Лекары ў Расеі рыхтуюцца да «выбуховага», «кшталту ядзернай рэакцыі» развіцьця сытуацыі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта паведаміў галоўны інфэкцыяніст маскоўскага Міністэрства аховы здароўя Мікалай Малышаў у эфіры тэлеканала «Россия-1».
Паводле Малышава, спачатку было арытмэтычнае даданьне колькасьці інфікаваных, цяпер яно ўжо геамэтрычнае - за апошнія суткі захваральнасьць каранавіруснай інфэкцыяй вырасла амаль у тры разы.
У сувязі з гэтым ва ўсіх рэгіёнах рыхтуюцца новыя стацыянары і ложкі, абсталяваныя адпаведна апошнім патрабаваньням, адзначыў ён.
«Вялікая колькасьць людзей будзе хварэць», — лічыць Мікалай Малышаў. Таму гаворка ідзе пра пастаноўку дыягназаў дыстанцыйна з дапамогай IT-тэхналёгій, расказаў ён. У сытуацыі выбуховага росту захваральнасьці прыярытэт у шпіталізацыі будзе аддавацца пацыентам з групаў рызыкі, дадаў экспэрт.
Як вынікае з загаду кіраўніка дэпартамэнту аховы здароўя Масквы, пацыентам зь лёгкім цячэньнем каранавіруснай інфэкцыі або без сымптомаў дазволена лячэньне дома.
Раней мэр Масквы Сяргей Сабянін назваў дынаміку распаўсюджваньня COVID-19 у Маскве даволі высокай. Мэр прызнаў, што горад знаходзіцца ў самым пачатку эпідэміі і пік захворваньня яшчэ ня пройдзены.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.