Гэта вынікае з новай пастановы Савету міністраў Беларусі, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 1 студзеня.
У пастанове сярод паказчыкаў «сацыяльна небясьпечнага становішча» названыя «факты прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці» паводле шэрагу артыкулаў, сярод якіх — «Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць» (арт. 19.11. КаАП) і «Дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП), паводле якога ўлады таксама нярэдка судзяць затрыманых за «палітыку».
Акрамя гэтага, у пераліку артыкулаў — выраб ці распаўсюд матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прыладаў і рэчываў (арт. 19.12 КаАП), прапаганда, публічнае дэманстраваньне, выраб ці распаўсюд нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі (арт. 19.10), распаўсюд твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасьці (арт. 19.8), «уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны» (арт. 19.4), кіраваньне ў нецьвярозым стане (арт. 18.15), вырошчваньне расьлін і грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы (арт. 17.1 КаАП), ужываньне алькаголю ці наркотыкаў у грамадзкім месцы ці зьяўленьне ў стане ап’яненьня (ч. 2-5 арт. 19.3), занятак прастытуцыяй (арт. 19.5), наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў і інш. (арт. 10.1 КаАП), невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду ці прафіляктычнага назіраньня (арт. 25.11).
Таксама сям’ю могуць паставіць на ўлік, калі бацькі не зарэгіструюць дзіця па месцы жыхарства на працягу месяца пасьля ягонага нараджэньня або пераезду.
Акрамя гэтага, у новым пераліку паказчыкаў «сацыяльна небясьпечнага становішча» — калі бацькі «не кантралююць паводзіны і месца знаходжаньня дзіцяці», у выніку чаго дзіця ўцякае з дому, «бадзяжнічае», атрымала цяжкія цялесныя пашкоджаньні ці зьдзейсьніла спробу суіцыду.
У чэрвені 2024 году ў пералік паказчыкаў небясьпечнага становішча непаўналетніх дадалі бацькоў-«дармаедаў»: калі абодва або адзін з бацькоў не працуюць на працягу больш за тры месяцы, што «прыводзіць да незадавальненьня асноўных патрэбаў дзіцяці ў ежы, адзеньні і іншым».
- Варта адзначыць, што ў Беларусі пастаноўку ў так званае «сацыяльна небясьпечнае становішча» і раней выкарыстоўвалі як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў. Пастановай проста афіцыйна зацьвердзілі гэтую практыку.
- Беларуская праваабаронца Дарʼя Чурко ў 2021 годзе правяла дасьледаваньне непрапарцыйнага ўжываньня дзяржаўнымі органамі інструмэнту так званага «сацыяльна небясьпечнага становішча» ў мэтах ціску на палітычна актыўных людзей празь іхных дзяцей. З 24 апытаных рэспандэнтаў 13 атрымлівалі пагрозы пастаноўкі на ўлік, 10 — пагрозы адабраць дзіця зь сямʼі, і адно дзіця забралі.
- Яшчэ ў 2010 годзе ў зьняволеных кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп ледзь не забралі трохгадовага сына. Дзіця тады ўдалося «адбіць» бацькам Ірыны. Такіх гісторый значна паболела пасьля 2020 году.
Форум