Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы ўхваліў дэнансацыю дамовы зь Беларусьсю аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня


Вільня. Архіўнае фота
Вільня. Архіўнае фота

Раней Літва дэнансавала пагадненьні аб мытным супрацоўніцтве зь Беларусьсю і Расеяй.

Урад Літвы ўхваліў падрыхтаваны Міністэрствам фінансаў гэтай краіны законапраект, якім прапануецца дэнансаваць дамову паміж Літвой і Беларусьсю аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і фіскальных парушэньняў, паведаміла прэс-служба ўраду краіны.

«Улічваючы працягваньне дапамогі Беларусі Расеі, яе ваенную агрэсію супраць Украіны і грубае парушэньне міжнароднага права, а таксама той факт, што Сейм ужо дэнансаваў аналагічную дамову з Расеяй, прапануецца дэнансаваць дамову зь Беларусьсю», — сказала намесьніца міністра фінансаў Рута Бількшціце, яую цытуе Позірк.

Паведамляецца, што Літва ўжо некалькі гадоў «практычна не супрацоўнічае зь Беларусьсю і не абменьваецца інфармацыяй у падатковых мэтах».

Згодна з дамовай аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і фіскальных парушэньняў, любы з дагаворных бакоў можа спыніць яго дзеяньне, накіраваўшы пісьмовае паведамленьне другому боку па дыпляматычных каналах ня менш як за шэсьць месяцаў да заканчэньня любога каляндарнага году.

12 лістапада Сейм Літвы прыняў рашэньне дэнансаваць пагадненьне паміж урадамі Літвы і Беларусі аб супрацоўніцтве ў барацьбе з мытнымі злачынствамі.

25 верасьня ўрад Літвы ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты прававых актаў аб дэнансацыі пагадненьняў аб мытным супрацоўніцтве зь Беларусьсю і Расеяй.

16 верасьня паведамлялася, што прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм прапанову аб дэнансацыі трох дамоваў з Расеяй і Беларусьсю, якія тычацца эканамічнага супрацоўніцтва.

Наўседа прапанаваў, як і анансавалася, скасаваць дамову аб заахвочваньні і абароне інвэстыцый, падпісаную ўрадамі Літвы і Беларусі 5 сакавіка 1999 году ў Менску, аналягічную дамову з Расеяй, падпісаную 29 чэрвеня 1999 году ў Маскве, і дамову аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і аб перадухіленьні фіскальных парушэньняў, падпісаны з Расеяй у той жа час.

24 верасьня Сейм Літвы ўхваліў у першым чытаньні дэнансацыю гэтых дамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG