Паводле індыкатара «колькасьць закрытых выпадкаў / колькасьць усіх інфікаваных» Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьцісла
- У Беларусі паказьнік «колькасьць усіх сьмерцяў / колькасьць усіх выпадкаў інфікаваньня» на працягу месяца быў найменшым сярод 6 краінаў-суседак.
- Паказьнік летальнасьці для Беларусі адносна закрытых выпадкаў у краіне таксама найменшы ў рэгіёне.
- Паводле прагнозу, да канца пандэміі ад каранавірусу ў Беларусі памрэ сама меней 370 чалавек.
- Паводле індыкатара «колькасьць закрытых выпадкаў / колькасьць усіх інфікаваных» Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі.
Тэндэнцыі ў паказьніках летальнасьці COVID-19 у Беларусі і рэгіёне, пра якія я пісаў на мінулым тыдні, захаваліся і сёньня.
Вось як выглядалі графікі паказьніка бягучай летальнасьці пандэміі ў Беларусі і ў суседніх краінах на працягу мінулага месяца.
Графік 1. Бягучая летальнасьць пандэміі (колькасьць усіх сьмерцяў/колькасьць усіх выпадкаў інфікаваньня), %
З графіку бачна, што ў Беларусі гэты паказьнік на працягу месяца быў найменшым сярод 6 краінаў і крыху зьніжаўся, у Літве, Латвіі і Польшчы — павялічваўся, у Расеі і Ўкраіне — вагаўся, у апошняй дэкадзе красавіка ў Расеі ён павялічыўся, а потым стабілізаваўся, ва Ўкраіне зьніжаўся да пачатку траўня, пасьля пачаў невялікі рост.
Як адзначаюць дасьледчыкі, паказьнік, які фігуруе на графіку 1, ня вельмі добра дазваляе прадказаць, якой будзе летальнасьць напрыканцы эпідэміі, калі новых выпадкаў захворваньня ня будзе, а ўсе інфікаваныя ачуняюць альбо памруць. Пакуль эпідэмія працягваецца, колькасьць усіх інфікаваных складаецца з актыўных і закрытых выпадкаў. Закрытыя — гэта тыя, хто ўжо ачуняў ці памёр. А актыўныя выпадкі — гэта тыя, хто ўжо захварэў і яшчэ працягвае хварэць. І далейшы лёс гэтых актыўных выпадкаў пакуль невядомы. Таму падлік бягучай летальнасьці да пэўнай ступені скажае карціну, даючы заніжаную ацэнку фінальнага паказьніку.
Таму больш блізкай да канчатковай летальнасьці эпідэміі будуць суадносіны паміж колькасьцю сьмерцяў і колькасьць закрытых выпадкаў, памерлых і ачунялых разам, тых, для каго эпідэмія ўжо скончылася.
Графік 2. Бягучая летальнасьць пандэміі адносна закрытых выпадкаў (колькасьць усіх сьмерцяў/колькасьць усіх памерлых і ачунялых), %
Відавочная тэндэнцыя ва ўсіх 6 краінах — зьніжэньне і стабілізацыя адпаведнага паказьніка летальнасьці. У Беларусі напачатку пэрыяду ён вагаўся, у Расеі крыху падвысіўся, але недзе з сярэдзіны апошняй дэкады красавіка ён зьніжаўся ва ўсіх. Пры гэтым у Беларусі летальнасьць напачатку пэрыяду, месяц таму, была ніжэй, чым ва ўсіх, акрамя Расеі, цяпер — ніжэй, чым ва ўсіх. На 13 траўня яна складала ў Беларусі 1.9%, у Расеі — 4.4%, у Літве — 5.6%, у Латвіі — 2.9%, у Польшчы — 11.9%, ва Ўкраіне — 10.6%.
На 13 траўня паказьнік летальнасьці для Беларусі адносна закрытых выпадкаў (1.9%) быў у 4 разы вышэй, чым адносна ўсіх выпадкаў інфікаваньня (0.57%). Калі на цяперашнім узроўні ў 2% ён і захаваецца, а не зьнізіцца да канца пандэміі ў Беларусі, можна прадказаць, што з 25825 інфікаваных на дзень 13 траўня, памруць яшчэ 370 чалавек.
Графік 2 варта параўнаць з дадзенымі па Кітаі, дзе эпідэмія ўжо скончылася (скрыншот з сайту worldometers.info)
Аранжавая лінія — бягучы паказьнік летальнасьці адносна закрытых выпадкаў. Бачна, як у Кітаі недзе з канца сакавіка пачалася стабілізацыя гэтага паказьніку. Магчыма, тэндэнцыя да яго зьніжэньня ў Беларусі і яе суседках — сьведчаньне таго, што эпідэмія ў іх у хуткім часе пойдзе на спад.
Прынамсі, у адной суседкі Беларусі — Латвіі — пандэмія ўжо перадолела пік. Тэндэнцыі да гэтага абазначыліся таксама ў Літве, Польшчы і Ўкраіне. Ва Ўкраіне 13 траўня ўпершыню з пачатку пандэміі штодзённая колькасьць ачунялых перавысіла колькасьць новых выпадкаў захворваньня.
Своеасаблівы індыкатар часу, які застаўся да канца пандэміі, апісаў у блогу на Свабодзе Андрэй Шуман. Гэты індыкатар зьвязаны з дынамікай прыгаданых закрытых выпадкаў. Напачатку эпідэміі закрытых выпадкаў няма, ёсьць толькі людзі, якія хварэюць. Адпаведна доля закрытых выпадкаў сярод выпадкаў інфікаваньня складае нуль. Калі эпідэмія скончылася і новых выпадкаў захворваньня не ўзьнікае, то праз час працяканьня хваробы (у COVID-19 гэта недзе 3 тыдні) колькасьць закрытых выпадкаў робіцца роўнай колькасьці ўсіх інфікаваных на працягу ўсёй эпідэміі — усе, хто хварэў на працягу яе, ачунялі ці памерлі. Адпаведная доля закрытых выпадкаў сярод выпадкаў інфікаваньня складае 100%.
Значэньне гэтага паказьніку (закрытыя выпадкі адносна ўсіх) у пэўным сэнсе вымярае, колькі засталося да канца эпідэміі.
Графік 3. Дынаміка колькасьці закрытых выпадкаў адносна колькасьці ўсіх інфікаваных, %
Паводле індыкатара, прапанаванага Шуманам, Літва і Латвія ўжо прайшлі палову шляху, у іх значэньне гэтага індыкатару перавышае 60%. Польшча блізкая да гэтай сярэдзіны са значэньнем 42%. Беларусь з паказьнікам у 30%, адстае ад трох суседак, але апярэджвае Ўкраіну і Расею. Паводле Шумана Беларусі засталося яшчэ 70% шляху да канца пандэміі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.