Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль. Пры ім Эстонія здабыла незалежнасьць


Арнольд Руйтэль, другі прэзыдэнт Эстоніі пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны ў 1991 годзе, памёр 31 сьнежня 2024 году. Яму было 96 гадоў, паведаміла 1 студзеня Эстонская грамадзкая телэрадыёвяшчальная карпарацыя.

Арнольд Руйтэль быў прэзыдэнтам Эстоніі з 2001 па 2006 гады. Падчас ягонага прэзыдэнцтва Эстонія стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу і NATO.

Да гэтага Арнольд Руйтэль быў старшынём Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Эстонскай ССР (1983-1990) і адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам 16 лістапада 1988 году, якая стала першай дэклярацыяй аб сувэрэнітэце ў СССР. Быў старшынём Вярхоўнага Савету ЭССР (1990 −1992), 8 траўня 1990 году парлямэнт пад яго кіраўніцтвам абвясьціў аднаўленьне незалежнасьці Эстоніі.

Раней у інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе Арнольд Рюйтэль адзначаў, што пасьля атрыманьня незалежнасьці «Эстонія ўзяла курс на разьвіцьцё дачыненьняў з заходнімі краінамі», а з Расеяй адносіны засталіся «на ўзроўні культурнага абмену і падтрыманьня эканамічных сувязяў».

Яшчэ тады, у 2016 годзе, камэнтуючы расейска-ўкраінскі канфлікт, Руйтэль казаў, што «амбіцыі Расеі вынікаюць з пазыцый кіраўніцтва дзяржавы» і падкрэсьліваў, што Пуцін «праігнараваў шматлікія аспэкты міжнароднага права — напрыклад, у сувязі з анэксіяй Крыму». Ён таксама выказаў спадзяваньне, што рэзкае асуджэньне з боку міжнароднай супольнасьці дзеяньняў Расеі супраць Украіны «расплюшчыць вочы расейцам і іх кіраўніку».

«Самае слабае месца ў адносінах ЭЗ і Расеі — адсутнасьць даверу да апошніх. Немагчыма нармальна кантактаваць з краінай, якая выцірае ногі аб міжнародныя дамовы. Хацелася б тут нагадаць, што калі Ўкраіна адмовілася ад ядзернай зброі, то Расея была той краінай, якая гарантавала Ўкраіне тэрытарыяльную цэласнасьць», — казаў ён.

Ацэньваючы ролю Аляксандра Лукашэнкі ў гісторыі Беларусі, Арнольд Руйтэль адзначыў, што Лукашэнка, «правёў першы этап фармаваньня краіны і забясьпечыў пасьля разьвіцьцё», але «на жаль, не правёў сумесную працу на высокім узроўні зь мясцовымі аўтарытэтнымі дэмакратычнымі сіламі». «Веру, што калі б гэта было зроблена, то Беларусь сёньня была б адной з найбольш пасьпяховых краінаў з пераходным грамадзтвам», — адзначыў эстонскі опалітык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG