Сусьветна знаныя дзеячы культуры падпісалі адкрыты ліст да прэзыдэнта Расеі з заклікам гарантаваць мэдычную дапамогу апазыцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму. Тэкст ліста апублікавала газэта Le Monde.
Сярод падпісантаў —
- Нобэлеўскія ляўрэаты па літаратуры: Сьвятлана Алексіевіч,
- Люіза Глюк,
- Джон Кутзее,
- Грэта Мюлер,
- Архан Памук.
- Франтмэн Radiohead Том Ёрк.
- Ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі Арт Шпігельман.
- Акторы: Стывэн Фрай,
- Бэнэдыкт Камбэрбэтч,
- Дэвід Духоўны,
- Джуд Лоў.
- Пісьменьнікі: Том Стопард,
- Джон Роўлінг,
- Майкл Канінгэм,
- Салман Рушдзі,
- Патрык Зюскінд.
Таксама з адкрытым лістом выступілі лекары Навальнага. У пятніцу вечарам яны зьвярнуліся да дырэктара Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Аляксандра Калашнікава з просьбай тэрмінова дапусьціць іх да Навальнага ў калёнію.
Лекары кажуць, што ягоны стан імкліва набліжаецца да крытычнага, пра што сьведчыць адмоўная дынаміка лябараторных дасьледаваньняў.
31 сакавіка расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, які адбывае тэрмін зьняволеньня ў папраўчай калёніі № 2 гораду Пакроў Уладзімірскай вобласьці Расеі, абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем «выканаць закон» і пусьціць да яго «запрошанага лекара».
«Я маю права запрасіць лекара і атрымаць лекі. Ні аднаго, ні другога мне тупа не даюць. Боль у сьпіне перайшла ў нагу. Участкі правай, а цяпер і левай нагі страцілі адчувальнасьць. Жарты жартамі, але гэта ўжо напружвае», — заявіў ён.
Апазыцыянэр адзначыў, што замест мэдычнай дапамогі яго катуюць «пазбаўленьнем сну», гэта значыць «будзяць восем разоў за ноч», і што іншых мэтадаў барацьбы, акрамя абвяшчэньня галадоўкі, у калёніі няма. «Так што ляжу галодны, але пакуль зь дзьвюма нагамі», — рэзюмаваў Навальны.
Аляксея Навальнага затрымалі 17 студзеня 2021, адразу пасьля яго вяртаньня з Бэрліну, дзе ён лячыўся пасьля атручваньня. Суд арыштаваў яго на патрабаваньне ФСВП, а 2 лютага ў будынку Масгарсуду Сіманаўскі суд зьмяніў палітыку ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальны. У рашэньні суду сказана, што Навальны нібыта некалькі разоў не зьяўляўся ў інспэкцыю адзначацца, што было варункам прызначэньня яму ўмоўнага тэрміну. Палітыку прызначылі тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.