Гарадзенца Васіля Баброўскага затрымалі ў Горадні ўвечары 29 траўня разам зь Ціханоўскім і іншымі. Аднак сваякі Васіля даведаліся пра гэта толькі на пятыя суткі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Жонка Васіля Баброўскага Алена расказала, як сям’я перажыла апошнія 5 сутак.
«Мы чацьвёра сутак думалі ўвогуле незразумела што. Толькі тое, што ў інтэрнэце чыталі... Адна справа, калі ты ведаеш, а другое — ты чытаеш, нібыта ўсе там, а дзе твой, ты ня ведаеш, бо нашае прозьвішча не мільгала», — тлумачыць жанчына.
Васілю Баброўскаму неўзабаве споўніцца 45 гадоў. У іх з жонкай трое дзяцей, адно зь іх непаўналетняе. Працуе аўтасьлесарам. Раней ні ў якіх палітычных падзеях ня ўдзельнічаў. Апошнім часам падпісаўся на канал «Страна для жизни», «шмат чытаў», як кажа жонка.
Увечары 29 траўня ён адзін, безь сям’і пайшоў на Савецкую плошчу паставіць подпіс за патэнцыйных кандыдатаў. У 19:00 жонка патэлефанавала яму запытацца, як ён маецца. Адказаў, што «ўсё добра». У 20:30 ягоны тэлефон ужо быў недасяжны.
Сваякі ўвесь вечар і ранак, а потым і ў наступныя дні абтэлефаноўвалі райаддзелы міліцыі, шпіталі, званілі ва ўпраўленьні і Міністэрства ўнутраных спраў. Паўсюль казалі, што ў іх такога няма і ня ведаюць, дзе ён.
«Мы разумелі, што ён пайшоў прагаласаваць (пакінуць подпіс за кандыдата. — РС) і зьнік... Я ўчора (2 чэрвеня. — РС) была ў Сьледчым камітэце. Я скандаліла, казала, што не сыду, пакуль мне не дадуць інфармацыю. Мне ніхто нічога ня даў», — кажа Алена.
Жанчыну запісалі на прыём да начальніка Сьледчага камітэту ў Горадні на ранак 3 чэрвеня. Толькі там ёй афіцыйна паведамілі пра затрыманьне мужа. Яна ведае, што Васіль у Менску, верагодна ў СІЗА на Валадарскага.
«Мне сёньня кажа абаронца, што сьледчы кажа, што ён учора з намі зьвязваўся. Я кажу: „Не“. Калі да мяне прыходзілі з вобшукам, я задавала пытаньні, яны сказалі, што нічога ня ведаюць, што ёсьць пастанова, і ўсё... Яны (сьледчыя. — РС) сказалі, што нібыта 1 чысла пісьмова мне накіравалі, але пакуль у пошце няма», — абураецца суразмоўніца.
Яна напісала скаргу на тое, што сваякам своечасова, у першыя 12 гадзін, не паведамілі пра затрыманьне.
«Я ад гэтага „бязьмежжа“... Гэта нейкае бязладзьдзе!», — уздыхае Алена.
Ператрус у іх дома адбыўся 1 чэрвеня. Прыйшло сем чалавек. У пастанове на вобшук, як расказала жонка, ідзе сьпіс затрыманых, прозьвішчы двух пацярпелых міліцыянтаў і нумар артыкула (арт. 364 Крымінальнага кодэксу).
«За тое, што зьбілі двух міліцыянтаў... Мы глядзелі зь дзецьмі відэа, там добра відаць майго мужа. Ён і блізка не падыходзіў у кола, дзе біліся. У тым, што цяпер пішуць, у чым яго вінавацяць, ён дакладна не вінаваты», — упэўненая Алена.
Зь ейных словаў, ператрус рабілі вельмі культурна, нічога не пераварочвалі, крыху праверылі асабістыя рэчы. Адразу сказалі, што іх цікавяць носьбіты электроннай інфармацыі. Алена сама іх добраахвотна аддала: пляншэт, ноўтбук, два непрацоўныя тэлефоны.
Яна паедзе 4 чэрвеня ў Менск, паспрабуе перадаць перадачу. Дзяржаўная адвакатка пераказала жонцы, што бачыла Баброўскага 1 чэрвеня і той быў «фізычна і псыхічна здаровы». Адзінае, што ў яго забралі швэдар для сьледчага экспэрымэнту.
«Усе гэтыя дні ён сядзіць у адной майцы ў халодным памяшканьні, якое не ацяпляецца. Гэта нейкі зьдзек. Я вось не разумею, няўжо нельга было пазваніць, сказаць, каб прынесьлі рэчы. Нешта неймавернае!», — кажа суразмоўніца.
Пра сваё стаўленьне да таго, што адбываецца, Алена пакуль ня хоча казаць, каб не нашкодзіць мужу, хоць «душа рвецца вонкі, хочацца паўсюль пісаць і крычаць».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.