Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такое адчуваньне, што ўвесь гарнізон быў на плошчы. Былы амапавец пра затрыманьне Ціханоўскага


Уладзімер Кніга
Уладзімер Кніга

Гарадзенец Уладзімер Кніга, які раней служыў у АМАПе, расказаў, што адбывалася на Савецкай плошчы 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага.

Цяпер Кнігу трымаюць у СІЗА № 1 у Менску. 30 чэрвеня яго праз Skype судзілі за дробнае хуліганства на пікеце 29 траўня. Затрымалі яго на іншым пікеце 4 чэрвеня. А пратакол склалі 7 чэрвеня.

Сьцісла пра Ўладзімера Кнігу

  • Адзін з 9 фігурантаў «справы Ціханоўскага».
  • 39 гадоў, жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей, адзін зь іх інвалід.
  • Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза.
  • Раней служыў у АМАПе.
  • Не давучыўся на юрыста, бо, кажа, «камусьці стаў не даспадобы ў 2012 годзе».
  • У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. На сёньня тая судзімасьць пагашаная.
  • Сёлета быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

Паводле пратаколу, Кніга парушаў грамадзкі парадак, нецэнзурна лаяўся, чапляўся да людзей, перашкаджаў руху транспарту, схапіў і адштурхнуў міліцыянта Рахунка.

Кніга віны цалкам не прызнаў. Ён расказаў, што прыйшоў на пікет каля 19:40–19:50, стаяў адасоблена. Заўважыў на плошчы шмат міліцыянтаў у цывільным і ў чорнай форме без апазнавальных знакаў. Пазнаў іх «па позірках, адзеньні, фрызуры, тым, як яны трымаліся па двое і азіраліся на 360 градусаў». Адцеміў, як супрацоўнікі ў цывільным папраўлялі нябачныя спэцсродкі на поясе.

«Такое адчуваньне, што ўвесь горадзенскі гарнізон быў задзейнічаны на плошчы дзеля аднаго чалавека», — сказаў Кніга. І адзначыў, што такая канцэнтрацыя сілавікоў характэрная для масавых мерапрыемстваў: «Футбол, хакей, фэстываль або спэцапэрацыі».

Інцыдэнт, у выніку якога апынуўся на зямлі міліцыянт, Кніга назваў «незразумелай акторскай пастаноўкай», а затрыманьне Ціханоўскага — «барбарствам».

«Бачыў, як яго нясуць на руках... Такое адчуваньне, што вельмі сур’ёзнага злачынцу злавілі», — сказаў Кніга.

«Мне было балюча і горка. Я расчараваўся, што працаваў раней (у АМАПе. — РС)», — адзначыў Кніга.

Адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток
Адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток

На суд ён прыйшоў у масцы, сонечных акулярах і сьвітшоце з «Пагоняй» і надпісам Belarus.

Адвакатка Кнігі Сьвятлана Гарбаток у якасьці аднаго з аргумэнтаў невінаватасьці свайго падабароннага прадставіла суду відэаразбор падзей на пікеце ў Горадні з сайта Свабоды.

Але суд Ленінскага раёну Горадні пастанавіў арыштаваць Кнігу на 7 сутак.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG