Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна ня мела іншага выйсьця». Знаёмая ўдзельніцы затрыманьня Ціханоўскага расказвае пра ціск міліцыі на асуджаных за прастытуцыю


Сяргей Ціханоўскі ў Горадні ў дзень затрыманьня, ілюстрацыйнае фота
Сяргей Ціханоўскі ў Горадні ў дзень затрыманьня, ілюстрацыйнае фота

«Гэта вельмі распаўсюджаны спосаб вэрбаваньня», — пацьвердзіў Свабодзе былы супрацоўнік міліцыі. Пагаварылі з жанчынай, якая сьцьвярджае, што ў міліцыі яе прымушалі даць паказаньні на знаёмага.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Алена К., якая спрабавала справакаваць Сяргея Ціханоўскага на канфлікт
Алена К., якая спрабавала справакаваць Сяргея Ціханоўскага на канфлікт

Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні ўвечары 29 траўня. За некалькі хвілін да затрыманьня ў кадры стрыму трапіла жанчына ў масцы, якая настойліва патрабавала ад Ціханоўскага адказаць на яе пытаньні.

Пасьля таго, як блогер адмовіўся размаўляць зь ёй і пайшоў, зьявіліся міліцыянты. Неўзабаве ўсчалася штурханіна, у выніку якой адзін зь міліцыянтаў упаў на асфальт, а Сяргея Ціханоўскага і шэраг яго паплечнікаў затрымаў АМАП.

Жанчыну, якая патрабавала ад Ціханоўскага адказаў, карыстальнікі інтэрнэту знайшлі ў той жа вечар. Ёю аказалася Алена К. Яна нарадзілася ў Бабруйску, жыве ў Менску разам з дачкой і маці. Як стала вядома Свабодзе, у суботу ля яе дома ў сталіцы дзяжурыла міліцыя.

«Мы знаёмыя зь ёй»

Пад акаўнтамі Алены К. у сацсетках адразу ж зьявілася мноства крытычных камэнтароў. Карыстальнікі інтэрнэту таксама знайшлі фатаздымкі Алены на так званых «сайтах для дарослых». Сама жанчына свайго ўчынку ніяк не камэнтуе, на сувязь з журналістамі не выходзіць.

Са Свабодай зьвязалася Натальля (імя на просьбу гераіні публікацыі зьмянілі, сапраўдныя зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС), якая сьцьвярджае, што ведае Алену. А таксама разумее, чаму тая стала ўдзельніцай гісторыі з затрыманьнем Сяргея Ціханоўскага.

«Мы знаёмыя зь ёй, — кажа Натальля. — Ня вельмі добра, але перасякаліся некалькі разоў. Як усе дзяўчаты, якія трапляюць у такія гісторыі. Ну вы разумееце. Мне цяпер вельмі шкада Алену, я разумею, чаму яна пагадзілася на гэта. Яна проста ня мела іншага выйсьця. Алена цяпер ня будзе ні з кім размаўляць, яна не раскажа, што адбылося на самой справе».

Натальля працуе ў адным зь невялікіх гандлёвых цэнтраў у спальным раёне Менску. Яна расказала пра свой досьвед сутыкненьня зь беларускай міліцыяй увосень мінулага году.

«Пяць хвілін разбору, трое сутак арышту»

«Ведаеце, у Менску існуе такое негалоснае правіла, што калі дзяўчына пэрыядычна рэгіструецца на ноч у гатэлі альбо часта зьяўляецца ў шэрагу начных клюбаў, казіно, то яна адразу трапляе пад кантроль з боку міліцыі, — расказвае Натальля. — Для міліцыі ты прастытутка, усё. Я ў адзін з позьніх восеньскіх вечароў летась зайшла ў казіно, замовіла філіжанку кавы, чакала таксоўку. Зайшлі два чалавекі, дакумэнты мне ў твар. Запыталіся: „Колькі?“ Сказалі, што я прастытутка. Узялі мой пашпарт, тэлефон, адвезьлі ў пастарунак».

У пастарунку, па словах Натальлі, ёй далі падпісаць пратакол паводле артыкулу 17.5 (занятак прастытуцыяй) і паабяцалі штраф 50 рублёў.

«Я ня ведаю, чаму падпісала пратакол, ніякіх доказаў не было маёй вінаватасьці, — гаворыць Натальля. — Толькі словы саміх міліцыянтаў. Там жа ў пастарунку я пачула ад іх словы „яшчэ траіх трэба, і плян будзе выкананы“. Гэта як разумець? Я трапіла пад выкананьне пляну? Копію пратакола мне не далі, адпусьцілі дадому бяз пашпарта. Раніцай суд. Адваката я не пасьпела знайсьці. Пяць хвілін разбору, трое сутак арышту ў выніку. Судьдзя Ганна Буйноўская».

Арышт Натальля адбывала на Акрэсьціна. Жанчына скардзіцца на дрэннае стаўленьне аховы і ўмовы ўтрыманьня. Паводле яе, на працягу трох сутак да арыштантак некалькі разоў прыходзілі сьледчыя, якія вядуць іншыя справы. У тым ліку з наркакантролю. Іх цікавілі патэнцыйныя знаёмствы асуджаных паводле артыкулу 17.5.

«Яны вельмі груба размаўлялі з намі, — расказвае Натальля. — Я прасіла задаваць пытаньні нармальна. У адказ: „У цябе такі артыкул, няма чаго з табой размаўляць нармальна“. З крымінальнага вышуку толькі больш-менш адэкватныя людзі былі. Распытвалі пра злачыннасьць у раёне. Ці ведаю я гэтага чалавека, ці чула нешта пра злачынствы».

«Вельмі настойліва загадалі прыехаць да іх»

Праз тры месяцы пасьля вызваленьня Натальлі патэлефанавалі з РУУС і запрасілі на размову бяз позвы. Жанчына кажа, што калі прыйшла на ўказаны адрас, сутыкнулася з патрабаваньнем даць паказаньні супраць свайго старога знаёмага.

«Пасьля вызваленьня мяне ніхто не чапаў, цішыня была, — расказвае Натальля. — А потым вельмі настойліва загадалі прыехаць да іх. Ужо быў каранавірус. Я параілася з юрыстам, ён сказаў мне паехаць. У РУУС мне паказалі маю перапіску з адным старым знаёмым, якая адбывалася прыкладна два гады таму. Я ўжо забыла пра яе. І палкоўнік (у рэдакцыі ёсьць яго дадзеныя. — РС) кажа мне — нам трэба, каб ты дала паказаньні на гэтага чалавека. Сказалі, што яны самі ўсё напішуць, я толькі падпішу. Адмовілася. Сталі пагражаць, што завядуць на мяне крымінальную справу».

Па словах Натальлі, у выніку яе адпусьцілі зь міліцыі. Папярэдзіўшы перад гэтым, што адмова ад супрацоўніцтва можа стаць прычынай праблем. Жанчына гаворыць, што пасьля гэтага ёй званілі зь міліцыі яшчэ чатыры разы. Кожны раз Натальля прапаноўвала запрасіць яе ў РУУС позвай, аднак гэтага не адбывалася.

«Я яе не апраўдваю»

«З падобнымі прапановамі звоняць ня толькі мне, звоняць усім, хто прайшоў па артыкуле 17.5, — кажа Натальля. — Ня ўсе адмаўляюцца. Асабліва тыя, у каго ёсьць дзеці. Я гэта дакладна ведаю, мы размаўляем зь дзяўчатамі. Дзіця — спосаб націснуць. Пагражаюць паставіць на ўлік, прызнаць так званае „сацыяльна небясьпечнае становішча“. А гэта ўжо пагроза, што дзяцей адбяруць. Я ведаю такіх жанчын, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў. Мне таксама страшна. Я баюся, што мне зноў пазвоняць».

Натальля гаворыць, што ў Алены К., якая стала гераіняй відэа з затрыманьнем Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, проста не было выйсьця.

«Я яе не апраўдваю, — кажа дзяўчына. — Але яна не магла нічога зрабіць. У яе непаўналетняе дзіця. Калі ўжо ёсьць адно затрыманьне паводле 17.5, другі раз можа мець больш сур’ёзныя наступствы. Я нават не падазраю, я ўпэўнена на 100% (што на яе націснулі. — РС). Я асабіста вельмі добра ведаю дзяўчат, якія маюць такі артыкул і пойдуць рабіць усё, што ім скажуць. Таму што ў іх дзеці. Алену мне вельмі шкада. Яна ня можа нічога сказаць цяпер. Ня ведаю, што зь ёй будзе далей. Альбо ўсё заціхне з часам, альбо яна проста зьнікне».

«Гэта адзін з самых распаўсюджаных спосабаў вэрбаваньня»

«Нам вядома 2500-3000 асобаў абодвух полаў, якія займаюцца прастытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь», — заявіў у інтэрвію АНТ у студзені 2020 году начальнік Галоўнага ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Генадзь Казакевіч.

Пракамэнтаваць гісторыю Натальлі і яе думку аб удзеле Алены К. у затрыманьні Сяргея Ціханоўскага Свабода папрасіла былога супрацоўніка праваахоўных органаў Дзьмітрыя Дзьмітрыева, які адпрацаваў у сыстэме МУС 17 гадоў і звольніўся ў званьні падпалкоўніка.

«Гэта ўсё нават больш чым праўдападобна, — кажа Дзьмітрый. — Вельмі вялікі адсотак жанчын, асуджаных за прастытуцыю, маюць сувязь з апэратыўнымі супрацоўнікамі РУУС і КДБ. Гэта абсалютна ня нешта незвычайнае. Адназначна такое можа быць. Гэта адзін з самых распаўсюджаных спосабаў вэрбаваньня.

Сярод тых, хто працуе ў гатэлях, вельмі вялікі адсотак супрацоўнічаюць зь міліцыяй. МУС і КДБ заўсёды гэтым карысталіся. Калі жанчына мае непаўналетняе дзіця, гэта ўвогуле безадмоўны спосаб націснуць. Тым больш што ў тых, хто займаецца прастытуцыяй, прыяжджае ў Менск з пэрыфэрыі, гэта ці не адзіная крыніца прыбытку. У мяне былі выпадкі, калі паводле артыкулу 17.5 пападаліся настаўніцы. Ну а хто захоча агалоскі? Тым больш на месцы працы. Гэта адразу звальненьне, а дзіця аўтаматам у СНС (сацыяльна небясьпечнае становішча. — РС). Гэта вельмі сур’ёзны інструмэнт ціску».

Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохсуткавы тэрмін папярэдняга затрыманьня Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. Афіцыйных абвінавачваньняў яму пакуль не прад’яўлена. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, тэрмін папярэдняга зьняволеньня блогера можа быць павялічаны да 10 сутак.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG