Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве зьняпраўдзілі заявы аб намеры стварыць ядзерную зброю ў выпадку скарачэньня дапамогі Захаду


Прэсаы сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі. Архіўнае фота
Прэсаы сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі. Архіўнае фота

У кастрычніку Ўладзмір Зяленскі назваў ядзерную зброю альтэрнатывай сяброўству ў NATO.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што краіна ня мае намераў ствараць ядзерную зброю.

«Украіна выконвае ДНЯЗ (дагавор аб непашырэньні ядзернай зброі. — РС); мы ня маем, не распрацоўваем і ня маем намеру ствараць ядзерную зброю. Украіна цесна супрацоўнічае з МАГАТЭ і зьяўляецца цалкам празрыстай для маніторынгу, што ўключае выкарыстаньне ядзерных матэрыялаў у вайсковых мэтах», — напісаў прэсавы сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі на плятформе Х.

Брытанскае выданьне The Times паведаміла з спасылкай на дакумэнт, падрыхтаваны для Міністэрства абароны Ўкраіны, што Ўкраіна цягам месяцаў можа распрацаваць элемэнтарную ядзерную зброю, падобную на тую, якую ЗША скінулі на Нагасакі ў 1945 годзе, каб спыніць Расею ў выпадку, калі Вашынгтон скароціць вайсковую дапамогу.

Згодна з публікацыяй, ва ўмовах вайны, калі ва Ўкраіны няма часу на будаўніцтва і эксплюатацыю вялікіх аб’ектаў, неабходных для ўзбагачэньня ўрану, давялося б разьлічваць на выкарыстаньне плютонію, здабытага з адпрацаваных паліўных стрыжняў украінскіх ядзерных рэактараў.


У кастрычніку на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, расказваючы пра сваю размову з Дональдам Трампам, на той момант кандыдатам у прэзыдэнты ЗША, заявіў, што Ўкраіне для абароны патрэбна або ядзерная зброя, або сяброўства ў NATO. Зяленскі тады падкрэсьліў, што Ўкраіна выбірае NATO, а не ядзерную зброю.

Пасьля гэтага нямецкае выданьне BILD паведаміла, што нібыта ўлада Ўкраіны сапраўды сур’ёзна разглядае магчымасьць аднаўленьня запасаў ядзернай зброі. Выданьне спасылалася на заяву неназванага высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка, паводле якога, Украіна ня зьмірыцца з другім наступам расейскіх войскаў на Кіеў і ў гэтым выпадку будзе аднаўляць украінскі ядзерны арсэнал, ад якога краіна добраахвотна адмовілася ў 1990-я гады пры падпісаньні Будапэшцкага мэмарандуму.

«У нас ёсьць матэрыялы, у нас ёсьць веды. Калі будзе загад, нам спатрэбіцца толькі некалькі тыдняў, каб атрымаць першую бомбу», — заявіў гэты ўкраінскі чыноўнік.

У МЗС Украіны тады таксама назвалі такія паведамленьні інсынуацыямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG