Аказалася, што на канец 2019 году каля 30 краінаў, якія разьвіваюцца, былі вінныя Раcеі амаль 22,9 мільярда даляраў па двухбаковых пазыках (пазыкі саміх дзяржаў або юрыдычных асоб, гарантаваныя дзяржавамі). Самая вялікая запазычанасьць перад Расеяй — у Беларусі, яна вінная Расеі 8,1 мільярда даляраў на канец 2019 году. У сьнежні 2020 году Расея выдзеліла Беларусі яшчэ адзін крэдыт на адзін мільярд даляраў.
У сьпісе найбуйнейшых даўжнікоў таксама Банглядэш (2,4 мільярда даляраў), Вэнэсуэла (1,8 мільярда), Індыя (1,7 мільярда), Віетнам (1,6 мільярда), Емэн (амаль 1,1 мільярда), Аўганістан (849 мільёнаў), Сэрбія (769 мільёнаў), Украіна (606 мільёнаў), Сырыя (525 мільёнаў даляраў). Акрамя гэтага, Расеі вінныя афрыканскія краіны, акрамя Эгіпту: усяго 973 мільёны даляраў на канец 2019 году. У сьпіс уваходзяць Самалі (418 мільёнаў даляраў), а таксама Мазамбік, Этыёпія, Мадагаскар, Замбія, Судан і Танзанія. Многія зь іх бралі крэдыты яшчэ ў СССР.
Навошта Расея раздала гэтулькі грошай краінам, якія разьвіваюцца, і ці ёсьць у Крамля магчымасьць іх вярнуць? Пра гэта тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з эканамістам Сяргеем Хястанавым, дарадцам па макраэканоміцы генэральнага дырэктара кампаніі «Адкрыты брокер» і дацэнтам Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы.
— Калі казаць канкрэтна, напрыклад, аб запазыках Беларусі: гэта эканоміка ці палітыка?
— Усе крэдыты сувэрэнным дзяржавам можна падзяліць на дзьве вялікія групы. Першая — гэта чыста камэрцыйныя крэдыты, як правіла, зьвязаныя з экспартам расейскай прадукцыі. Другая — крэдыты, якія даюцца для падтрыманьня ўплыву. Прыклад Беларусі, напэўна, — гэта ўсё ж такі клясычны прыклад другога роду, а менавіта крэдыт, які даецца для таго, каб узмацніць уплыў Расеі на нейкія элемэнты беларускай палітыкі.
Калі зьвярнуцца да гістарычнага досьведу, дык Савецкі Саюз таксама дзесяцігодзьдзямі выдаваў такога тыпу крэдыты. Большая іх частка потым, празь дзесяцігодзьдзі, банальна сьпісвалася.
— Так, тут, напэўна, самы яркі прыклад — гэта Куба, якая да гэтага часу, па-мойму, нічога наогул не вярнула.
— Ня толькі Куба. На самой справе, гэта дзясяткі краінаў Азіі, Афрыкі, то бок гэта настолькі шматлікія прыклады, што назваць усё досыць цяжка.
У той жа час сярод пералічаных Сусьветным банкам крэдытаў ёсьць і крэдыт, які ўвогуле, напэўна, чыста камэрцыйны. Гэта крэдыт на пабудову атамнай электрастанцыі ў Банглядэш. І, хутчэй за ўсё, гэты праект даволі пасьпяхова будзе рэалізаваны, і потым дзесяцігодзьдзямі будзе брацца пэўная плата, якая будзе выплачвацца за кошт продажу электраэнэргіі, якая будзе вырабляцца на электрастанцыі. Гэта прыклад тыпова камэрцыйнага крэдыту, тут цяжка ўгледзець нейкую чыста палітычную кампанэнту.
А вось Беларусь — гэта хрэстаматыйны прыклад, які вельмі добра ілюструецца чыста савецкім вопытам.
— Сацыёлягі кажуць, што такая «бязвыплатная дапамога» выклікае ў грамадзян Расеі нейкае раздражненьне. Наколькі правільна грамадзяне да гэтага ставяцца?
— Тут усё таксама досыць цікава. Псыхалягічна, натуральна, напэўна, большасьці грамадзян гэтая ідэя не падабаецца. У Расеі больш за 20 мільёнаў чалавек жывуць за рысай беднасьці. І на гэтым фоне раздача грошай дзеля дасягненьня нейкага павелічэньня ўплыву Расеі ў сьвеце сапраўды падтрымкай сярод народу не карыстаецца.
Але аб’ектыўна трэба ўсё ж такі адзначыць, што памер гэтых сродкаў зусім невялікі ў параўнаньні з тымі фінансавымі магчымасьцямі, якімі валодае Расея. Напрыклад, толькі міжнародныя рэзэрвы Цэнтральнага банку Расейскай Фэдэрацыі — звыш 500 мільярдаў даляраў. На гэтым фоне сума ў 23 мільярды даляраў не выглядае вялікай. То бок гэта ў маштабах фінансаў расейскай дзяржавы дастаткова сьціплая сума. Ня варта ўспрымаць так, што гэта нейкая значная трата, якая здольная моцна паўплываць на стан рэчаў у расейскай дзяржаве.
— Зь Беларусьсю, Сырыяй і Банглядэш мы разабраліся, а вось Віетнам і Емэн — гэта вось што? Ёсьць нейкае разуменьне, на што выдаюцца гэтыя грошы?
— Пра Емэн мне цяжка наўскідку сказаць, а Віетнам, увогуле, дастаткова пасьпяхова разьвіваецца, мае добрую дынаміку эканамічнага росту. Дарэчы кажучы, вельмі добра прайшоў пандэмію, у тым сэнсе, што віетнамская эканоміка пацярпела прыкметна менш, чым многія іншыя, і ўзровень захворваньня там вельмі нізкі. Таму, хутчэй за ўсё, Віетнам якраз свой крэдыт цалкам верне: там якраз нейкіх падвохаў або праблемаў зусім не праглядаецца.
— Ёсьць шанец, што ўсе гэтыя крэдыты наогул калі-небудзь будуць вернутыя Расеі? Ці Расея за нешта іх зноў даруе?
— Зноў жа, зьвяртаючыся да савецкай статыстыкі, напэўна, можна меркаваць, што 90% крэдытаў такога тыпу вернутыя ня будуць. За рэдкім-рэдкім выключэньнем вялікая частка сацыялістычных краінаў і краінаў сацыялістычнай арыентацыі крэдыты не вярнулі.
Сапраўды, вялікая частка гэтых крэдытаў не вяртаецца, і з часам яны банальна сьпісваюцца, проста таму, што выдаткі на ўлік і вядзеньне гэтай бухгальтэрыі могуць перавысіць любыя разумныя пэрспэктывы вяртаньня. На жаль, калі крэдыт даецца на нейкай падставе, якая хоць колькі-небудзь адрозьніваецца ад разумнага камэрцыйнага сэнсу, надзеі яго вярнуць выглядаюць прывідна.