Падчас брыфінгу Дональд Трамп, сярод іншага, адмовіўся выключыць магчымасьць выкарыстаньня вайсковых ці эканамічных мераў для дасягненьня сваёй мэты — вярнуць кантроль ЗША над Панамскім каналам і набыць Грэнляндыю, якая знаходзіцца пад кіраваньнем Даніі. У адказ на пытаньне журналіста, ці можа ён запэўніць сьвет, што ня будзе выкарыстоўваць ваенную або эканамічную сілу для атрыманьня кантролю над гэтымі тэрыторыямі, Трамп адказаў:
«Не, я не магу даць такіх гарантыяў. Але магу сказаць адно: нам патрэбныя гэтыя тэрыторыі для эканамічнай бясьпекі», — цытуе Трампа Reuters.
Трамп таксама заявіў, што скончыць ваенны канфлікт ва Ўкраіне за паўгода. Раней ён абяцаў зрабіць гэта на працягу 24 гадзін пасьля сваёй інаўгурацыі.
«Спадзяюся, што атрымаецца [зрабіць гэта] за шэсьць месяцаў», — сказаў Трамп. Паводле яго, у наступныя паўгода ён таксама плянуе сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але не раней за сваё афіцыйнае вяртаньне ў Белы дом.
У сваёй прамове Трамп раскрытыкаваў адміністрацыю дзейнага прэзыдэнта Джо Байдэна за палітыку вакол Украіны. На думку Трампа, Белы дом пры Байдэне дапусьціў шмат памылак у перамовах аб магчымым уступленьні Кіева ў NATO. Трамп заявіў, што «можа зразумець» Расею, якая не хацела бачыць Украіну ў NATO.
Акрамя гэтага, падчас брыфінгу Трамп паабяцаў перайменаваць Мэксыканскую затоку ў Амэрыканскую і паўтарыў свой намер увесьці значныя мыты на імпарт з Мэксыкі і Канады. Звычайна геаграфічныя назвы вызначае Рада ЗША па геаграфічных назвах, але прэзыдэнты таксама могуць пераназываць аб’екты праз выканаўчыя ўказы, камэнтуе словы Дональда Трампа Reuters.
Паводле абранага прэзыдэнта ЗША, ён ведае аб гатоўнасьці расейскага лідэра Уладзіміра Пуціна да дыялёгу зь ім і не выключае кантактаў пасьля сваёй інаўгурацыі 20 студзеня.
Форум