справе Ціханоўскага», як і Зьміцер Фурманаў, Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка, але судзяць Арановіча асобна. У гэтай справе ўжо асудзілі Ўладзімера Няронскага.

Летась адна са спробаў затрымаць Ціханоўскага сарвалася, бо замест яго ў ягонай машыне езьдзіў Арановіч, падобны да блогера целаскладам і вопраткай.

Аляксандру Арановічу 38 гадоў, паходзіць са Старых Дарог Менскай вобласьці, працаваў кіроўцам у прыватнай фірме. Раней судзімы тройчы, у тым ліку за гвалт або пагрозу гвалтам у дачыненьні да міліцыянта (атрымаў за гэта 5 месяцаў арышту ў 2011 годзе). Арановіч афіцыйна нежанаты, мае дваіх дзяцей, 6 і 14 гадоў.

Яго затрымалі на пікеце ў Горадні, калі ўпаў міліцыянт, летась 29 траўня, разам зь Ціханоўскім. Справу разглядае судзьдзя Алена Пятрова.

Пракурор Корда зачытаў дзяржаўнае абвінавачаньне спачатку паводле артыкулу 342. Паводле яго, Арановіч пачаў рыхтавацца да дзеяньняў, якія парушаюць парадак, яшчэ з кастрычніка 2019 году. Ён разам зь Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам, Сяргеем Ціханоўскім і іншымі распаўсюджваў інфармацыю з заклікамі да дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, перашкаджаюць руху транспарту, працы арганізацый.

Арановіч, паводле абвінавачаньня, удзельнічаў у масавых мерапрыемствах летась увесну ў Старых Дарогах, Мазыры, Магілёве, Горадні. Там ён «дэманстраваў усёдазволенасьць, браваду, зь відавочным непадпарадкаваньнем». Такія мерапрыемствы ладзіліся, каб выказаць свае грамадзкія пазыцыі, «для абвастрэньня палітычнага становішча ў краіне».

Арановіч нібыта рыхтаваўся да беспарадкаў, «паверыўшы ў сваю беспакаранасьць», шукаў інструмэнты для злачынства, людзей, якія могуць далучыцца да «так званых актывістаў». Летась 29 траўня паплечнікі Ціханоўскага, паводле афіцыйнай вэрсіі, сабраліся на Савецкай плошчы ў Горадні, для гэтага выкарысталі пікет для збору подпісаў як фармальную нагоду для акцыі. Заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства ўладам ніхто не падаваў.

Арановіч туды прыйшоў у адзеньні, стылем і колерам падобным да Ціханоўскага. Калі Ціханоўскі паспрабаваў пайсьці з плошчы пасьля інцыдэнту зь міліцыянтам, Арановіч нібыта дапамагаў яму, адцясьняў людзей вакол Сяргея. Падчас гэтых падзеяў 29 траўня людзі перашкаджалі руху грамадзкага транспарту, а менавіта тралейбуса № 3, таксама некаторыя ўжывалі гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў.

Далей пракурор агучыў абвінавачаньне паводле яшчэ аднаго артыкулу 293 («масавыя беспарадкі»). Згодна зь ім, Арановіч рыхтаваўся да злачынства з пагрозамі і падпаламі. Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі дымавую шашку. Нібыта Арановіч плянаваў ствараць зь яе дапамогай дымавую завесу, перашкаджаць бачнасьці, перашкаджаць руху транспарту, «распаліць агрэсіўнасьць натоўпу». Выкарыстаць яе Арановіч не пасьпеў, бо яго затрымалі.

Аляксандар Арановіч на дыстанцыйным судзе ў ліпені 2020 года
Аляксандар Арановіч на дыстанцыйным судзе ў ліпені 2020 года

Арановіч: «Не разумею абвінавачаньня. Фантастыка нейкая»

Арановіч цалкам не прызнаў віны паводле абодвух артыкулаў.

«Шчыра сказаць, не разумею абвінавачаньня, неабгрунтавана. Фантастыка нейкая», — адказаў Арановіч пра сваё стаўленьне да абвінавачаньня.

Ён адмовіўся даваць паказаньні ў судзе.

Пракурор зачытаў матэрыялы з папярэдніх допытаў Арановіча. На першых допытах ён адмаўляўся даваць паказаньні, потым пагадзіўся, але амаль на кожнае пытаньне адказваў: «Адмаўляюся даваць паказаньні».

Як вынікае зь пісьмовых матэрыялаў справы, у Арановіча пыталіся пра знаёмства зь Ціханоўскім, іншых чальцоў каманды Ціханоўскага, пра іншых блогераў, у тым ліку Ігара Лосіка, Шэрага Ката.

Сьледчых цікавіла, якое дачыненьне мае YouTube-канал «Страна для жизни» да тэлеграм-каналаў, забароненых у Беларусі.

Прагучалі нават пытаньні пра сувязь каманды Ціханоўскага з Аляксеем Навальным і ягонай дзейнасьцю. Сярод пытаньняў было, чаму Ціханоўскі з камандай ехаў у Горадню на некалькіх машынах, рознымі маршрутамі, прычым не самымі кароткімі; навошта Арановіч апранаўся падобна да Ціханоўскага і кансьпіраваўся на законным мерапрыемстве. У судзе абвясьцілі перапынак да 1 сакавіка, калі дапытаюць сьведак.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG