Якія наступствы гэта будзе мець для рэгіёну і як краіны рыхтуюцца да новай энэргетычнай рэальнасьці? У гэтым разьбіралася Радыё Свабода.
Канец транзытнай эпохі
Рашэньне Ўкраіны не працягваць газавага кантракту з Расеяй фактычна ставіць кропку ў гісторыі расейскай газавай манаполіі ў Эўропе.
«Тыя некалькі сотняў мільёнаў даляраў, якія Ўкраіна атрымлівала апошнім часам за транзыт, дакладна не зьяўляюцца прынцыповымі для ўкраінскай эканомікі», — патлумачыў у эфіры Ўкраінскай службы Радыё Свабода дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандар Харчанка.
Больш важным для Ўкраіны зьяўляецца іншы аспэкт — з спыненьнем транзыту «Газпром» не атрымае прыблізна 5 мільярдаў даляраў за продаж газу ў Эўропе, падлічылі ў агенцтве Reuters. Пазбавіць Расею грошай для вядзеньня вайны — мэта, якую агучваў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, калі заявіў аб спыненьні транзыту газу на саміце лідэраў ЭЗ сёлета ў сьнежні.
Паказальна, што аб’ёмы транзыту расейскага газу праз Украіну за апошнія гады істотна зьнізіліся. У 2023 годзе яны склалі толькі 15 мільярдаў кубамэтраў — гэта ўсяго 8% ад пікавых паказьнікаў 2018/2019 гадоў.
Большасьць іншых расейскіх газавых маршрутаў у Эўропу, уключаючы Ямал — Эўропа празь Беларусь і Nord Stream па дне Балтыйскага мора, які ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі падарвалі, спыненыя.
Славацкая рэакцыя і польская падтрымка
Найбольш гучна рэакцыя на спыненьне транзыту прагучала з Славаччыны. Прэм’ер-міністар краіны Робэрт Фіца заявіў аб кроку ў адказ — магчымым спыненьні паставак рэзэрвовай электраэнэргіі Ўкраіне (яна патрэбна для збалянсаваньня ўкраінскай энэргасыстэмы з прычыны сталых абстрэлаў Расеі ўкраінскіх энэргетычных аб’ектаў. — РС).
Украінскі прэзыдэнт абурыўся і сказаў, што Пуцін даручыў славацкаму прэм’еру адкрыць другі энэргетычны фронт супраць Украіны.
«Толькі гэта могуць азначаць пагрозы Фіца перакрыць Украіне пастаўку электрычнасьці зімой ва ўмовах расейскіх удараў па нашых электрастанцыях і разьмеркавальнай сетцы», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Аднак, паводле экспэртаў, гэтыя пагрозы Славаччыны маюць больш палітычны, чым эканамічны характар. Па-першае, Славаччына адмовілася ад прапановы Ўкраіны кампэнсаваць страты, якія краіна панясе ў выніку павелічэньня кошту газу. Па-другое, істотнага ўдару для Ўкраіны магчымае блякаваньне электраэнэргіі з Славаччыны не нанясе.
«Агульны аб’ём электрычнасьці, якую атрымлівала Ўкраіна са Славаччыны, складае менш за 1,5% украінскага спажываньня. Цягам 20 хвілін гэты аб’ём можна перанакіраваць зь іншых кірункаў», — перакананы Аляксандар Харчанка.
Польшча ўжо выказала гатоўнасьць павялічыць экспарт электраэнэргіі ва Ўкраіну ў выпадку неабходнасьці. Паводле агенцтва Bloomberg, польскі ўрад гатовы павялічыць вытворчасьць электраэнэргіі для кампэнсацыі магчымых дысбалянсаў ва ўкраінскай энэргасыстэме.
Малдова: паміж нацыяналізацыяй і крызісам
Асабліва складаная сытуацыя склалася ў Малдове. «Газпром» пагражае спыніць пастаўкі газу ў Малдову з 1 студзеня, патрабуючы вярнуць доўг у памеры 709 мільёнаў даляраў. Малдова прызнае толькі 8,6 мільёна даляраў, спасылаючыся на вынікі міжнароднага аўдыту.
Украінскі прэзыдэнт гатовы быў дазволіць транзыт расейскага газу ў Малдову, але за яго Расея практычна не атрымлівае сродкаў. Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў «Газпром» пастаўляў газ да непрызнанага ў сьвеце і падкантрольнага Расеі Прыднястроўя бясплатна, а пасьля скарачэньня паставак з Расеі ў 2022 годзе Малдова знайшла іншых пастаўшчыкоў і пакінула расейскі газ толькі на левым беразе Днястра, дзе знаходзіцца Прыднястроўе.
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду абвінаваціла «Газпром» у правакацыі энэргетычнага крызісу і заявіла, што расейская кампанія адмаўляецца пастаўляць газ па альтэрнатыўным маршруце.
Сытуацыя ўскладняецца тым, што спыненьне паставак газу пагражае спыненьнем Малдоўскай ГРЭС у Прыднястроўі — яна забясьпечвае да 90% электраэнэргіі, якую набывае Кішынёў.
У Прыднястроўі сытуацыя можа стаць крытычнай ужо зь першых дзён 2025 году. Паводле гендырэктара «Тырасцеплаэнэрга» Алега Ішчанкі, 1 студзеня адключаць падачу гарачай вады і ацяпленьня. Цяпло застанецца толькі ў лякарнях дзякуючы выкарыстаньню альтэрнатыўнага паліва.
Прэм’ер-міністар Малдовы Дорын Рэчан даручыў ураду рыхтавацца да магчымай нацыяналізацыі кампаніі «Малдовагаз», 50% якой належыць «Газпрому».
Трансфармацыя рынку
Страта эўрапейскага рынку ўжо абышлася «Газпрому» ў 7 мільярдаў даляраў у 2023 годзе — упершыню з 1999 году кампанія завяршыла год з нэгатыўнымі вынікамі. Месца расейскага газу на эўрапейскім рынку ўпэўнена займаюць іншыя пастаўшчыкі: Нарвэгія, ЗША і Катар.
Эўрапейскія краіны актыўна інвэстуюць у тэрміналы для прыёму звадкаванага прыроднага газу і разьвіваюць аднаўляльную энэргетыку.
«У ЭЗ няма патрэбы ў гэтым расейскім газе. Наш прыярытэт — дапамагчы нашым краінам-сябрам дывэрсыфікаваць пастаўкі», — камэнтавала ў пачатку сьнежня прадстаўніца Эўракамісіі Анна-Кайса Ітканэн інфармацыю аб імаверным спыненьні транзыту праз Украіну.
Расейскі газ ня трапіў пад эўрапейскія санкцыі, аднак Эўразьвяз дамовіўся аб адмове ад імпарту расейскага выкапнёвага паліва да 2027 году. Паводле зьвестак Эўракамісіі, краіны добраахвотна ад яго адмаўляюцца: калі ў 2021 годзе частка расейскага газу ў імпарце ЭЗ складала 45%, то цяпер гэта 8% трубаправоднага газу і столькі ж звадкаванага.
«Гэта найлепшы індыкатар таго, наколькі цяпер зьяўляецца моцнай і стабільнай сыстэма супраціву гэтым атакам, наколькі мы навучыліся ім супрацьстаяць», — мяркуе ўкраінскі экспэрт Аляксандар Харчанка.
Што далей
Частка ўкраінскай газатранспартнай сыстэмы працягне работу ў рэжыме запампоўваньня і адбору газу са сховішчаў. Іншую частку закансэрвуюць да часоў, калі зьменіцца сытуацыя ў Расеі настолькі, што Ўкраіна будзе гатовая аднавіць дыскусію аб транспартаваньні газу.
«Ніякіх сумневаў, што мы пройдзем гэтую зіму. Мы пераможам гэты энэргетычны тэрор, і ўкраінцы дакладна спакойна дажывуць да вясны», — падкрэсьліў дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандар Харчанка.
А што Беларусь?
Раней Беларусь неаднаразова станавілася бэнэфіцыярам ад пераразьмеркаваньня шляхоў транзыту расейскага газу ў Эўропу, хоць па аб’ёмах краіна мела сьціплую частку. Аднак Аляксандар Лукашэнка заўсёды выкарыстоўваў гэты аспэкт у сваіх дачыненьнях з Эўропай, кожны раз пагражаючы спыніць транзыт расейскага газу ў адказ на эўрапейскія санкцыі.
Газаправод Ямал — Эўропа разам з газатранспартнай сыстэмай Украіны складаў адзін з асноўных маршрутаў паставак расейскага трубаправоднага газу на Захад. Ён праходзіць па тэрыторыі Расеі, Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і можа прапампоўваць да 33 мільярдаў кубамэтраў газу на год.
Доўгатэрміновая дамова «Газпрому» з Польшчай скончылася ў 2020 годзе, а пасьля гэтага кампанія рэзэрвавала магутнасьці магістралі праз аўкцыён.
Але ў траўні 2022 году Польшча разарвала пагадненьне з «Газпромам» і адпаведна прапампоўваньне газу праз тэрыторыю Беларусі спынілася.
Форум