Агляд падзеяў — у матэрыяле тэлеканалу «Настоящее время».
26 красавіка Маскоўскі гарадзкі суд разгледзіць пазоў пракуратуры, якая патрабуе прызнаць паплечнікаў Навальнага экстрэмістамі: на думку нагляднага ведамства, Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) і штабы палітыка ў розных рэгіёнах Расеі «пад прыкрыцьцём лібэральных лёзунгаў займаюцца фармаваньнем умоваў для дэстабілізацыі сацыяльнай і грамадзка-палітычнай сытуацыі». Матэрыялы ў пазове абвешчаныя «сакрэтнымі», таму суд будзе закрытым.
Але па супрацоўнікаў штабоў Навальнага прыйшлі яшчэ да мітынгаў і суду. З пачатку красавіка ў адных рэгіёнах праходзяць ператрусы, затрыманьні і нават арышты, у іншых праводзяцца «гутаркі» і паведамляецца аб дзіўных здарэньнях накшталт зламаных батарэй і намаляваных на сьцяне свастык.
Котлас
У Котласе Архангельскай вобласьці напярэдадні акцыі паліцыя затрымала прыхільніка Навальнага Уладзіміра Котава — за арганізацыю масавага мерапрыемства. Котава пакінулі ў аддзеле паліцыі да суду. Пры гэтым у Котласе не плянавалі праводзіць мітынг 21 красавіка.
Волагда
Паліцыя затрымала каардынатара руху «Вместе» Яўгена Дамажырава. Перад затрыманьнем яму прынесьлі папярэджаньне «аб захаваньні парадку і арганізацыі правілаў публічнага мерапрыемства». Яго абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу ў Волагдзе 21 красавіка. Дамажырава затрымалі пасьля таго, як супрацоўнікі спынілі аўтамабіль, у якім ён ехаў з жонкай. Яго сына Максіма Дамажырава, які вёў стрым аб затрыманьні бацькі, таксама затрымалі. Яму інкрымінуюць непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўніка паліцыі. Бацьку і сына пакінулі ў аддзеле паліцыі на ноч.
Ноўгарад
У Ноўгарадзе мясцовую жыхарку затрымалі пасьля таго, як яна задала пытаньне ў групе каманды Навальнага. Жанчына спытала, як будзе праходзіць мерапрыемствы. Паліцэйскія абвінавацілі яе ў арганізацыі мітынгу.
Белгарад
Да каардынатара штабу Навальнага Максіма Клімава 20 красавіка прыйшлі супрацоўнікі паліцыі. Каля пад’езду яны выставілі нарад ППС, адваката Максіма не адразу пусьцілі да яго кліента. Пазьней абаронца паведаміў, што пры затрыманьні да Клімава ўжылі сілу: ён увесь у сіняках. Актывісту пагражае да 30 дзён арышту.
Уладзімір
Івана Туманова з уладзімірскага штабу 19 красавіка затрымалі і адвезьлі ў аддзел паліцыі, каб скласьці на яго адміністрацыйны пратакол за ўдзел у акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага каля ВК-2 у Пакрове.
Валгаград
Каардынатар штабу ў Валгаградзе Яўген Качаргін 20 красавіка атрымаў 25 сутак арышту па артыкуле аб парушэньні правілаў правядзеньня масавай акцыі. Учора ўвечары яго затрымалі разам з супрацоўніцай штабу Марыяй Худаяравай, аднак яе пазьней адпусьцілі.
Варонеж
13 красавіка супрацоўніка штабу Навальнага ў Варонежы Андрэя Ахмэдулава затрымалі на выхадзе з друкарні з улёткамі і налепкамі. У аддзеле паліцыі на яго склалі пратакол аб забіраньні ўлётак «экстрэмісцкага зьместу».
У гэты ж дзень паліцэйскія прыйшлі ў варонескі штаб Навальнага. Паліцыянты канфіскавалі ўлёткі і іншыя рэчы, адмовіўшыся іх пералічыць. Каардынатарка штабу Софʼя Капіносава расказала, што паліцыянты канфіскавалі без пратаколу яе асабісты ноўтбук, а яе саму павезьлі ў аддзел для высьвятленьня асобы.
Іркуцк
Выканаўцу абавязкаў штабу ў Іркуцку Захара Сарапулава 15 красавіка затрымалі разам з двума валянтэрамі, пратрымалі дзьве гадзіны ў паліцыі і адпусьцілі без пратаколу.
«За сябе я магу сказаць, што працягну працу ў штабе Навальнага і пасьля прызнаньня гэтай структуры экстрэмісцкай. Натуральна, мы паспрабуем мінімізаваць рызыкі, зьмяніць юрыдычную асобу, брэнд. Але ў мяне няма ніякіх ілюзій, што нам дадуць нармальна працаваць з новай юрыдычнай асобай. Такога ня будзе», — сказаў Сарапулаў.
Кемерава
У штаб Навальнага ў Кемераве супрацоўнікі паліцыі прыйшлі 9 красавіка, канфіскавалі старыя ўлёткі і каля сотні значкоў.
Краснадар і Геленджык
Кіраўніка краснадарскага штабу Навальнага Анастасію Панчанку 15 красавіка затрымалі ў Геленджыку. Нейкі мужчына напісаў заяву ў паліцыю аб тым, што яна выкрыквала «антыпалітычныя выказваньні». Пасьля апытаньня Панчанку адпусьцілі.
19 красавіка актывістку штаба Марьям Дадашаву затрымалі за ролік у TikTok аб маючым адбыцца мітынгу ў падтрымку Навальнага і склалі на яе пратакол аб парушэньні правілаў арганізацыі акцыі. На наступны дзень Дадашаву арыштавалі на 8 сутак.
Курган
Аляксея Шварца, каардынатара штабу ў Кургане, супрацоўнікі паліцыі ў цывільным 20 красавіка сілай адвялі зь паліклінікі і запхнулі ў машыну. На яго склалі пратакол аб паўторным парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу, абвінаваціўшы ў арганізацыі акцыі прыхільнікаў Аляксея Навальнага.
Крыху больш чым за суткі да затрыманьня Шварца ў курганскі штаб Навальнага прыйшоў невядомы ў балаклаве і бахілах і зламаў батарэю. Адзін пакой заліло вадой.
Махачкала
Штаб Навального ў Махачкале абвясьціў пра сваё адкрыцьцё 11 красавіка і ўжо на наступны дзень каардынатары зьніклі. Пазьней высьветлілася, што Эдуарда Атаева павезьлі ў аддзел паліцыі ў Хасавюрт, а Мурада Манапава — у Ленінскі РАУС Махачкалы. Апошняга арыштавалі на двое сутак за дробнае хуліганства: Манапаў нібыта лаяўся матам у грамадзкім месцы.
Мурманск
9 красавіка Віялета Грудзіна, якая ўзначальвае штаб Навальнага ў Мурманску, знайшла ў паштовай скрыні ўлётку са сваім хатнім адрасам і абвінавачваньнямі ў бандытызьме і разбэшчваньні дзяцей. У гэты ж дзень супрацоўнікі штабу не змаглі ў яго трапіць: дзьверы былі залітая мантажнай пенай, таксама на ёй намалявалі свастыку. Пазьней унутры актывісты выявілі разгром, сапсаваную тэхніку, нарысаваныя паўсюль свастыкі і камэры відэаназіраньня зь перарэзанымі дротамі.
12 красавіка намесьнік Грудзінай Аляксандра Сурынава затрымалі ў аэрапорце Мурманску праз падазрэньне ў перавозцы наркотыкаў. Яго адвезьлі ў пастарунак, адкуль адпусьцілі пасьля надгляду асабістых рэчаў.
Ніжні Ноўгарад
Штаб Навальнага ў Ніжнім Ноўгарадзе 9 красавіка выселілі з памяшканьня: арэндадаўца скасаваў з актывістамі дамову. Па словах каардынатара штабу Рамана Трагубава, прадпрымальніка, які здаваў ім офіс, выклікалі да намесьніка губэрнатара вобласьці па ўнутранай палітыцы. Адразу пасьля скасаваньня дамовы ў офіс штабу прыйшлі паліцыянты, закрыліся ўнутры і канфіскавалі ўсё, што было ў памяшканьні.
Новасібірск
Новасібірскі штаб Навальнага 19 красавіка паведаміў аб часовым закрыцьці офісу для наведваньня. Пра аналягічныя рашэньні абвясьцілі штабы ў Санкт-Пецярбургу, Омску, Екацярынбургу.
Пенза
У пензенскі штаб Навальнага паліцыя прыйшла 15 красавіка — на наступны дзень пасьля таго, як актывісты напісалі ў сваіх сацсетках аб новых налепках і ўлётках, якія яны надрукавалі і рыхтуюцца распаўсюджваць. Актывісты паведамілі, што паліцыянтаў было восем, яны паводзілі сябе ветліва і забралі толькі па адной налепцы і ўлётцы.
«Налепкі, на якіх напісана „Свабоду ўсім!“ і „Расея будзе шчасьлівай“, будуць правяраць на экстрэмізм. Сказалі, што не разумеюць, ёсьць тут экстрэмізм ці не, трэба праверыць», — расказаў каардынатар штабу Антон Струнін.
Пермскі край
Юрыста пермскага штабу Навальнага Арцёма Файзуліна затрымалі 20 красавіка супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Яго павезьлі з офіса ў аддзяленьне паліцыі, а ўвечары арыштавалі на 13 сутак — нібыта за рэпост запісу аб мітынгу 21 красавіка.
Пскоў
Як і ў пензенскі штаб, да прыхільнікаў Навальнага ў Пскове супрацоўнікі паліцыі прыйшлі амаль адразу пасьля паведамленьня аб новых улётках і налепках. Гэта адбылося 15 красавіка. Сілавікі канфіскавалі ў штабе ўлёткі, налепкі, візытоўкі і ноўтбук. Каардынатар Аляксей Дарожкін адмовіўся ад удзелу ў «апытаньні», паведаміўшы, што прыйдзе ў аддзел паліцыі з адвакатам.
Растоў-на-Доне
У штаб Навальнага ў Растове-на-Доне паліцыянты спрабавалі трапіць у ноч на 11 красавіка: яны некалькі гадзін грукалі ў дзьверы і патрабавалі адчыніць, спасылаючыся на скаргі суседзяў. Праз тры дні каардынатарцы штабу Ксеніі Серэдкінай пракуратура даслала папярэджаньне з-за пастоў з патрабаваньнем свабоды для Аляксея Навальнага.
Санкт-Пецярбург
14 красавіка суд у Санкт-Пецярбургу арыштаваў кіраўніцу мясцовага штабу Навальнага Ірыну Фатьянаву на 10 сутак: яе абвінавацілі ў арганізацыі акцыі ў падтрымку палітыка 31 студзеня. За некалькі дзён да гэтага ў штабе супрацоўнікі паліцыі шукалі «экстрэмісцкія матэрыялы і піратэхнічныя сродкі».
Цьвер
19 красавіка каардынатара цьвярскога штабу Андрэя Пракудзіна затрымалі для «апытаньня» з нагоды ўлётак, а ў аддзяленьні склалі на яго пратакол аб непадпарадкаваньні паліцыі. 20 красавіка Пракудзіна арыштавалі на чацьвёра сутак.
Уфа
Ува Ўфе валянтэра штабу Навальнага затрымалі 14 красавіка, калі ён забіраў з друкарні ўлёткі, і абвінавацілі ў непадпарадкаваньні паліцыі (пазьней суд аштрафаваў яго). У сам штаб прыйшлі супрацоўнікі пракуратуры.
А на наступны дзень уфімскі штаб размалявалі невядомыя вандалы, выкарыстоўваючы балёнчык з фарбай, а замок залілі клеем, паведамілі актывісты.
Чалябінск
Замок у дзьвярах залілі клеем і ў чалябінскім штабе Навальнага. З гэтай прычыны памяшканьне давялося ўзломваць, калі 19 красавіка туды зь ператрусам прыйшлі паліцыянты.