Гарадзенец Сяргей Калмыкоў — адзіны абвінавачаны ў «справе Ціханоўскага», які пасьля затрыманьня апынуўся на волі. Ён расказаў Свабодзе, чаму пачуваўся ў турме на Валадарцы як дома, як ажаніўся пасьля СІЗА і чаму перастаў знацца зь некаторымі сваякамі.
Прыехаў на плошчу пакінуць подпіс за Ціханоўскую
Сяргей Калмыкоў — 20-гадовы гарадзенец. Разам са сваёй дзяўчынай Ірынай ён 29 траўня прыйшоў на Савецкую плошчу пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую. Літаральна празь некалькі хвілін пачалася мітусьня. Міліцыянт аказаўся на зямлі, а блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ зь дзясятак людзей затрымалі.
Сяргей Калмыкоў стаяў за некалькі мэтраў ад тузаніны і ў ёй ня ўдзельнічаў, але і яго схапіў АМАП. Хлопец прайшоў праз горадзенскі ІЧУ, ізалятар на Акрэсьціна ў Менску і СІЗА на Валадарскага. Праз тыдзень за кратамі яго выпусьцілі на волю пад падпіску аб неразгалошваньні. Аднак ён мае права расказваць пра ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ і СІЗА.
Сяргей — верагодна, той адзіны па справе, каму прад’явілі абвінавачваньне ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянта (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
«Правяралі на кожным кроку»
Сяргей кажа, што назіраў за тузанінай на плошчы здалёк, з клюмбы на ўзвышэньні. Калі пачаліся затрыманьні, да яго са сьпіны падышлі два амапаўцы, узялі пад рукі і пацягнулі да аўтобуса. Па словах хлопца, ён не супраціўляўся, ня лаяўся. У аўтобусе адзін з амапаўцаў, якога называлі Арцём, ударыў яго кулаком у грудзі, калі затрыманы пачаў званіць блізкім людзям. Па словах Сяргея, яму ніхто не прадстаўляўся і не тлумачыў, чаму затрымліваюць.
Пра ўмовы ў горадзенскім РАУС, дзе ён прабыў першыя гадзіны, кажа, што там непрыемна пахла. На першым допыце яму паабяцалі пад «слова афіцэра», што адпусьцяць у той жа вечар, калі ён добраахвотна дасьць паказаньні. Ноччу яму паведамілі, што ён зрабіў шкоду супрацоўніку міліцыі.
«Хаця ніякіх доказаў і сьведак не было, якія б гэта пацьвярджалі», — кажа Сяргей.
Раніцай наступнага дня Калмыкова перавезьлі ў горадзенскі ізалятар, у адзіночную камэру.
«Правяралі на кожным кроку, прымушалі цалкам разьдзявацца. Цалкам, без усяго адзеньня. Глядзелі там... Карацей, ня вельмі прыемныя адчуваньні, калі цябе ні за што разьдзяваюць, правяраюць, у кайданках водзяць», — успамінае гарадзенец.
Удзень 30 траўня яго разам зь іншымі перавезьлі ў Менск на Акрэсьціна. Зьмясьцілі ў часовае памяшканьне на некалькі гадзін. Там сьмярдзела, была адчыненая фортка, празь яе ліў дождж, было вельмі холадна. Потым перавялі ў халодную камэру.
«Я два дні нічога ня еў. Увечары мне прынесьлі прасяную кашу з рыбным фаршам. Я паспытаў, і спрацаваў рвотны рэфлекс. Я ўсё выкінуў у сьметніцу», — узгадвае Сяргей.
На Акрэсьціна шмат спаў, каб хутчэй прайшоў час. Чытаў кнігу пра вайну, хадзіў на шпацыр.
Пасьля прад’яўленьня абвінавачаньня на трэція суткі Калмыкова перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Думаў, што там умовы будуць горшыя, аднак адчуў сябе як дома. Быў прыязны «смотрящий» (галоўны ў камэры), які патлумачыў, як сябе паводзіць у новых умовах.
«Мяне там адразу напаілі гарбатай, зрабілі кашу, пачаставалі печывам, тым, што было, пакармілі», — узгадвае ён.
З «общака» хлопец узяў адзеньне, бо сваё ўжо было бруднае. Адзін з сукамэрнікаў стаў для Сяргея бізнэс-трэнэрам і трэнэрам па каратэ. Яны трэнаваліся падчас шпацыру. Так прыязна ставіліся да ўсіх новенькіх.
Пра большасьць затрыманых, з кім давялося сядзець, хлопец кажа як пра разумных, годных людзей. Аднаго мужчыну пасадзілі на 2 гады, бо ўладкаваў да сябе на працу сваякоў. Некалькі маладзёнаў мелі па 9–11 гадоў за наркотыкі. Па «народным артыкуле» сядзеў і сталы мужчына за 60 гадоў. Адным з «суседзяў» быў дырэктар прыватнай фірмы.
Раней Сяргей ня меў ніякіх судзімасьцяў, штрафаў. Калі ён выйшаў зь СІЗА, на яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за тое, што не падпарадкоўваўся міліцыі пры затрыманьні і нецэнзурна лаяўся. Суд Ленінскага раёну Горадні 19 чэрвеня вярнуў справы ў РАУС на дапрацоўку.
«Будзеш маёй жонкай?»
Калмыкова нечакана выпусьцілі зь СІЗА 5 чэрвеня. Ён застаўся абвінавачаным па справе. Неўзабаве хлопец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Ірыне, якая перад гэтым шмат расказвала мэдыя, што ейны хлопец ня ўдзельнічаў у тузаніне і нічога кепскага на плошчы не рабіў.
У адзін з ранкаў пасьля вызваленьня Сяргей проста запытаўся ў Ірыны: «Будзеш маёй жонкай?». Кажа, што ўбачыў у дзяўчыне патэнцыял на будучыню.
«Убачыў самаахвярнасьць з боку Ірыны, гатоўнасьць за мяне змагацца і шчырае пачуцьцё любові», — прызнаецца Сяргей.
Вясельле зь белай сукенкай і гасьцямі яны плянуюць пазьней. Цяпер проста расьпісаліся, зрабілі прыгожыя фота і паехалі на возера смажыць шашлыкі.
Што яшчэ адседка зьмяніла ў жыцьці
Сяргей кажа, што пасьля адседкі ён ужо гатовы да ўсяго і не баіцца. Яго загартавалі заняткі спортам: вольнай барацьбой, каратэ, лёгкай атлетыкай.
Перажывае за бабулю, у якой таксама рабілі ператрус, забралі старэнькі кампутар. У яе пасьля ператрусу некалькі дзён быў падвышаны ціск. Бабуля перастала верыць свайму ўнуку і думае, што той — злачынца.
Да таго ж хлопец перастаў размаўляць зь некаторымі сваякамі. Муж ягонай стрыечнай сястры працуе ў АМАП. У той дзень 29 траўня ён стаяў за некалькі мэтраў ад Сяргея і мог бачыць яго затрыманьне.
Першыя грошы зарабіў у 4 гады
Сяргей кажа, што ў яго было нялёгкае дзяцінства. Выхоўвалі яго пераважна бабулі і дзядулі. Бацька адседзеў за «перавышэньне абароны». Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Потым тата аднавіў свае бацькоўскія правы. З усімі сваякамі Сяргей цяпер падтрымлівае добрыя адносіны. Галоўнай сваёй выхавацелькай лічыць бабулю па бацьку Еву.
Першыя грошы зарабіў у 4 гады — хадзіў у грыбы, ягады. За ягоны заробак можна было набыць цэлы пакет ежы. Тады ж навучыўся пасьвіць і даіць каровы, даглядаць гаспадарку. Умее гатаваць усё, «як звычайная гаспадыня», але найбольш любіць мяса. Праўда, цяпер кухня на Ірыне.
Сяргей вучыўся на тэхніка-мэханіка машынабудаўнічага абсталяваньня, але кінуў, бо зразумеў, што «не яго». Пазьней вывучыўся на будаўніка. Пакуль афіцыйна не працуе. Вядзе свой праект у сацыяльных сетках, дзе дапамагае гарадзенцам знайсьці працу. Цяпер у яго каля 10 тысяч падпісчыкаў. У будучыні Сяргей з Ірынай плянуюць зьехаць жыць за мяжу. Пакуль, кажуць, самае галоўнае — перажыць суды.