Праблемы з працай сайтаў і сацыяльных сетак, а таксама відэаслужбы YouTube фіксаваліся па ўсёй Беларусі і доўжыліся некалькі гадзін. Пры выкарыстаньні VPN усе старонкі працавалі.
Доступ у інтэрнэт аднавіўся прыкладна ў 2:30–3:00.
Папярэдні раз перабоі з працай сеціва ў Беларусі былі ў навагоднюю ноч, падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Тады праблемы пачаліся ў 23:43, трансьляцыя выступу дэмакратычнай лідэркі на YouTube і іншых плятформах вялася з 23:48 да поўначы, цяжкасьці з доступам спыніліся ў 0:28, ужо пасьля навагодняга звароту. На працягу 45 хвілін хуткасьць інтэрнэту была зьніжаная, у YouTube можна было трапіць толькі праз VPN. Праблемы з доступам у інтэрнэт назіраліся і ў папярэднюю навагоднюю ноч.
Інтэрнэт у Беларусі асабліва жорстка блякаваўся ў дзень выбараў 9 жніўня 2020 году і тры наступныя дні (а таксама моцна запавольваўся пазьней, падчас нядзельных масавых акцый). Незалежным СМІ стала вядома пра гэта загадзя ад крыніц у органах улады.
Аднак ужо 10 жніўня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з выканаўчым сакратаром СНД, кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым адмаўляў сваё дачыненьне да блякаваньня, заявіўшы, што «нават з-за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасьць у насельніцтва».
«Цяпер нашы адмыслоўцы разьбіраюцца, адкуль ідзе гэтае блякаваньне. Таму, калі інтэрнэт дрэнна працуе, гэта ня наша ініцыятыва, гэта з-за мяжы», — сказаў тады ён.
Словы аказаліся хлусьнёй. Бо ўжо на сустрэчы са студэнтамі ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце 22 лістапада 2024 году Лукашэнка прызнаў сваю прамую датычнасьць да блякаваньня інтэрнэту ў жніўні 2020 году, якую тады публічна адмаўляў, успамінае «Позірк».
«Калі гэта паўторыцца, адключым наагул, — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе акцыі пратэсту чатырохгадовай даўнасьці супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на яго карысьць. — Скажу шчыра, што гэта практычна заўсёды, асабліва на пачатковых стадыях, было з майго дазволу. Калі ў цябе дзьве праблемы, ты пачынаеш узважваць, што важней. Я бачыў, натуральна, далей, чым вы. (…) На гэтых шалях была краіна».
Чарговыя прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 26 студзеня 2025 году. Яны традыцыйна праходзяць у атмасфэры несвабоды. Шэраг грамадзкіх арганізацыій і палітычных партый забароненыя ў краіне судом, а сотні апанэнтаў рэжыму Лукашэнку пасаджаныя ў турму альбо выціснутыя ў эміграцыю. Участкаў для галасаваньня за мяжой ня будзе, як і на парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі раней.
Форум