Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэрах затрыманых у «справе Ціханоўскага» прайшлі ператрусы


Праваабаронцам «Вясны» стала вядома імя яшчэ аднаго затрыманага ў сувязі з крымінальнай справай аб гвалце да міліцыянтаў на пікеце ў Горадні: Васіль Баброўскі. Таксама стала вядома пра першыя ператрусы.

Увечары 1 чэрвеня ператрус правялі ў кватэры аднаго з затрыманых Уладзімера Навуміка, канфіскавалі ноўтбук і флэш-карты. Праваабаронцам вядома таксама пра ператрусы ў Яўгена Разьнічэнкі, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага.

Невядомыя людзі забралі адну з машын, на якіх у Горадню прыехала каманда Ціханоўскага. Уладальнік машыны Ўладзімер Кузьняцоў напісаў заяву пра згон аўто.

Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохдзённы тэрмін ад моманту затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і 7 ягоных паплечнікаў у Горадні. Усіх іх затрымалі ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), яны знаходзяцца ў менскім ізалятары.

Пасьля сканчэньня трох сутак на волю ніхто ня выйшаў, з чаго праваабаронцы «Вясны» робяць выснову, што тэрмін утрыманьня пад вартай падоўжаны да 10 сутак. Цягам гэтага часу ім мусяць выставіць абвінавачаньні або вызваліць.

29 траўня ў Горадні падчас пікету, на якім зьбіралі подпісы грамадзян за прэтэндэнтку на найвышэйшую пасаду Сьвятлану Ціханоўскую, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 чалавек.

Затрыманьне адбылося пасьля таго, як некалькі жанчын спрабавалі стварыць канфліктную сытуацыю. Інцыдэнт скончыўся ўмяшаньнем міліцыі, дэманстратыўным падзеньнем аднаго праваахоўніка на зямлю і зьяўленьнем байцоў АМАП. Частку затрыманых пазьней вызвалілі.

30 траўня Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам у Горадні распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Тады стала вядома, што Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых перавезьлі ў Менск.

31 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай аб прызнаньні Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволеным. Праваабаронцы патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго, а таксама вызваліць іншых затрыманых у Горадні грамадзян.

1 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне ўдзельнікаў каманды «Страна для жизни» Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна. Сярогіна пазьней адпусьцілі, а Сакаў затрыманы на 3 сутак у межах крымінальнай справы.

Сьпіс затрыманых у межах крымінальнай справы паводле арт. 364 КК Беларусі

1. Ціханоўскі Сяргей
2. Разьнічэнка Яўген
3. Фурманаў Зьміцер
4. Навумік Уладзімер
5. Ушак Вяргілій
6. Арановіч Аляксандар
7. Калмыкоў Сяргей

8. Баброўскі Васіль
9. Сакаў Арцём (знаходзіцца ў ІЧУ Горадні)

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG