Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў тое, што частка бацькоў, баючыся каранавірусу, не пускаюць дзяцей на заняткі, а пакідаюць дома.
«Мой (малодшы сын Мікалай. — РС) у школу ходзіць. У мяне, можа, і ёсьць такая магчымасьць, каб дзіця было ізаляванае, але я яго не ізалюю», — акрэсьліў сваю пазыцыю Лукашэнка.
Са слоў сына, які наведвае школу, у іх у некаторых клясах не наведваюць заняткі да паловы вучняў, — сказаў Лукашэнка і дадаў, што гэта законнае права бацькоў.
«Бацькі не пускаюць. Гэта іх справа, іх дзіця, мы тут нічога не забараняем», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.
Мікалай Лукашэнка ходзіць у школу ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам, непадалёк ад адной з бацькавых рэзыдэнцый.
Аляксандар Лукашэнка таксама заклікаў на час вакацый, якія пачнуцца ад 30 сакавіка, «праявіць клопат пра людзей старэйшага пакаленьня». Менавіта да сваіх бабуль і дзядуляў многія могуць адправіць дзяцей на канікулы. «А ў зоне рызыкі перадусім старыя», — нагадаў ён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ