У Горадні асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства дзявятага фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава. Пастанову вынес суд Ленінскага раёну 2 ліпеня.
25-гадовага жыхара Гомля Арцёма Сакава затрымалі 31 траўня на найманай кватэры ў Горадні. Ён праходзіць па крымінальнай «справе Ціханоўскага», знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1. Гэтая адміністратыўная справа ня мае дачыненьня да крымінальнай справы, па апошняй суду яшчэ не было.
Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Сьведкамі выступілі амапаўцы Раман Мацкевіч і Сяргей Біліда. Абараняў Сакава адвакат Андрэй Шчапяткоў.
Паводле пратаколу, Сакаў 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні нецэнзурна выражаўся, чапляўся да мінакоў, хапаў іх за адзеньне.
Амапавец Раман Мацкевіч, які выступіў у якасьці сьведкі, паказаў, што 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні яны затрымлівалі іншага чалавека. Па дарозе ўбачылі Сакава, які нецэнзурна лаяўся, цягаў людзей за адзеньне, хапаў за рукі, спрабаваў прыцягнуць іх увагу, але затрымаць яго тады фізычна не было магчыма, бо яны вялі іншага чалавека. Ува што быў апрануты Сакаў, каго менавіта ён хапаў за адзеньне, якімі менавіта словамі ён лаяўся, Мацкевіч ня мог сказаць.
Амапавец Сяргей Біліда даў аналягічныя паказаньні. Ён паведаміў, што затрымліваў Сакава разам са сваім калегам Мацкевічам увечары 31 траўня на найманай кватэры ў Горадні.
Арцём Сакаў сваёй віны цалкам не прызнаў. Ён паведаміў, што на момант, калі пацярпелі два міліцыянты, ён быў у краме «Баторыя», хадзіў у прыбіральню.
Ён бачыў, як пяцёра амапаўцаў затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага. У той момант Сакаў быў побач зь Ціханоўскім. Сакаў мяркуе, што міліцыянтаў там было дастаткова, каб затрымаць і яго таксама. Аднак, па ягоных словах, яго нехта нават адштурхнуў, каб не перашкаджаў затрыманьню.
Ён удакладніў у ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, што адбылося. Потым сеў у маршрутку і паехаў на найманую кватэру да сястры. Па словах Сакава, яго затрымалі каля 21:00 31 траўня на гэтай кватэры. Цэлую ноч яму не паказвалі дакумэнтаў, якія тлумачылі б прычыну затрыманьня.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.