Тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва за першы квартал вырасьлі на 3,2%, тэрміновыя валютныя дэпазыты зьменшыліся на 4,3%, сьведчыць статыстыка Нацыянальнага банку.
У грашовым вымярэньні тэрміновыя валютныя дэпазыты насельніцтва ў студзені-сакавіку скараціліся на 200,7 млн даляраў да 4,439 млн даляраў па стане на 1 красавіка. У той жа час тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва вырасьлі на 145,7 млн рублёў да 4,678,3 млн рублёў.
Па дадзеных камэрцыйных банкаў, беларусы ў 2021 годзе цікавяцца ў асноўным кароткатэрміновымі рублёвымі дэпазытамі, да трох месяцаў.
«Рабочыя стаўкі ад 17%», — паведаміў БелаПАН топ-мэнэджар аднаго з банкаў.
Стаўкі па валютных дэпазытах застаюцца на нізкім узроўні (1,25% гадавых у выпадку разьмяшчэньня дэпазыту на тэрмін да году і 2,3% гадавых — па валютных дэпазытах на тэрмін звыш году).
Беларускія эканамісты мяркуюць, што з улікам ставак на рынку адтоку рублёвых дэпазытаў назірацца ня будзе, але магчымы далейшы адток валютных укладаў.
На думку экспэртаў, павялічыць валютныя дэпазыты ў банкаўскай сыстэме будзе цяжка ня толькі з прычыны нізкай прыбытковасьці такіх укладаў, але і па палітычных прычынах.
«Без кардынальнага паляпшэньня палітычнай сытуацыі ў краіне казаць аб поўным вяртаньні валютных дэпазытаў, якія пакінулі банкаўскую сыстэму летась, не выпадае», — лічыць аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха.
У 2020 годзе на фоне палітычных падзей тэрміновыя валютныя дэпазыты ў банкаўскай сыстэме скараціліся на чвэрць, тэрміновыя рублёвыя ўклады фізычных асоб — больш чым на 10%.