Падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на фоне пандэміі каранавірусу можа стаць увядзеньне ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча.
Аднак з улікам цяперашняй сытуацыі нічога падобнага не прадбачыцца, заявіла агенцтву «РИА Новости» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Прэзыдэнцкая кампанія павінна прайсьці сёлета. Паводле Ярмошынай, адзінай магчымай датай для іх правядзеньня можа быць 30 жніўня — супала, што гэта якраз дзень нараджэньня Лукашэнкі.
«Толькі калі будзе абвешчанае надзвычайнае становішча, гэта дае падставу для пераносу выбараў, так сказана ў Канстытуцыі. Але калі будзе сытуацыя ў краіне такая ж, як цяпер, то ніякіх падставаў для пераносу няма», — сказала Ярмошына.
Кіраўніца Цэнтарвыбаркаму зьвярнула ўвагу, што, згодна зь беларускім заканадаўствам, выбары павінны быць прызначаныя не пазьней за тры месяцы да іх правядзеньня. Па яе словах, абвяшчэньне даты можа адбыцца ў канцы траўня. Для гэтага павінна сабрацца сэсія Палаты прадстаўнікоў і прыняць адпаведную пастанову.