У першыя дні паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Аляксандар Лукашэнка прасіў прабачэньня за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі, пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману.
Зяленскі паведаміў, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня РФ у яго адбылася тэлефонная размова з Лукашэнкам, які «папрасіў прабачэньня за запускі ракет з тэрыторыі Беларусі».
«Ён сказаў, што „гэта ня я, гэта Пуцін запусьціў ракеты з маёй тэрыторыі“. Гэта яго словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён папрасіў прабачэння, сказаў: «Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму сказаў „ня трэба“, гэта было безь мяне», — пераказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што адказаў Лукашэнку, назваўшы яго «такім жа забойцам, як Пуцін».
Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што «з расейцамі ваяваць немагчыма» і нават прапанаваў атакаваць нафтаперапрацоўчы завод, які, паводле ягоных словаў, «для яго вельмі шмат значыць», расказаў прэзыдэнт Украіны.
«Зразумейце, з расейцамі ваяваць нельга». Я яму кажу: «Як ты дазволіў?». Кажа: «Ну біце па НПЗ, ведаеце, колькі гэта для мяне значыць». Я яму сказаў: «Пра што вы кажаце?» — сказаў прэзыдэнт Украіны.
24 лютага 2022 году расейскія войскі атакавалі Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі.
Лукашэнка падтрымлівае дзеяньні Расеі ў вайне супраць Украіны. Ён неаднаразова заяўляў пра «салідарнасьць» з Масквой, называючы вайну «спэцапэрацыяй» і апраўдваючы агрэсію Расеі.
22 лістапада Лукашэнка прапанаваў Пуціну разьмясьціць расейскую ракету сярэдняй далёкасьці «Арэшнік», здольную несьці ядзерную зброю, у Беларусі.
Форум