«Я падпішу ўказ аб спыненьні сэксуальнага калечаньня дзяцей, адмоўлюся ад трансгендэрнай палітыкі ў войску і ў нашых пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школах», — заявіў Трамп на мерапрыемстве для маладых кансэрватараў у Фэніксе, штат Арызона, Яго словы цытуе AFP.
Таксама абраны прэзыдэнт ЗША паабяцаў «не дапускаць мужчын у жаночы спорт», дадаўшы, што «ўрад Злучаных Штатаў афіцыйна будзе прызнаваць толькі два полы — мужчынскі і жаночы».
На мінулым тыдні, калі Кангрэс ЗША, які кантралююць рэспубліканцы, зацьвердзіў гадавы абаронны бюджэт, у яго было ўключанае палажэньне, якое блякуе фінансаваньне некаторых відаў дапамогі для дзяцей трансгендэрных людзей, якія служаць у войску.
Выступаючы на канфэрэнцыі AmericaFest, Дональд Трамп таксама паабяцаў жорсткія меры супраць «злачыннасьці з боку мігрантаў» і паўтарыў свае абяцаньні аднавіць кантроль ЗША над Панамскім каналам з прычыны высокіх тарыфаў на праход амэрыканскіх судоў.
Прэзыдэнт Панамы Хасэ Рауль Мулін у адказ заявіў, што «кожны мэтар Панамскага каналу належыць Панаме, так і будзе». Сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны ня могуць быць прадметам абмеркаваньня, дадаў Мулін.
У сваёй прамове Трамп выступіў з праграмай свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну, скрытыкаваўшы прэзыдэнта Джо Байдэна і віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс.
«20 студзеня Злучаныя Штаты назаўжды перагорнуць старонку чатырох доўгіх, жудасных гадоў няўдачаў, некампэтэнтнасьці, нацыянальнага заняпаду, і мы адкрыем новую эру міру, росквіту і нацыянальнай велічы, — сказаў Трамп. — Я спыню вайну ва Ўкраіне. Я спыню хаос на Блізкім Усходзе і прадухілю, абяцаю, Трэцюю сусьветную вайну».
Пры адміністрацыі Джо Байдэна ў кастрычніку 2021 году ў ЗША ўпершыню пачалі выдаваць амэрыканскія пашпарты з гендэрным маркерам «X». Пашпарты з такой адзнакай прызначаныя для небінарных людзей, інтэрсэкс-людзей і гендэрна-неканформных людзей. Жыхары Н'ю-Ёрку атрымалі права ўказваць у сваіх асабістых дакумэнтах трэці — «нявызначаны» пол, акрамя мужчынскага і жаночага, у 2018 годзе.
Форум