У адміністрацыі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 паведамілі пра адзінкавыя выпадкі заражэньня каранавірусам мэдработнікаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Намесьнік галоўнага ўрача цэнтральнай паліклінікі ў Баранавічах па мэдычным абслугоўваньні насельніцтва Анатоль Сьпірыдо не назваў карэспандэнту Свабоды колькасьць хворых.
«Там ёсьць адзінкавыя выпадкі, як і ў любой установе», — сказаў ён.
Паводле адной з супрацоўніц паліклінікі, там захварэлі ўсе лекары агульнай практыкі.
«Усе на бальнічным, памочнік лекара на бальнічным. Яны ўжо здалі па другім тэсьце на COVID-19, і ён станоўчы, — сказала супрацоўніца паліклінікі. — Цяпер тэрапэўтычнае аддзяленьне гарадзкой паліклінікі № 3 засталося абсалютна бязь лекараў. Станоўчы вынік тэсту на COVID-19 таксама ў загадчыцы аддзяленьня.
Засталіся толькі мэдсёстры агульнай практыкі. Я зьдзіўляюся, чаму ў мэдсясьцёр адмоўныя тэсты? Я, напрыклад, працавала з доктарам Пашко, якая памерла, а таксама зь іншымі лекарамі, якія хварэюць на каранавірус. У інфэкцыйным кабінэце я працавала больш за 4 гадзіны. І плаціць нам за работу па ўказу 131 адмаўляюцца. Я павінна даказаць, што на прыёме былі пацыенты з COVID-19».
«Тое, што захварэлі ўсе, — я ўпершыню такое чую. Я ня ведаю, навошта такая інфармацыя распаўсюджваецца, бо паліклініка як працавала, так і працуе ў звычайным рэжыме, пацыентаў як прымалі, так і прымаюць», — сказаў Анатоль Сьпірыдо.
Інфармацыю пра тое, што захварэла загадчыца аддзяленьня паліклінікі, ён камэнтаваць ня стаў.
Таксама Анатоль Сьпірыдо сказаў, што наогул захворвальнасьць сярод насельніцтва на каранавірус «трымаецца на пэўным узроўні».
Загадчык паліклінікі № 3 Мікалай Фядзько сказаў карэспандэнту Свабоды, што «ўсе аддзяленьні працуюць у штатным рэжыме».
«Хворых з прыкметамі ВРІ, якіх значна паменела, мы прымаем асобна».
У рэгістратуры паліклінікі сказалі, што «пакуль штодня прымае толькі адзін тэрапэўт», некаторыя на бальнічным.
У канцы красавіка памерла 54-гадовая лекарка Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Алена Пашко ад двухбаковай пнэўманіі. У яе быў станоўчы тэст на каранавірус. Апошнім часам лекары па чарзе працавалі ў інфэкцыйным кабінэце, у тым ліку і Алена Пашко.
Раней Свабода апавядала пра хворую на цукровы дыябэт мэдсястру агульнай практыкі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальлю Каролік, якую прымушалі працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Яна скардзілася, што адміністрацыя лякарні ня ў стане забясьпечыць яе сродкамі асабістай засьцярогі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ