Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 краінаў Эўропы, дзе выяўлена меней выпадкаў каранавірусу, чым у Беларусі


Востраў Сьвятога Мікалая ў Чарнагорыі, ілюстрацыйнае фота
Востраў Сьвятога Мікалая ў Чарнагорыі, ілюстрацыйнае фота

Па стане на 27 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 94 выпадкі COVID-19, пры тым ужо 32 пацыентаў выпісалі або рыхтуюць да выпіскі. Гэтыя лічбы — адны з найлепшых у Эўропе. Мінздароўя сьцьвярджае, што ня ўтойвае фактаў інфікаваньня.

Колькі выпадкаў у іншых краінах, блізкіх да Беларусі ў колькасьці насельніцтва

У Беларусі па стане на 2019 год было каля 9 408 400 чалавек. Гэта значыць, што цяпер на мільён чалавек каля 10 выпадкаў COVID-19. Першы выпадак у краіне зафіксавалі 28 лютага.

У іншых краінах Эўропы з блізкай колькасьцю насельніцтва колькасьць заражэньняў новым каранавірусам істотна вышэйшая:

  • Аўстрыя — 7317 выпадкаў, 58 памерлых;
  • Бэльгія — 7284 выпадкі, 289 памерлых;
  • Вугоршчына — 300 выпадкаў, 10 памерлых;
  • Грэцыя — 892 выпадкі, 27 памерлых;
  • Партугалія — 4268 выпадкаў, 76 памерлых;
  • Чэхія — 2062 выпадкі, 9 памерлых;
  • Швайцарыя — 11 951 выпадак, 197 памерлых;
  • Швэцыя — 2893 выпадкі, 77 памерлых.

Ва ўсіх гэтых краінах колькасьць выяўленых выпадкаў расьце істотна хутчэй, чым у Беларусі.

Пры тым шмат у якіх краінах, дзе зафіксавалі больш выпадкаў, выпісалі пакуль менш хворых: напрыклад, у Швэцыі толькі 16, у Чэхіі 10.

Дзе ў Эўропе менш інфікаваных, чым у Беларусі

  • Косава — 86 выпадкаў. Насельніцтва: 1,81 млн. Першы выпадак: 13 сакавіка.
  • Грузія — 81 выпадак. Насельніцтва: 3,72 млн. Першы выпадак: 26 лютага.
  • Чарнагорыя — 70 выпадкаў. Насельніцтва: 631 тысяча. Першы выпадак: 17 сакавіка (да таго была апошняй краінай Эўропы, дзе не фіксавалі COVID-19).
  • Ліхтэнштэйн — 56 выпадкаў. Насельніцтва: 38,5 тысячы. Першы выпадак: 3 сакавіка.
  • Манака — 33 выпадкі. Насельніцтва: 38,3 тысячы. Першы выпадак: 29 лютага.
  • Ватыкан — 5 выпадкаў. Насельніцтва: менш за 1 тысячу чалавек. Першы выпадак: 5 сакавіка.

Акрамя таго, у Эўропе ёсьць часткова незалежныя тэрыторыі, падначаленыя Брытанскай кароне, у якіх менш выпадкаў COVID-19, чым у Беларусі: Гібральтар (35 выпадкаў), востраў Гэрнзі (34), востраў Джэрзі (32) і востраў Мэн (26).

Дзе ў Эўропе менш выпадкаў на душу насельніцтва

Афіцыйныя паказьнікі ў Беларусі добрыя ня толькі ў абсалютных значэньнях, але і ў адносных. Менш за 10 выпадкаў COVID-19 на мільён жыхароў у Расеі (каля 7 на мільён пры 1036 выпадках агулам) і Ўкраіне (каля 5 на мільён пры 226 агулам).

Што Мінздароўя адказівае на сумневы ў праўдзівасьці статыстыкі па COVID-19​

На прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя 27 сакавіка журналісты згадалі сумневы, якія беларусы выказваюць адносна афіцыйнай статыстыкі. Намесьніца міністра Алена Богдан і галоўная санітарная лекарка Натальля Жукава адказалі на гэта, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 ня ўтойваюць, што «мы робім усё, каб не было, як у некаторых краінах Эўропы», «робім усе захады для спакойнага жыцьця ў краіне», «сытуацыя спакойная і абсалютна кантраляваная», «хоць сьвет гарыць вакол».

«На шчасьце, захавалася сыстэма аховы здароўя, рэсурс якой разьлічваўся на такія сытуацыі, — заявіла галоўная санітарная лекарка Натальля Жукава. — Таму ў нас пакуль ня так. Спадзяёмся, што і далей мы зможам захаваць сытуацыю кіраванай».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG