Яўген Гучок
паэт, краязнаўца, грамадзкі дзяяч
На працягу 30 гадоў працаваў рэдактарам у выдавецтве «Народная асьвета». Быў правадзейным сябрам геаграфічнага таварыства СССР, сябрам Менскага культурна-асьветніцкага клюба «Спадчына». Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускай мовы. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь». Аўтар кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі.
Памёр 1 студзеня на 84-м годзе жыцьця.
Генадзь Буралкін
скульптар і графік
Нарадзіўся ў Ленінагорску (Казахстан) у сям’і ссыльнага зь Беларусі. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1980-га сябра Беларускага саюзу мастакоў. Шматгадовы (1990–2001) старшыня гэтай арганізацыі. У 2017-м узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
Сярод асноўных твораў: манумэнт шахтарскай славы ў Салігорску, мэмарыяльны знак у гонар 850-х угодкаў Горадні, помнік вялікаму князю Міндоўгу ў цэнтры Наваградку. Разам са скульптарам Аляксандрам Фінскім стварыў скульптурныя кампазыцыі, якія ўпрыгожваюць тэатар опэры і балета ў Менску (архітэктарская задума Ёсіфа Лангбарда, ажыцьцёўленая празь сем дзесяцігодзьдзяў).
Памёр 2 студзеня на 81-м годзе жыцьця.
Уладзімер Парфянок
фотамастак і культурніцкі дзяяч
Нарадзіўся ў мястэчку Астрына на Шчучыншчыне. Вучыўся ў БДУ. Фатаграфіі вучыўся ў студыі Валерыя Лабко. Удзельнічаў у шматлікіх выставачных праектах у Беларусі і за мяжой.
Стваральнік і куратар праектаў галерэі «NOVA». У фатаграфіі быў прыхільнікам аналягавых тэхналёгіяў і ручнога друку.
Памёр 14 студзеня, меў 66 гадоў.
Мікалай Аксаміт
палітык і праваабаронца
Нарадзіўся ў Ваўкавыску, скончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут, быў мастаком-афарміцелем. У 1990 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня, удзельнічаў у Апазыцыі БНФ. Пазьней працаваў у праваабарончым цэнтры «Аслона». Узнагароджаны мэдалём Рады БНР да 100-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Памёр у Ваўкавыску 28 студзеня, меў 69 гадоў.
Ігар Леднік
журналіст і палітвязень
Сябра БСДП (Грамада) з Барысава, за публікацыю ў партыйным выданьні быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня.
Памёр у турме 20 лютага на 64-м годзе жыцьця.
Сьцяпан Хмара
савецкі дысыдэнт і ўкраінскі палітык
Нарадзіўся ў Львоўскай вобласьці ва Ўкраіне, атрымаў мэдычную вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці стаматоляг. У 1980-я гады ўдзельнічаў у выданьні падпольнага часопіса і займаўся яго распаўсюдам. Яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Калі выйшаў на волю, то далучыўся да аднаўленьня ўкраінскай Хэльсынскай групы, удзельнічаў у руху легалізацыі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы. Удзельнічаў у Аранжавай рэвалюцыі і Рэвалюцыі годнасьці. Герой Украіны.
У 2020 годзе заявіў пра сваю салідарнасьць зь беларусамі, якія выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбраў. Прыходзіў да беларускай амбасады ў Кіеве, каб падтрымаць акцыі, якія ладзілі беларусы, што выехалі ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу ў Беларусі. Падпісаў пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі, тэрмінова вызваліць з-пад арышту ўсіх затрыманых, прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў сілавых структур за гвалт супраць мірных грамадзян.
«Я прыйшоў на знак салідарнасьці падтрымаць нашых беларускіх братоў і выказаць сваё абурэньне і пратэст супраць сваволі рэжыму Лукашэнкі і асабліва супраць брутальнага пагрому мірных дэманстрантаў», — адзначыў тады Сьцяпан Хмара ў інтэрвію Свабодзе.
Памёр 21 лютага на 87-м годзе жыцьця.
Андрэй Александровіч
журналіст
Працаваў у «Белорусской деловой газете», Deutsche Welle, узначальваў газэту «Белорусы и рынок», якая мелася стаць галоўным эканамічным выданьнем краіны. Пасьля таго, як улады закрылі газэту, яна працягнула выхад у інтэрнэце, рэдакцыя працавала ў Варшаве.
Памёр 25 лютага ў Варшаве, меў 49 гадоў.
Ігар Голубеў
скульптар
Нарадзіўся ў Віцебску. Творца помнікаў славутым гістарычным асобам Беларусі: Уладзімеру Караткевічу ў Воршы, Язэпу Драздовічу ў Менску, Напалеону Орду ў Янаве, Эўфрасіньні Полацкай у Полацку і Менску, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму каля БДУ ў сталіцы і іншых.
Плошчу Незалежнасьці ў Менску асьвячае сакральная манумэнтальная скульптурная кампазыцыя Голубева «Архангел Міхаіл перамагае зло» (яна ўсталяваная каля Чырвонага касьцёлу).
Памёр 1 сакавіка на 63-м годзе жыцьця.
Мікалай Аляксееў
прадпрымальнік, актывіст
Нарадзіўся ў Віцебску. Працаваў разам з жонкай у фітнэс-клюбе ва Ўруччы ў Менску. Быў актывістам руху пратэсту ва Ўруччы, вывешваў сьцягі. У Мікалая чацьвёра дзяцей.
Апошнія пару гадоў Аляксееў жыў у Расеі, у Беларусі яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і абвясьцілі ў вышук. З Расеі паходзіла жонка Мікалая. Яна пераехала ў туды першай, да сваякоў у Карэлію. Пасьля да яе перабраўся Мікалай.
У ФСБ Расеі паведамілі, што на тэрыторыі Рэспублікі Карэлія яны папярэдзілі падрыхтоўку тэрарыстычнага акту, які плянаваўся спэцслужбамі Ўкраіны з удзелам завэрбаванага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які зьяўляўся сябрам забароненага ў Беларусі нацыяналістычнага фармаваньня «Полк імя Кастуся Каліноўскага» і знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.
Супрацоўнікі ФСБ застрэлілі Аляксеева, бо ён нібыта пры затрыманьні аказаў супраціў. Затрыманьне адбывалася ў рамках крымінальнай справы аб «падрыхтоўцы да тэракту», якую на Аляксеева завялі ў Карэліі ў той жа дзень. Нібыта Мікалай зьбіраўся ўзарваць адміністрацыю гораду Аланец.
Сын Аляксеева кажа, што бацька выступаў супраць дыктатуры ў Беларусі і супраць расейскай вайны ва Ўкраіне, і падкрэсьлівае, што ягоны бацька быў глыбокім вернікам, спавядаўся і быў схільны да мірных мэтадаў барацьбы. Ён ня верыць, што бацька мог мець дачыненьне да зброі ці выбуховых прыстасаваньняў.
Загінуў 7 сакавіка, меў 49 гадоў.
Усевалад Сьвентахоўскі
мастак кнігі, графік
Нарадзіўся ў Менску ў сям’і мастакоў. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Быў дэканам факультэту дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ.
Атрымаў Гран-пры на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Майстэрства» (2013), дыплём імя Францішка Скарыны за дызайн-канцэпцыю i мастацкае афармленьне кнігі «Полацак. 1150» (2013). У 2016 годзе на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ўзнагароджаны дыплёмам імя Францішка Скарыны за дызайн-канцэпцыю i мастацкае афармленьне кнігі «Ўладзімер Мулявін. Сэрцам i думамі».
Памёр 15 сакавіка на 58-м годзе жыцьця.
Канстанцін Кальцоў
хакеіст
Адзін з найлепшых беларускіх гульцоў у хакей.
У 2003 годзе дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. За акіянам выступаў за аўтарытэтны клюб Pittsburgh Penguins. Агулам за «Пінгвінаў» гуляў у 2002–2004 і 2005–2006 гадах, правёў за іх 144 гульні, адзначыўся 12 шайбамі і 26 перадачамі.
Затым у Кальцова ў кар’еры былі расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завяршыў ён кар’еру ў 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам, яму прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне пра сьмерць Канстанціна ў Маямі.
Праўдападобна, Кальцоў наведваў ЗША, каб правесьці час са сваёй дзяўчынай, славутай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай.
У паліцыі акругі Маямі-Дэйд на запыт «Трыбуны» адказалі пра канчатковыя высновы расьсьледаваньня сьмерці хакеіста. Ён упаў з гаўбца на 23-м паверсе аднаго з гатэляў у прадмесьці Маямі. У паліцыі інцыдэнт клясыфікавалі як суіцыд.
Пайшоў з жыцьця 18 сакавіка, меў 42 гады.
Віктар Статкевіч
бацька палітыка і палітвязьня Міколы Статкевіча
Пра сьмерць Віктара Статкевіча паведаміла ў фэйсбуку жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.
Памёр 19 сакавіка ў Баранавічах, меў 99 гадоў.
Аляксей Каўка
гісторык культуры, літаратуразнаўца
Доктар філялягічных навук і кандыдат гістарычных навук. Жыў у Маскве. З 1987 году — галоўны рэдактар часопісу «Советское славяноведение», з 1989-га працаваў у Інстытуце сусьветнай літаратуры Расейскай Акадэміі навук. Распрацоўваў праблемы адраджэньня і станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, творчасьці Ф. Скарыны, Я.Купалы, І.Луцкевіча, М.Улашчыка і іншых. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (выпускі 1–3, 1991–97).
У 1976-77 гадах Каўка напісаў «Ліст да расейскага сябра», палемічны твор пра стан беларускай мовы й парушэньне моўных правоў у падсавецкай Беларусі. Гэты ліст распаўсюджаваўся самвыдатам, трапіў у Польшчу, затым — у Лёндан, дзе быў выдадзены паралельна на расейскай і ангельскай мовах у 1979 годзе.
Дзякуючы дыпляматычнаму пашпарту Аляксея Каўкі на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, прысьвечаная 1000-годзьдзю Беларусі (1980). Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па сьвеце. Факт выхаду яе стаў прадметам разбору КДБ.
Каўка таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага філёзафа Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс».
Памёр 22 сакавіка на 87-м годзе жыцьця.
Уладзімер Сяргееў
маладафронтавец
Пра ягоную сьмерць стала вядома ад паплечніка Артура Фінкевіча:
«Уладзь далучыўся да дэмакратычнага руху ў 2006 годзе. У розныя гады быў дзеячом шэрагу дэмакратычных арганізацый — „Маладога фронту“, „Маладой Беларусі“, „Маладых дэмакратаў“, „Гавары праўду“, „Альтэрнатывы“. Быў удзельнікам большасьці масавых маніфэстацыяў беларускай апазыцыі другой паловы 2000-х — пачатку 2010-х гадоў», — напісаў Фінкевіч.
Вядома, што Сяргееў ляжаў у мар’інагорскім шпіталі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У яго засталася дачка.
Памёр 24 сакавіка, меў 37 гадоў.
Лілета Юстыновіч
удзельніца нацыянальнага руху
Гэтую жанчыну ў нязьменнай карункавай палярыне запаміналі ўсе, хто хоць аднойчы яе бачыў. Яна паходзіла зь Менску, была інжынэрам па прафэсіі і пяць гадоў працавала ў расейскім Брацку. Затым вярнулася на радзіму.
Мела вялікую калекцыю кніг, многія з тамоў затым раздавала моладзі, каб чытала і напаўнялася ведамі. Доўгі час была сталай наведніцай тэатру. З надыходам нацыянальнага Адраджэньня ў канцы 1980-х стала актыўна ўдзельнічаць у маршах і шэсьцях. Шмат размаўляла зь людзьмі, дыскутавала на тэму будучыні Беларусі, яе нацыянальнага аблічча.
Памерла 28 сакавіка, мела 85 гадоў.
Аляксандар Кулініч
падпалкоўнік запасу
Кулініча затрымалі ў Берасьці 29 лютага. Абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Суд меўся адбыцца 16 красавіка. У дакумэнце аб сьмерці напісана, што Аляксандар памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца.
Кулініч нарадзіўся ў Маладэчне. Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Берасьцейскай брыгадзе ПДВ.
Апошнім часам быў зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.
Памёр у турме 9 красавіка на 52-м годзе жыцьця.
Аляксандар Царук
былы добраахвотнік-каліновец
Нарадзіўся ў Пінску, з 1996 году жыў у Магілёве, быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2020 годзе за ўдзел у акцыях больш як 40 дзён адбыў за кратамі. Праз удзел у пратэстах страціў працу. Працаваў сантэхнікам у адной з будаўнічых арганізацыяў гораду. Пасьля ліста начальніка міліцыі наймальнік папярэдзіў, што зь ім афіцыйна працоўных адносінаў мець ня будзе.
Аляксандар застаўся бяз сродкаў для жыцьця, у выніку зьехаў. У Літве кваліфікаваны сьлесар-сантэхнік хутка знайшоў працу.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне паехаў на фронт, але вярнуўся адтуль увесну 2022-га праз праблемы са здароўем.
Аляксандар Царук з пазыўным «Сашко» быў добраахвотнікам палка імя Каліноўскага. Вярнуўся з вайны і цяжка захварэў на анкалягічную хваробу.
Аляксандар расказваў, што марыў стварыць рух бойскаўтаў для беларускіх дзяцей — у процівагу прапагандзе БРСМ.
Памёр у Вільні 13 красавіка, меў 55 гадоў.
Мікола Крукаў
мастак
Нарадзіўся ў пасёлку Рось, побач з Ваўкавыскам.
Адзін з найбольш вядомых яго твораў — партрэт «Генэрал Булак-Балаховіч». Гэтае палатно, у прыватнасьці, можна было паглядзець на выставе, прысьвечанай 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР у 2018 годзе ў менскім Палацы мастацтваў.
Творца з Росі быў адным з мастакоў, якія далучыліся да стварэньня пано «Фэстывальнае» на тарцы дома па вуліцы Савецкай, 6 у Горадні. Гэтае пано выканана ў тэхніцы сграфіта. Яго стварылі з нагоды трэцяга Фэстывалю нацыянальных культур у 2000 годзе паводле эскізаў горадзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча.
Акрамя Крукава, у стварэньні бралі ўдзел сам аўтар эскізу, мастакі Сяргей Грыневіч, Васіль Мартынчук і Сяргей Ільін, а таксама брыгада тынкароў.
Памёр 14 красавіка на 65-м годзе жыцьця.
Вольга Жураўлёва
грамадзкая актывістка
З 2006 году Вольга Жураўлёва (Капланоўская) удзельнічала ў дэмакратычным руху, уваходзіла ў аб’яднаньні «Зубр», «Малады фронт», «Альтэрнатыва», «Гавары праўду». Яе неаднаразова затрымлівалі на розных акцыях, напрыклад у 2006-м — за ўдзел у акцыі памяці Юрыя Захаранкі.
У 2014-м яна выйшла на адзіночны пікет з плякатам «Сьмерць крамлёўскім акупантам» на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, за што яе аштрафавалі на 750 тысяч рублёў. «Бо я нязгодная з тым, што Крэмль правакуе вайну ва Ўкраіне, — патлумачыла тады Вольга журналістам Свабоды сваю акцыю. — І плюс у той дзень было падпісаньне дамовы аб ЭАЭС, а я лічу, што нам трэба ад яго трымацца далей. Наша краіна павінна заставацца незалежнай!».
На пікет яна выйшла разам з малалетнім сынам, яго тады забралі ў пастарунак разам зь ёй.
9 жніўня 2020 Вольга Жураўлёва выходзіла на акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у Жодзіне. Падчас канфліктнай сытуацыі зь сілавікамі зламала руку, расказваюць яе сябры. Пазьней трапіла пад увагу ўладаў за непажаданыя камэнтары ў сацсетках. Пасьля 2020 году жыла ва ўкраінскай Бучы, а з пачаткам вайны пераехала ў Варшаву. У Вольгі засталося двое дзяцей.
Памерла ў Варшаве 15 красавіка, мела 33 гады.
Ірына Сурыгіна
шматдзетная маці
У Бабруйску ад сардэчнага прыступу памерла актывістка, маці траіх дзяцей Ірына Сурыгіна. Вядома, што Ірына мела гіпэртанічную хваробу.
У Ірыны засталіся трое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо паўналетняя. Вядома таксама, што ў жанчыны засталася моцна хворая маці, якая амаль ня ходзіць.
У 2021 годзе Ірыну затрымлівалі сама меней тройчы — ёй прызначалі «суткі» і больш за 10 000 рублёў штрафаў. Першы раз яе затрымалі за фота са сьцягам. Тады за 4 месяцы яна перажыла ператрус, пабывала ў ізалятары і двойчы ў судзе. Вымушаная была звольніцца, і да ўсяго яе сям’я апынулася на ўліку органаў апекі. Міліцыянты пагражалі бабруйчанцы, што пасадзяць яе ў турму, а дзяцей забяруць у прытулак.
Памерла 18 красавіка, мела 39 гадоў.
Алесь Клышка
навуковец і пісьменьнік
Нарадзіўся ў Менску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю, працаваў у НДІ прыкладных фізычных праблемаў Белдзяржунівэрсытэту. Меў 13 патэнтаў на вынаходкі ў галіне экалягічна чыстых тэхналёгіяў і аховы навакольнага асяродзьдзя, аўтар 115 навуковых публікацыяў.
Таксама Алесь Клышка — вядомы ў мінулым футбаліст. Ён гуляў за менскую каманду «Тарпэда», быў капітанам каманды.
Быў таксама паэтам-лірыкам, публіцыстам. Напісаў і выдаў некалькі паэтычных зборнікаў. Падрыхтаваў і выпусьціў фільм аб гісторыі Менску «Менская зямля», а таксама шэраг аўдыёкнігаў і музычных стужак. У суаўтарстве з паэтам Зьнічом (Алегам Бембелем) выдаў чатыры кнігі роздумаў-дыялёгаў: пра час, Айчыну, шляхі зямныя і вечныя, пра Жыровічы. Роднаму Менску ён прысьвяціў некалькі сваіх кніг.
Памёр 23 красавіка, меў 76 гадоў.
Васіль Пачыцкі
мастак і музыка
Васіль Пачыцкі — авангардыст, аўтар малюнкаў зайцоў, якія рэгулярна зьяўляліся на старонках «БелГазеты», лідэр музычнага гурту «Перебор».
Нарадзіўся ў Рэчыцы, да апошняга часу жыў у Беларусі. Яго працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музэях Беларусі, Расеі, Францыі, ЗША, Ірляндыі.
Памёр 7 траўня, меў 57 гадоў.
Дзьмітры Барэйчук
грамадзкі актывіст
У 2020 годзе зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку, за што быў пакараны арыштам. У 2022 годзе зноў прайшоў праз Акрэсьціна: зьдзекі, зьбіцьцё і пагрозы. Вось што піша пра яго Андрэй Стрыжак:
«З камэры Дзьмітры Барэйчук выйшаў падазраваным у дзьвюх крымінальных справах, а таксама з болем у жываце. Лекары паставілі дыягназ „салідна-кістозная пухліна“ і рэкамэндавалі найхутчэйшае выдаленьне яе. У 2023 годзе Дзьмітры зь сям’ёй экстрана выехаў зь Беларусі. Апэрацыю выдаленьня пухліны разам з часткай страўніка яму правялі ўжо ў Беластоку. Аднак хвароба не адступіла».
У Польшчы застаецца ягоная сям’я — жонка і чацьвёра дзяцей, трое зь якіх непаўналетнія.
Памёр 8 траўня.
Цэцылія Абухоўская
манахіня
Нарадзілася ў 1920 годзе. У 1950 годзе прынесла манаскія абяцаньні. У часы перасьледу веры пра тое, што яна зьяўляецца манашкай, ведалі толькі яе маці і родная сястра.
З 1959 года была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Горадзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат). Пасьля дзесяці гадоў служэньня прыехала разам з ксяндзом Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.
На працягу 25 гадоў была генэральнай ігуменьняй Кангрэгацыі Сясьцёр Маці міласэрнасьці (Вастрабрамскай), адказвала за ўсю супольнасьць.
За савецкім часам ёй давялося ратаваць ад зьнішчэньня арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісаны паводле эскізу сястры Фаўстыны Кавальскай.
Памерла 3 чэрвеня на 104-м годзе жыцьця.
Міхаіл Вергеенка
футбаліст і трэнэр
Вядомы футбольны брамнік, сярэбраны мэдаліст моладзевага першынства Эўропы 1972 году ў складзе зборнай СССР, чэмпіён СССР у складзе менскага «Дынама».
Кар’еру пачаў у родным Гомлі ў складзе «Гомсельмашу». Затым у складзе дынамаўцаў беларускай сталіцы Вергеенка правёў 13 сэзонаў.
Пасьля заканчэньня кар’еры гульца брамнік стаў трэнэрам. Узначальваў менскае «Дынама», зь якім на пачатку 1990-х гадоў двойчы станавіўся пераможцам першынства Беларусі. Быў першым трэнэрам нацыянальнай зборнай ужо незалежнай Беларусі.
Памёр 16 чэрвеня на 75-м годзе жыцьця.
Лідзія Савік
пісьменьніца, літаратуразнаўца і крытык
Нарадзілася ў вёсцы Камуна на Мар’інскім балоце над ракой Арэсай.
Скончыла філялягічны факультэт БДУ і асьпірантуру. З 1978 году працавала ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
Дасьледавала беларускую літаратуру XX стагодзьдзя. У свой час атрымала дазвол на працу ў архівах КГБ, сабрала дакладныя зьвесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў.
Займалася лёсам і творчасьцю эмігранцкіх літаратараў.
Выдала творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў Янкі Нёманскага, Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча і іншых. Таксама апублікавала нарысы жыцьця і творчасьці Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, Уладзімера Дудзіцкага, Хведара Ільяшэвіча, Уладзімера Случанскага. Выдала некалькі манаграфіяў, а таксама кнігу «Космас беларуса: жыцьцяпіс Барыса Кіта, асьветніка, вучонага, патрыёта».
Пасьля 2020 году выступіла з асуджэньнем рэпрэсій.
Леанід Сьвецік
праваабаронца
Шмат гадоў кіраваў Віцебскім аддзяленьнем праваабарончага цэнтру «Вясна». За сваю цалкам легальную дзейнасьць некалькі разоў трапляў пад адміністрацыйны і крымінальны перасьлед.
У выніку рэпрэсій 2021 году быў вымушаны пакінуць Беларусь, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу. Але і ў эміграцыі працягваў займацца праваабарончай дзейнасьцю.
Памёр у Варшаве 28 чэрвеня на 60-м годзе жыцьця.
Францішка Сокалава
чэская беларусістка
Была дачкой чэскага філёзафа, прафэсара Яна Патачкі, аднаго з заснавальнікаў і маральнага лідэра «Хартыі-77». Прафэсар Патачка памёр падчас допыту ў службе бясьпекі сацыялістычнай Чэхаславаччыны. Яго імем названая адна з найбольшых вуліц Прагі.
Францішка Сокалава працавала ў Славянскай бібліятэцы ў Празе і прафэсійна цікавілася беларускай мовай, гісторыяй і культурай. Яна аўтарка навуковых артыкулаў пра дзейнасьць Францішка Скарыны і многіх перакладаў беларускай паэзіі на чэскую мову.
Увогуле была вялікім сябрам беларусаў Чэхіі і брала ўдзел у многіх беларускіх грамадзкіх і культурных імпрэзах. У 1996 годзе падчас адкрыцьця ў Празе помніка Францішку Скарыну з удзелам міністра замежных спраў Беларусі Сянько і віцэ-прэм’ера Беларусі Русака яна арганізавала са сваімі чэскімі сябрамі акцыю пратэсту супраць задушэньня дэмакратыі ў Беларусі — прысутныя чэхі ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі і закрычалі «Ганьба».
Разам са сваім мужам, міністрам адукацыі Чэхіі Янам Сокалам, яна неаднойчы брала ўдзел ва ўшанаваньні памяці прэзыдэнтаў БНР на Альшанскіх могілках у Празе ў Дзень Волі 25 Сакавіка.
Памерла 6 ліпеня, мела 86 гадоў.
Віталь Каракорскі
журналіст і пісьменьнік
Нарадзіўся ў Бабруйску. Сваім дзіцячым і юнацкім гадам прысьвяціў тры эсэ, якія зачытваў у адмысловых перадачах беларускай службы Радыё Свабода: «Бабруйск. 1960-я. Эсэ пра дзяцінства», «Біржа эмігрантаў», «Бабруйская багема».
Неаднойчы выступаў на хвалях Радыё Свабода як экспэрт у справах пашырэньня NATO на ўсход, ізраільска-палестынскага канфлікту, суду над камунізмам, Галакосту ў Беларусі ды іншых.
Браў удзел ува ўсіх беларускіх мэдыйных праектах у Літве, спрычыняўся да беларускай грамадзкай дзейнасьці, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Памёр у Вільні 6 ліпеня, меў 66 гадоў.
Хведар Галёнка
беларускі дзяяч у Польшчы
Прадстаўнік пакаленьня, якое было пры вытоках беларускага руху ў пасьляваенны час. Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа успомніў «вобразнасьць, характарнасьць, гумар і іронію», якія былі ўласьцівая нябожчыку:
«Ён быў знаёмы мне як асоба з тыднёвіка беларусаў Польшчы „Ніва“. Ягоная актыўнасьць у Беларускім грамадзка-культурным таварыстве, менавіта варшаўскага аддзелу. Ён быў адміністратарам варшаўскага клюбу па вуліцы Сэнатарскай. Кіруючы гэтым клюбам, ён дазволіў нам увайсьці ў яго, у тым ліку дазволіў доўгі час там начаваць шматлікім студэнтам у вакацыйны пэрыяд. Ягоныя шырокія кантакты ў сьвеце дазвалялі функцыянаваць беларускаму аддзелу ў зусім іншай прасторы. Верхам элегантнасьці і прэстыжнасьці варшаўскага гуртку БГКТ былі навагоднія балі паводле праваслаўнага стылю. Увесь беластоцка-падляскі істэблішмэнт зьяжджаўся ў Варшаву, каб пабаляваць у Палацы культуры. Сярод тых, хто прыходзіў, былі вайскоўцы, лекары, юрысты, працаўнікі высокіх ведамстваў».
Жывучы ў Варшаве, адмыслова шукаў жонку менавіта на Падляшшы, беларуску, каб у сям'і гаварыць па-беларуску, у тым ліку зь дзецьмі.
Памёр 9 ліпеня, меў больш за 100 гадоў.
Пшэмыслаў Расевіч
добраахвотнік у палку Каліноўскага
Падчас выкананьня баявых задач загінуў баец палку, грамадзянін Польшчы Пшэмыслаў «Кордыян» Расевіч. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал палку Каліноўскага.
У паведамленьні адзначаецца, што Пшэмыслаў меў беларускія карані, «таму не выпадкова абраў на пачатку сваёй службы ва Ўкраіне полк Каліноўскага. Ён валодаў беларускай мовай і цікавіўся беларускай гісторыяй і культурай, лічыў Беларусь сваёй другой бацькаўшчынай. Пасьпеў прайсьці немалы баявы шлях і ўсяляк намагаўся дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне».
Як паведамляе Hrodna.Life, у 2018−19 гадах Пшэмыслаў жыў у Горадні, год быў валянтэрам у адной з грамадзкіх арганізацыяў у межах міжнароднай праграмы абмену «Эўрапейскі корпус салідарнасьці». Дапамагаў весьці заняткі па польскай мове, ладзіць іншыя імпрэзы. Таксама праводзіў бясплатныя экскурсіі па горадзе на польскай і ангельскай мовах — Free walking tour.
Загінуў 14 жніўня, меў 36 гадоў.
Сяргей Калякін
палітык, камуніст
Самы вядомы апазыцыйны Лукашэнку камуніст. З 1994 году ўзначальваў Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» (да 2009 году — Партыя камуністаў Беларуская).
Нарадзіўся ў Менску, скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) па спэцыяльнасьці радыёінжынэр, член КПСС з 1977 году. Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня (1995–1996).
Партыя «Справядлівы сьвет» была зьліквідаваная Вярхоўным судом 29 верасьня 2023 году. У сьнежні таго ж году Калякін увайшоў у арганізацыйны камітэт стварэньня марксісцкай партыі.
Калякін — пляменьнік старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мікалая Дземянцея.
Памёр 15 жніўня, меў 72 гады.
Вераніка Іванова
праваабаронца
Была старшынёй Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», яе ня раз выклікалі ў міліцыю, праводзілі ператрусы ў кватэры. Яна адкрыта гаварыла пра неабходнасьць пераменаў у краіне ў час акцый пратэсту ў Пінску, за што яе неаднойчы затрымлівалі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Забіралі маёмасьць, каралі штрафамі.
У Івановай трое дзяцей. Старэйшага Кірыла таксама судзілі за тое, што пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» чатах. З пачатку вайны ва Ўкраіне Кірыл ваюе ў палку Каліноўскага. 31 сьнежня 2023 году ён атрымаў раненьне пад Бахмутам, а за дзень да гэтага яго маці судзілі і пакаралі максымальным штрафам за разьмяшчэньне ў сацыяльных сетках матэрыялу зь лягатыпам палка Каліноўскага.
Памерла 25 жніўня.
Георгі Маляўскі
актор-купалавец
Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Менску. Скончыў акторскі факультэт беларускага Тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Акадэмія мастацтваў). Працаваў у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камэдыі ў Бабруйску. З 1971 году — у Купалаўскім тэатры.
У 2020 годзе разам з большай часткай трупы запатрабаваў спыніць гвалт супраць мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля таго, як гэтыя патрабаваньні былі адхіленыя, звольніўся разам з большасьцю калег.
Маляўскі — першы з актораў-купалаўцаў, хто адышоў з жыцьця, не дачакаўшыся вяртаньня ў родны тэатар.
Памёр 31 жніўня на 78-м годзе жыцьця.
Аляксандар Мядзьведзь
дужаньнік, трохразовы алімпійскі чэмпіён
Нарадзіўся ў Белай Царкве на Кіеўшчыне.
Свой першы залаты алімпійскі мэдаль Мядзьведзь заваяваў у 1964 годзе ў Токіё, затым былі перамогі на Алімпіядах у Мэхіка-1968 і Мюнхэне-1972.
За доўгія гады спартовай кар’еры Аляксандар Мядзьведзь стаў 7-разовым чэмпіёнам сьвету, 3-разовым чэмпіёнам Эўропы і 9-разовым чэмпіёнам Савецкага Саюзу ў вольным дужаньні. У 2001-м яго прызналі найлепшым спартоўцам Беларусі ХХ стагодзьдзя, а ў 2005-м — найлепшым дужаньнікам вольнага стылю ХХ стагодзьдзя ў сьвеце.
Пасьля завяршэньня выступаў Мядзьведзь перайшоў на трэнэрскую працу, узначальваў зборную Беларусі ў вольным дужаньні, а таксама кіраваў Беларускай фэдэрацыяй дужаньня. У Менску на вуліцы Каліноўскага працуе спартовы цэнтар, названы ў гонар Аляксандра Мядзьведзя.
Памёр 2 верасьня на 87-м годзе жыцьця.
Галіна Дзягілева
акторка, заснавальніца тэатру «Зьніч»
17 гадоў працавала ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, дзе сыграла каля 50 галоўных роляў. Пазьней перайшла ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілярмоніі, дзе працавала майстрам мастацкага слова.
У 1989 годзе Дзягілева заснавала тэатар аднаго актора «Зьніч». Яна стала аўтаркай інсцэніровак, выканаўцай і рэжысэркай монаспэктакляў паводле твораў Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ніла Гілевіча і іншых беларускіх пісьменьнікаў.
Спачатку сваёй пляцоўкі «Зьніч» ня меў. Выступаў у Нацыянальнай бібліятэцы, на малой сцэне Купалаўскага тэатру, у Тэатры юнага гледача і ў іншых месцах. У канцы 1990-х гадоў у «Зьніча» зьявілася свая тэатральная заля ў Чырвоным касьцёле.
У верасьні 2022 году ўлады прыпынілі працу Чырвонага касьцёла, з таго часу спэктаклі тэатар больш не праводзіў. У лютым 2023 году Галіну Дзягілеву адправілі на пэнсію.
Памерла 12 верасьня, мела 77 гадоў.
Віктар «Мао» Жаркевіч
панк-музыка
Быў вакалістам гурту Hate to state, адной зь першых палітычных панк-бандаў Беларусі.
У верасьні 2022 году Жаркевіча затрымліваў ГУБАЗіК. Падчас затрыманьня Віктара моцна білі. Аб ягону галаву зламалі патэльню і прымусілі цягнуць на сабе ў аддзяленьне дзьверы ад лядоўні, на якія былі налепленыя панк-рокерскія і анархісцкія налепкі і магніты.
Сябры музыкі кажуць, што ягонае здароўе і маральны стан моцна падарвалі 30 дзён на Акрэсьціна.
Жаркевіча пасьля арышту звольнілі з працы на будоўлі і, прынамсі першы час, ня бралі на новую праз палітычныя абвінавачаньні. Віктар перабіваўся выпадковымі заробкамі і часта скардзіўся сябрам на праблемы са здароўем.
Памёр 22 верасьня, меў 51 год.
Генадзь Цыхун
мовазнаўца
Нарадзіўся ў вёсцы Кунцаўшчына Горадзенскага раёну. Сын пісьменьніка і краязнаўцы Апанаса Цыхуна.
У 1958 годзе скончыў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Філёляг. Выкладнік баўгарскай мовы і літаратуры» і стаў навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Вучыўся ў аспірантуры на катэдры славянскай філялёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэту, стажаваўся ў Сафійскім унівэрсытэце.
З 1966 году пачаў па сумяшчальніцтве выкладаць у БДУ дыялекталёгію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, баўгарскую і македонскую мовы. З 1968 году — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1982 годзе ў Менску абараніў доктарскую дысэртацыю «Тыпалягічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу».
У 1991–1993 гадах быў старшынём Камісіі па ўдасканаленьні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Зьміцер Санько. У 1993–1994 гадах працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненьні правапісу беларускай мовы. З 1995 году — старшыня Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.
З 1992 году быў старшынём Таварыства «Беларусь—Баўгарыя» і намесьнікам старшыні Беларускага камітэту славістаў.
У кола навуковых інтарэсаў Генадзя Цыхуна ўваходзілі этымалёгія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучаў з дасьледаваньнямі ў галіне беларускай мовы. Ён суаўтар «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы».
Памёр 18 кастрычніка, меў 87 гадоў.
Ларыса Рыжкова
фальклярыстка і казачніца
Захавальніца фальклёру, кіраўніца дзіцячага ўзорнага гурту «Калыханка» зь Міханавічаў пад Менскам, аўтарка казак і арганізатарка культурніцкіх імпрэзаў. Адна зь яе вядомых працаў — грунтоўны дапаможнік «Мэтодыка выхаваньня сьпевака».
Памерла ў ноч на 22 кастрычніка, мела 72 гады.
Мікола Трафімчук
паэт, журналіст і выдавец
Нарадзіўся ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёну. Скончыў філалягічны факультэт Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў у рэдакцыях раённых газэт, на берасьцейскай тэлевізіі, у газэтах «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». У 2005 годзе стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаху «Гоман».
Друкаваўся з 1970 году. Аўтар некалькіх паэтычных кніг. Многія вершы Міколы Трафімчука пакладзеныя на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад»…
Памёр 23 кастрычніка на 75-м годзе жыцьця.
Пётра Карнялюк
каталіцкі сьвятар і скрыпач
Быў пробашчам францішканскага кляштара ў Маскве, душпастырам беларусаў каталіцкага веравызнаньня Масквы і Маскоўскага рэгіёну.
Нарадзіўся ў вёсцы Старое Сяло на Берасьцейшчыне. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы паступіў у Менскі ўнівэрсытэт культуры, які скончыў у 1994 годзе; пэўны час працаваў у камэрным аркестры Берасьцейскай філярмоніі. У канцы 1990-х гадоў уступіў у Ордэн францішканаў, манаскую фармацыю праходзіў у Польшчы і Расеі, скончыў вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Санкт-Пецярбургу і 4 кастрычніка 2007 году прыняў прэзьбітэрскае пасьвячэньне. Нёс служэньне ў розных францішканскіх супольнасьцях у Расеі: у Чарняхоўску (Калініградзкая вобласьць), Астрахані, Калузе, Санкт-Пецярбургу.
Быў вядомы сваёй ігрой на скрыпцы. У апошнія гады быў настаяцелем францішканскага кляштара сьвятога Францішка Асіскага ў Маскве, дзе вёў душпастырства беларусаў каталіцкага веравызнаньня Масквы і Маскоўскага рэгіёну, рэгулярна праводзіў для іх набажэнствы на беларускай мове.
Памёр 4 лістапада на 55-м годзе жыцьця.
Вадзім Доўнар
журналіст
Нарадзіўся ў Менску, скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у выданьнях «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета», на Радыё Рацыя, на ўкраінскім тэлеканале ATR. Апошнім часам адміністраваў тэлеграм-канал Мікалая Аўтуховіча «Да Волі».
Вадзім Доўнар цяжка хварэў і меў патрэбу ў трансплянтацыі печані. Увесну з надзеяй на апэрацыю яго перавезьлі з Украіны ў Польшчу, але праз абставіны, якія не дазвалялі правесьці апэрацыю, яе адклалі на няпэўны час. Для дапамогі хвораму журналісту двойчы абвяшчалі дабрачынныя зборы.
Памёр 5 лістапада, меў 48 гадоў.
Алесь Мікалайчанка
журналіст
Яго называюць вэтэранам беларускай незалежнай журналістыкі. У 1990-я гады быў сустаршынём Асацыяцыі свабодных сродкаў масавай інфармацыі. У 1995-м стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Пазьней працаваў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менскай вобласьці, у незалежных газэтах „Салідарнасьць” і „Барысаўскія навіны“.
Яшчэ ў 1989-м быў сябрам Менскай гарадзкой рады Таварыства беларускай мовы, дзе актыўна супрацоўнічаў усе наступныя гады.
Апроч журналістыкі ён пісаў вершы, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У 2014 годзе выпусьціў зборнік вершаў „Скрыжалі“.
Памёр 5 сьнежня, меў 79 гадоў.
Сьвятлана Круцікава
грамадзкая актывістка
Пра суіцыд актывісткі зь Пінскага раёну паведамілі незалежныя крыніцы. Жанчына брала ўдзел у пінскім мітынгу супраць фальсыфікацый вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Некалькі разоў была асуджаная паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, яе каралі адміністрацыйным арыштам. Апошні суд над ёю адбыўся 6 лістапада ў Пінску за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У яе сацыяльных сетках пазначана, што ў 1987 годзе яна скончыла Пінскі пэдагагічны каледж. Да гэтага вучылася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Пайшла з жыцьця 10 сьнежня, мела 60 гадоў.
Мікалай Крыжаноўскі
дэпутат Незалежнасьці
Нарадзіўся ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-заходні політэхнічны інстытут у Ленінградзе (сёньня Санкт-Пецярбург). У 1990 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Сябра Камісіі ВС у пытаньнях разьвіцьця прамысловасьці, энэргетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Сябра Канстытуцыйнай камісіі. Чалец ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.
Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сэсіі, на якой была адноўленая незалежнасьць Беларусі. Удзельнік галадоўкі ў Вярхоўным Савеце, абвешчанай ў знак пратэсту супраць незаконна ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сымбаляў, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет.
Памёр 17 сьнежня, на 88-м годзе жыцьця.
Валянціна Барадуліна
мэмуарыстка, удава паэта Рыгора Барадуліна
Рыгор і Валянціна пазнаёміліся яшчэ ў студэнцтве. У 2010 годзе, калі Рыгор Барадулін хварэў, яго жонка Валянціна казала ў інтэрв’ю Радыё Свабода пра іхны шлюб: «Адно можна з упэўненасьцю сказаць, што нясумна было. Калі ў людзей ёсьць пачуцьцё гумару — а і ў яго, і ў мяне, спадзяюся, яно ёсьць — дык жыць лягчэй і ўсялякія непрыемнасьці можна закаляраваць нейкім жартам ці анэкдотам. Няроўнае жыцьцё было, канешне, але ўвогуле я шчасьлівая».
Валянціна была «лірычнай музай» паэта, ёй першай раніцай на кухні дзядзька Рыгор чытаў свое вершы, напісаныя ўначы. У 2015 годзе, праз год пасьля сьмерці мужа, Валянціна апублікавала ў часопісе «Дзеяслоў» успаміны пра яго. Называліся нататкі «53 гады разам з геніем — непрыхарошаныя ўспаміны».
Памерла 18 сьнежня, мела 85 гадоў.
Форум