Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фуа-гра замест аліўе, беларускі кроп з-за акіяну. Як беларусы замежжа накрываюць сьвяточны стол


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сотні тысяч беларусаў сьвяткуюць Каляды і Новы год у вымушанай эміграцыі. Распыталі іх, як за гэты час зьмяніліся сьвяточныя сямейныя кулінарныя традыцыі, ці лёгка гатаваць традыцыйныя беларускія стравы далёка ад радзімы і ці хутка пераймаюцца звычкі новых краін.

Напярэдадні Новага 2025 году Свабода зазірнула на кухні беларусаў, якія вымушана жывуць у эміграцыі ў розных краінах сьвету. Яны расказалі, што цікавага і новага гатуюць на сьвяты, а таксама пра тое, ці сумуюць па традыцыйных беларускіх сьвяточных стравах. Імёны некаторых суразмоўцаў не пададзеныя цалкам дзеля бясьпекі.

Францыя. Жабіныя лапкі, фуа-гра і калдуны

Анастасія жыве ў Францыі. Яе муж — грамадзянін гэтай краіны. У пэрыяд калядных і навагодніх сьвятаў Анастасіі найбольш бракуе сяброў і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі. Менавіта сёлета Анастасія не адчувае сьвяточнага настрою з прычыны падзей на радзіме. Там затрымалі ейных сяброў, у ізалятары яны мелі цяжкія ўмовы, нанесьлі шкоду здароўю. Суразмоўца кажа, што стол будзе накрываць, але не такі багаты, як летась. Тады Анастасія сьвяткавала Новы год з украінцамі «з усім нашым размахам».

Сёлета яна будзе гатаваць як беларускія, так і францускія стравы. На стале будзе салата з гарошкам, галубцы з фасоляй і гароднінай, калдуны зь мясам, квашаная капуста з журавінамі. Францыю на стале прадставяць фуа-гра зь мядовым хлебам і жоўтым віном з агародніны, качка, тушаная з каштанамі і грыбамі, марскія гады і шакалядны дэсэрт. Анастасія кажа, што славутых францускіх жабак так і не пакаштавала, затое прадукты мора паспытала ўсе.

«Пра францускую кухню можна гаварыць бясконца. У іх надзвычай смачныя паштэты з труса, сухія каўбасы, нашпігаваныя арэхамі, грыбамі, а іхныя дэсэрты проста боскія!» — зазначае беларуска.

Фуа-гра, іюстрацыйнае фота
Фуа-гра, іюстрацыйнае фота

Суразмоўца дадае, што французы па-іншаму падаюць стравы на сьвята. У беларусаў усё адразу ставіцца на стол, французы ж пачынаюць з апэрытыву з канапэ, чыпсамі, сырнымі палачкамі. Потым ідуць закускі з каўбасы і салатаў, пасьля — гарачыя стравы. Затым — дэсэрты і сыры з розных рэгіёнаў.

«Тут ёсьць салата, падобная да нашага аліўе, але Аліўе — гэта францускае мужчынскае імя, таму паклікаць некага „есьці аліўе“ — усё роўна што „давай Сяргея зьямо“», — сьмяецца Анастасія.

Яна таксама зьвяртае ўвагу на тое, што на францускай бяседзе не прынята казаць тосты.

«І толькі каб падтрымаць мяне, родныя мужа кажуць „На здароўе“ — гэта фраза, якую яны могуць выгаварыць», — дадала Анастасія.

Кацярына Васількаван таксама жыве ў Францыі. Кажа, што пасьля пераезду яе калядныя і навагоднія традыцыі зьмяніліся радыкальна. У Беларусі Новы год Кацярына сьвяткавала зь сябрамі, на наступныя дні хадзіла да блізкіх з падарункамі, а на праваслаўнае Раство — да бабулі. Потым Кацярына і яе муж зьмянілі канфэсію, цяпер яны адзначаюць каталіцкія Каляды 25 сьнежня. Беларуска кажа, што ў Францыі больш шырока сьвяткуюць Раство, а Новы год — на другім пляне. Рыхтавацца да Калядаў пачынаюць яшчэ з пачатку сьнежня — закупляюць прадукты, падарункі.

«Тут ня так, як у нас на Новы год (два дні гатуюць, затым два тыдні гэта ядуць). Тут такія асаблівасьці, якія робяць жыцьцё прасьцей. Шмат ёсьць смачных страў, якія можна купіць гатовымі ці проста разагрэць. І гэта будзе таньней, чым гатаваць іх самому», — кажа Кацярына.

Яна зазначае, што стравы на Каляды былі ў іх вельмі простымі, але ўсім усяго хапіла. Былі хлебцы з ікрой, закускі, марскія грабянькі ў соўсе, была фуа-гра.

«Фуа-гра — гэта не панты, тут гэта традыцыйная страва», — дадала беларуска.

Новы год французы таксама адзначаюць, але, у адрозьненьне ад Раства, не зь сям’ёй, а зь сябрамі. Дзеці атрымліваюць падарункі двойчы — на Каляды і на Новы год.

«Стол будзе накрыты ў залежнасьці ад таго, будуць за ім беларусы, украінцы ці французы. Але можа быць і „селядзец пад шубай“, і гарошак, і сырная талерка з асобным віном на кожны сыр», — расказала Кацярына.

Яна дадае, што не сумуе ні па якіх беларускіх прадуктах, бо ў Францыі ўсё ёсьць, і добрай якасьці. Многія стравы эльзаскай кухні нагадваюць беларускую, бо робяцца на аснове бульбы, салёных агуркоў, бэкону. «Ёсьць і „заменьнікі“ дранікаў — росьці. Яны, вядома, ня дранікі, але нешта падобнае», — зазначыла беларуска.

Ізраіль: Раство, Ханука, Новы год

Дар’я жыве ў Хайфе (Ізраіль). Сёлета так выйшла, што пачатак сьвяткаваньня Ханукі (сьвята працягваецца 8 дзён. — РС) супала з каталіцкімі Калядамі. Па словах Дар’і, Хайфа — шматнацыянальны горад, тут жывуць і арабы-хрысьціяне, і арабы-мусульмане. Таму на плошчы сёлета паставілі і ханукію (вялікі сьвяцільнік), і ўпрыгожаную елку, і мусульманскі паўмесяц. У Хайфе гэты зьбег сьвятаў называюць «Сьвята сьвятаў». Дар’я кажа, што традыцыю ставіць ялінку на Новы год у Ізраіль прывезьлі рэпатрыянты з былога СССР. Многія габрэі былі спачатку супраць ялінкі, бо яны ўспрымалі 1 студзеня як дзень сьвятога Сільвэстра, хрысьціянскае сьвята, і змагаліся супраць гэтага. Потым прыйшло разуменьне, што дрэва — гэта проста дрэва, навагодні сымбаль без рэлігійнага падтэксту, і ялінкі дазволілі ставіць. Тым ня менш і 31 сьнежня, і 1 студзеня ў Ізраілі працоўны дзень.

Ілюстрацынае фота
Ілюстрацынае фота

Паводле назіраньняў Дар’і, перасяленцы з былога СССР добра захоўваюць навагоднія традыцыі, таму што ім гэта нагадвае пра дзяцінства. Сама Дар’я шануе розныя сьвяты і кажа, што на Хануку пачынае есьці традыцыйныя пончыкі і плаўна пераходзіць на торт «Напалеон» на Новы год.

У Беларусі на Новы год Дар’я, калі была дзіцём, глядзела навагоднія фільмы. Цяпер таксама глядзіць, але найперш калядныя брытанскія. Часам глядзіць навагоднія перадачы на «Белсаце». Беларуска не сумуе па айчыннай ежы. Кажа, што ў Ізраілі дастаткова крамаў, дзе можна купіць усё і беларускае, і ўкраінскае, і заказаць прыватна варэнікі ці «селядзец пад шубай».

«Аліўе — гэта адзінае, што засталося ў нас ад Новага году нашага дзяцінства. Салата аказалася самай устойлівай. Апроч яе, гатуем на Новы год сушы-торт, ласося запякаем, робім іншыя стравы. Дзеці, якія нарадзіліся ўжо ў Ізраілі, часам з агідай глядзяць на аліўе, для іх гэта дзіўная салата, ды яшчэ з маянэзам. Тут у асноўным міжземнаморская кухня, салаты запраўляюць аліўкавым алеем. Тым больш моладзь трымаецца здаровага харчаваньня і для яе маянэз — нешта тлустае, жахлівае», — расказала беларуска.

Дар’я зазначыла, што ў Ізраілі няма «культуры» піць моцны алькаголь. Максымальна — сухое белае ці чырвонае віно. «Ды і сьпякотны клімат не дазваляе піць яго. Калі хто і напіваецца, то гэта маргінальныя асобы з былога СССР», — зазначыла эмігрантка.

Румынія. Тоба падобная да сальцісону, сармале — да галубцоў

Беларуска Ірына жыве ў Румыніі. Сюды яна прыехала пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. У Беларусі Новы год для яе быў сямейным сьвятам. У Румыніі Ірына ходзіць з сынам адзначаць сьвята ў цэнтар гораду. Там праходзяць канцэрт, маштабныя салюты.

«Новы год называецца на францускі манер Revelion. Ён гэтаксама шырока адзначаецца, як і Раство. Гэта вылучае Румынію сярод іншых эўрапейскіх краінаў. У цэлым мне пасуе», — расказала Ірына.

Яна кажа, што прызвычаілася да румынскай кухні. На Новы год тут ёсьць традыцыйныя стравы, такія як тоба (падобная да сальцісону), сармале (падобнае да галубцоў, толькі, па словах Ірыны, смачнейшае), салата з бакляжанаў, казанак (салодкая выпечка).

Традыцыйная румынская страва сармале, падобная да беларускіх галубцоў
Традыцыйная румынская страва сармале, падобная да беларускіх галубцоў

«Смачнейшай выпечкі я ня ела ні ў адной краіне сьвету. Я проста фанатка казанаку», — зазначае беларуска.

Суразмоўца дадае, што ахвотна есьць мясцовыя стравы, бо ёй гэта дапамагае асымілявацца, таму і на Новы год будзе гатаваць у тым ліку румынскую ежу і салату аліўе. Раней яна любіла бутэрброды з ікрой ці чырвонай рыбай, але ў Румыніі, кажа, складана такое знайсьці. З алькаголю мясцовыя п’юць віно, але ёсьць і традыцыйныя моцныя напоі. Напрыклад, цуйка, якая мае 45 градусаў.

«Каштуе яна, „як крыло самалёта“, даражэй за літар добрага віскі. Я такога фізычна не магу піць, гэта сьмерць у бутэльцы. Таму мой выбар — прасэка», — дадала Ірына.

З традыцый на Новы год у Румыніі яна заўважыла піць шампанскае на плошчы, глядзець салюты і разам адлічваць сэкунды да Новага году.

Польшча. Чырвоны боршч з вушкамі

Натальля Русецкая каля 20 гадоў жыве ў Польшчы. У яе сям’і адбылася трансфармацыя — шырокае сьвяткаваньне Новага году перамясьцілі на Каляды, 25 сьнежня. У Менску, дзе Натальля расла, у іхным 9-павярховым доме былі свае традыцыі на Новы год: на пляцоўцы на паверсе ставілі ялінку, дарослыя разыгрывалі цэлыя спэктаклі з казачнымі героямі, а дзеці хадзілі калядаваць па ўсіх дзевяці паверхах.

«Сьпявалі навагоднія песьні, атрымлівалі за гэта мандарынкі і цукеркі, і так было гадамі», — успамінае Натальля.

Зь сямейнай традыцыі запомнілася тое, што ў маці Натальлі 1 студзеня быў дзень народзінаў паводле пашпарта. На яго рабілі кіслую капусту і дранікі з мясам.

«Калі пачалі жыць у Польшчы, спачатку таксама шырока сьвяткавалі Новы год. Памятаю, я яшчэ ўскочыла да суседзяў зь віншаваньнямі. І моцна зьдзівілася, калі ўбачыла, што на невялікім століку ў іх толькі мандарыны і шампанскае», — успамінае беларуска.

З часам зьмяніўся і навагодні стол у Натальлі — стала больш лёгкіх страў: бутэрброды, садавіна і гародніна. На Каляды яе сям’я пераняла частку польскай традыцыі — чырвоны боршч з вушкамі (традыцыйны суп. — РС), з «паштэцікамі», смажаны ці запечаны карп.

Навагодняя ялінка на пляцы ў Варшаве, архіўнае фота
Навагодняя ялінка на пляцы ў Варшаве, архіўнае фота

Вольга зь сям’ёй жыве ў Варшаве. Адметнасьцю свайго сьвяткаваньня сёлета яна называе адсутнасьць кампаніі, сяброў.

«Тут усё пасыпалася, усіх раскідала», — кажа беларуска. Летась на Новы год яна гатавала салату аліўе, запякала мяса. Прыгадала, як яе маці рабіла кукурузныя палачкі з ірыскамі і прыгатавалі гэтак сама.

«Нічога з польскіх сьвятаў і традыцыяў не перанялі і не плянуем пакуль. Новы год пачынаем сьвяткаваць па менскім часе і працягваем да варшаўскага. Летась пасьля „Белсату“ ўключылі нешта з польскіх тэлеканалаў, паслухалі і іхны адлік. Каляды цяпер зусім не адзначаем, бо быў сэнс у тым, каб да сваякоў ісьці, як па мне. Сваякі ж у Беларусі», — канстатуе Вольга.

Па беларускіх прадуктах яна не сумуе, хаця і радуецца, калі знаёмыя прывозяць зэфір ці чорны хлеб. «Але цяпер людзі ўсё радзей езьдзяць», — зазначыла суразмоўца.

Літва. Аліў’е і селядзец пад шубай

Ганна Матуляк цяпер жыве ў Вільні. Успамінае, што ў Менску Новы год заўсёды сьвяткавалі шумна, весела, зь сябрамі і роднымі.

«У нас зьбіраліся дома сястра, брат, сябры — вялікая кампанія. Тут жа ў першы год эміграцыі было вельмі сумна, не было нават сіл рабіць навагодні стол. На другі год стала весялей — прыехала старэйшая дачка з хлопцам. Цяпер чакаем трэці Новы год і чакаем нашых сяброў», — зазначыла Ганна. Яна кажа, што сумна і балюча, што ня можна паехаць на сьвята да бацькоў і родных у Беларусь.

Салат аліўе, адзін з варыянтаў падачы. Ілюстрацыйнае фота
Салат аліўе, адзін з варыянтаў падачы. Ілюстрацыйнае фота

Паводле Ганны, на Новы год яны традыцыйна будуць гатаваць аліўе, селядзец пад футрам, піць шампанскае, загадваць жаданьні і спальваць паперкі зь імі.

«Так больш нейкіх глябальных перамен у нас няма. Цешыць, што ўсе прадукты, да якіх мы прывыклі ў Беларусі, тут ёсьць, няма ні з чым праблем. Што тычыцца літоўскай кухні, мы яшчэ да гэтага не прыйшлі. На гэта трэба час. Мы пакуль толькі маем сілы, каб адрадзіць тое, што было звыклым дома. Наступны этап — уводзіць нешта новае», — тлумачыць Ганна.

Яна дадала, што ў Менску не хадзіла на грамадзкія ялінкі, бо, па назіраньнях беларускі, там было шмат п’яных. У Вільні, кажа Ганна, такога няма.

Бразылія. Кроп з-за акіяну і шампанскае на пляжы

Вольга Франко жыве ў Бразыліі. Кажа, што Каляды і Новы год там інакш адчуваюцца, бо вакол лета. Але ўпрыгажэньні такія, як і ў паўночным паўшар’і — ялінкі (праўда, штучныя), ілюмінацыя, штучны сьнег і сьняжынкі. Раство, бадай, для большасьці важнае сямейнае сьвята, на якое гатуюць індычку і іншыя стравы. А Новы год часьцей сьвяткуюць на пляжы, з шампанскім і ў сяброўскім коле.

«Мне на Каляды асабліва хочацца выцінаць і плесьці саламяных павукоў, то займаюся сама і вучу мясцовы люд таксама. Бачу, што ў апошнія гады нас такіх шмат у дыяспары», — зазначае Вольга.

Зь сямейных навагодніх традыцый яна захавала прыгатаваньне салатаў. Але робіць іх не ў адзін дзень — «расьцягвае» на ўвесь калядны пэрыяд.

«То аліўе, то „селядзец“ пад шубай (селядцоў тут няма, замяняем на ласось), то вінэгрэт, то салату з крабавымі палачкамі. Сёлета ўжо другі раз сьвяткуем разам з украінскімі сяброўкамі, то будзе стол з традыцыйнымі агульнымі для нас стравамі, паглядзім звароты нашай прэзыдэнткі і іхнага прэзыдэнта. А бразыльскі прэзыдэнт мо і зьвяртаецца таксама, але апоўначы прынята не тэлевізар глядзець, а на пляжы пераскочыць праз сем хваляў запар, каб шчасьціла ў новым годзе. То і мы так зробім», — кажа беларуска.

Для традыцыйных страў Вользе хапае прадуктаў. Хіба няма селядца. Яна сама квасіць капусту. Не хапае і грыбоў — у продажы толькі шампіньёны.

«Кроп ёсьць на поўдні краіны, у нас на поўначы не прадаецца і не расьце, на жаль, клімат яму ня той. Бракуе яго. Мне мама давезла з-за акіяну сьвежы, ужо паўгода з маразілкі паціху выцягваю», — расказала Вольга.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG