Па дадзеных Нацбанку, у сакавіку 2021 году рэзка вырасла колькасьць беларусаў, якія лічаць, што кошты за апошнія 12 месяцаў вырасьлі «вельмі моцна».
77,9% апытаных Нацбанкам лічаць, што ў бліжэйшыя 12 месяцаў цэны будуць павялічвацца хутчэй, чым цяпер, ці гэтак жа інтэнсіўна. У лістападзе 2020 так лічылі 75,6%. Астатнія апытаныя лічаць, што рост цэнаў на тавары і паслугі замарудзіцца. Стала заўважна больш тых, хто мяркуе, што кошты за апошнія 12 месяцаў вырасьлі «вельмі моцна»: 41,4% у сакавіку супраць 35,8% у лістападзе.
У лютым гадавая інфляцыя паказала рост на 8,7%.
Беларусы захоўваюць зьберажэньні па-ранейшаму часьцей за ўсё гатоўкай «пад падушкай» — 31,6% ад усіх апытаных. Пры гэтым за гэтыя тры месяцы крыху больш стала тых, хто дзеля захаваньня зьберажэньняў адносіць грошы на банкаўскія дэпазыты. Перавагу ўкладам аддаюць 11,8%.
Зьберажэньні ў нерухомасьць сталі аддаваць менш людзей — 31,6%, што на тры працэнтныя пункты меней, чым на апошнім кантрольным адрэзку.
Стала больш беларусаў, якія лічаць, што зараз спрыяльны час для буйных пакупак. Зрэшты, больш за 40% паказалі, што за апошнія месяцы не рабілі буйных пакупак. 21,5% патраціў буйныя сумы на бытавую тэхніку.
Нацбанк публікуе апытаньні па інфляцыйных чаканьнях насельніцтва зь лістапада 2017 году.