Калектыў АТА «Горадзенская тытунёвая фабрыка» накіраваў зварот на імя старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова і начальніка УУС аблвыканкаму Вадзіма Сіняўскага.
У звароце пішуць, што прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня прайшлі са шматлікімі парушэньнямі, сярод якіх масавы нядопуск на ўчасткі для галасаваньня незалежных назіральнікаў, несупадзеньне зьвестак назіральнікаў і выбаркамаў пра датэрміновае галасаваньне, адмова ў доступе назіральнікам на працэдуру падліку галасоў, адсутнасьць выніковых пратаколаў для ўсеагульнага азнаямленьня і г. д.
Гэтыя ды іншыя факты выклікалі законную незадаволенасьць выбарнікаў і масавыя мірныя акцыі па ўсёй краіне. А ў адказ пратэстоўцы атрымалі неапраўданую жорсткасьць сілавікоў.
«Нам балюча глядзець, што адбываецца ў Беларусі, — гаворыцца ў звароце. — Страшна ўвечары выйсьці на вуліцу, ісьці на працу і вяртацца дадому. Мы баімся за свае жыцьці і жыцьці нашых дзяцей. Баімся, што можам не пабачыць калегаў на працы. Баімся сілавікоў, якія лютуюць супраць уласнага народу. Таму заклікаем спыніць беспадстаўны перасьлед і фізычны гвалт. Хопіць выкарыстоўваць зброю супраць безабаронных людзей, калечыць кулямі і дручкамі, фабрыкаваць ілжывыя абвінавачаньні».
Калектыў фабрыкі падрыхтаваў сьпіс патрабаваньні з 12 пунктаў, у іх ліку:
- адстаўка дзейнай улады, Аляксандра Лукашэнкі і ўраду, правядзеньне сумленных выбараў;
- празрыстае і зразумелае абвяшчэньне вынікаў галасаваньня;
- павага правоў грамадзян і выкананьня Канстытуцыі;
- вызваленьне ўсіх затрыманых грамадзян без ужываньня штрафных санкцый;
- абнародаваньне выніковых пратаколаў усіх участковых выбаркамаў вобласьці;
- неўжываньне санкцый з боку уладаў і фабрыкі да пацярпелых работнікаў;
- доступ да інфармацыі прадстаўнікам СМІ, незалежна ад наяўнасьці акрэдытацыі.
Іншыя патрабаваньні тычацца дзейнасьці прадпрыемства.
Патрабаваньні аб спыненьні гвалту супраць мірных грамадзян павінны быць выкананыя неадкладна, канстатуецца ў звароце.
Адказ аб прынятых рашэньнях па выкладзеных пунктах падпісанты патрабуюць агучыць цягам трох дзён. У іншым выпадку супрацоўнікі далучацца да бестэрміновага агульнанацыянальнага страйку.