Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магілы капаем без спэцкасьцюмаў». Як хаваюць памерлых ад COVID-19


Супрацоўнікі могілак і дырэктар спэцкамбіната расказалі Свабодзе, як разьвітваюцца з ахвярамі пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Па стане на 14 траўня афіцыйна ў Беларусі памёр 151 чалавек з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй. Інфармацыя пра першую сьмерць зьявілася ў канцы сакавіка. З таго часу, паводле Міністэрства аховы здароўя, у краіне штодня паміралі 3-5 чалавек з COVID-19. Рэкордная лічба на гэты момант — 7 чалавек за дзень.

Афіцыйнай статыстыкі па рэгіёнах і асобных гарадах няма. Суадносячы колькасьць выяўленых выпадкаў заражэньня з агульнай па краіне можна меркаваць, што значная колькасьць памерлых прыпадае на Менск.

«На 45-м сэктары іх хаваюць, туды ідзіце»

Заходнія могілкі Менску пачалі працаваць у 2003 годзе, на сёньня гэта адзіныя сталічныя могілкі, дзе можна свабодна пахаваць памерлага. Дабрацца да нэкропаля, які займае ўражальную плошчу 50 гектараў, няпроста. Грамадзкі транспарт ходзіць нячаста, уласным ехаць ад кальцавой прыкладна 25 хвілін у горадзенскім кірунку.

«Сёньня раніцай хавалі „каранавірусных“ нібыта, — адразу гаворыць адзін з рабочых, які працуе над устаноўкай помніка на адносна сьвежай магіле. — Гэта вам у рабочых мясцовых трэба пытацца, мы тут працуем ад фірмы, пахаваньнямі займаецца адміністрацыя. Я бачыў, што раніцай прывозілі целы, іх пахавалі на 45-м сэктары. Ідзіце туды, там будуць сьвежыя магілы. Гэта „каранавірусныя“. Больш нічога ня ведаю».

Сэктар 45, пра які расказвае рабочы, разьмешчаны на ўскрайку могілак, у своеасаблівым акружаным лесам «рукаве». На ім амаль няма пахаваньняў, усяго некалькі сьвежых магілаў.

«Так, гэта ў 45-м сэктары іх хавалі, — расказвае рабочы Заходніх могілак. — Прыехалі раніцай, хутка справіліся. У нас тут кожны дзень пахаваньні адбываюцца, колькі зь іх „каранавірусных“, я ня ведаю. Чуў, што бываюць, але як часта, не скажу. У адміністрацыі будуць ведаць, яны дакладна ў курсе. Яны гэтымі пахаваньнямі займаюцца».

У адміністрацыі застаём двух супрацоўнікаў. Яны расказваюць, што пахаваньні памерлых з выяўленым COVID-19 адбываюцца паводле спэцыяльнай працэдуры. Рабочым, якія пераносяць труну і апускаюць яе ў магілу, выдаюцца ахоўныя касьцюмы і сродкі індывідуальнай засьцярогі — маскі і пальчаткі. Па больш падрабязную інфармацыю адсылаюць да намесьніка дырэктара спэцкамбіната Сяргея Тура, які кантралюе працу ўсіх далакопаў Менску.

«Яшчэ ніхто з нашых рабочых не адмовіўся хаваць памерлага з COVID-19»

«Магілы мы капаем без спэцкасьцюмаў, людзі працуюць у сваёй рабочай вопратцы, — расказвае Сяргей Тур. — Побач нікога ў гэты момант няма. Памерлага на могілкі прывозяць таксама нашыя супрацоўнікі. У выпадку, калі ў памерлага быў выяўлены каранавірус, яны маюць спэцкасьцюмы, маскі, пальчаткі і бахілы. Гэта ўсё ім спэцыяльна выдаецца. Памерлага мы забіраем у лякарні, там нашым супрацоўнікам гавораць, што вось такі выпадак меў месца».

Паўночныя могілкі
Паўночныя могілкі

Па словах Сяргея Тура, памерлых з каранавірусам хаваюць у агульным парадку, асобных могілак для гэтага не адводзяць. Часам родныя памерлых з COVID-19 забіраюць целы, каб пахаваць іх побач з роднымі на іншых могілках. Аднак у асноўным пахаваньні адбываюцца на Заходніх, дзе цяпер хаваюць памерлых жыхароў сталіцы.

«Там пахаваньні ў нас адбываюцца па парадку — сэктар, шэраг, месца, — расказвае Сяргей Тур. — Усё па парадку. Ніякіх асобных участкаў для памерлых з COVID-19 няма. Магіла нічым ад звычайнай не адрозьніваецца. Калі родныя маюць жаданьне прыехаць на пахаваньне і разьвітацца з памерлым, а яны прыяжджаюць, то ўсё, як звычайна, адбываецца. Выкопваецца магіла, робіцца ўзгорак, ставіцца крыж, кладуцца вянкі. Усё як звычайна».

Намесьнік дырэктара спэцкамбіната ўдакладняе, што як мінімум адно адрозьненьне ў працэдуры пахаваньня памерлых з каранавірусам усё ж ёсьць. Паводле рэкамэндацыі Мінздароўя, труны з такімі памерлымі павінны быць закрытымі.

«Таму нашыя супрацоўнікі спакойна могуць працаваць, — дадае Сяргей Тур. — Яны атрымліваюць памерлага ў лякарні, калі ён ужо пакладзены ў труну, а труна закрытая. Нашыя людзі толькі дакранаюцца да ручак труны, ставяць яе ў аўтамабіль, давозяць яе да могілак. Там родныя разьвітваюцца з памерлым, закрытую труну апускаюць у магілу.

Аўтамабіль пасьля гэтага мы дэзынфікуем спэцыяльным растворам. Пасьля кожнага такога выпадку. Спэцвопратку рабочых спальваем. Такога выпадку, каб нехта з нашых рабочых адмовіўся працаваць на пахаваньні памерлага з каранавірусам, не было. Людзі цудоўна разумеюць, што гэта за сытуацыя. І што трэба некаму працаваць».

«Бывае так, што разьвітацца з памерлымі няма каму»

Яшчэ адно месца, дзе разьвітваюцца з памерлымі ад COVID-19, знаходзіцца на Паўночных могілках Менску. Тут разьмешчаны адзіны ў Беларусі крэматорый. Па словах Сяргея Тура, менавіта ў крэматорыі спальваюць парэшткі большасьці памерлых з выяўленым каранавірусам.

«Бываюць моманты, калі родных у памерлага проста няма, — расказвае намесьнік дырэктара спэцкамбіната. — Разьвітацца няма каму. Адбываецца крэмацыя. Нашыя супрацоўнікі прывозяць у крэматорый закрытую труну, яна спальваецца.

Калі сытуацыя (з каранавірусам. — РС) толькі пачыналася, у пачатку красавіка, то родныя памерлых у асноўным праводзілі крэмацыю. Былі выпадкі, калі не было каму гэтым займацца — сваякі самі знаходзіліся ў шпіталі. Таму мы праводзілі крэмацыю, а потым, калі былі родныя, можна было правесьці пахаваньне парэштак у зямлю ў труне. Але ў асноўным сваякі (такіх памерлых. — РС) выбіраюць крэмацыю».

Па словах Сяргея Тура, эпідэмія каранавірусу не адбілася на колькасьці крэмацый у Менску. Летась вясной у сталічным крэматорыі адбывалася ад 15 да 20 крэмацый у суткі. Сёлета, як гаворыць дырэктар спэцкамбінату, лічбы такія ж.

«Тое самае, прыкладна 15-20 крэмацый на суткі адбываецца, — кажа Тур. — Агулам у Менску цяпер прыкладна 50% памерлых мы спальваем. А ў некаторыя дні і больш. Напрыклад, калі ў некаторыя дні мы 10 нябожчыкаў хаваем на ўсіх менскіх могілках, то крэмацый можа праводзіцца і 20».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG