У вечаровых навінах 3 сакавіка на расейскім «Первом канале» вядоўца выбачыўся за ранейшую памылку: 2 сакавіка там расказалі, нібы ў Беларусі ёсьць сьмерці ад COVID-19.
Прабачэньні былі трэцім сюжэтам праграмы «Время» — на гэтым відэа ад 8:37.
Вядоўца Кірыл Кляймёнаў стаў разважаць, што наступствы новага каранавірусу «магчыма, больш разнастайныя і цяжэйшыя для арганізму, чым дагэтуль уяўляюць спэцыялісты».
«Я кажу пра так званыя неадэкватныя паводзіны, выкліканыя думкамі пра гэты самы вірус, — казаў вядоўца. — Нашыя беларускія калегі пакрыўдзіліся на нас. Пакрыўдзіліся на нядзельную праграму „Время“.
У ёй мы назвалі ў ліку краінаў, дзе ёсьць ахвяры каранавірусу, братняя Беларусь. Нібы там памёр чалавек. Калегі, браты! Гэта памылка. Нашая памылка. Але, як той казаў, нявымушаная памылка. Выпадковая, ненаўмысная. Але ўсё адно прабачце, памыліліся: ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя».
Пасьля гэтых словаў вядоўца перайшоў да навіны пра тэлефонную размову Ўладзіміра Пуціна з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
***
У сюжэце, што «Первый канал» паказаў 2 сакавіка, была такая фраза: «Первые смерти зафиксированы в США, Австралии, Таиланде, Белоруссии» (відэасюжэт неўзабаве выдалілі, з тэксту прыбралі слова «Белоруссия»).
Мінздароўя Беларусі назвала гэта фэйкам і адзначыла, што «ў сувязі з распаўсюдам фэйкавай інфармацыі пра нашу краіну будуць зроблены адпаведныя захады рэагаваньня таксама Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь». Ці зьвязваліся беларускі і расейскі бакі, не паведамлялася.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.