Ва ўсім сьвеце людзі мяняюць свае штодзённыя звычкі на працы і дома, каб зьнізіць рызыку заражэньня каранавірусам і не дапусьціць яго далейшага распаўсюду.
Зьмены звычак выразна бачныя і ў этыкеце прывітаньня пры сустрэчах знаёмых і сяброў. Да пэўнай ступені гэтыя зьмены адбываюцца пад уплывам парадаў і заклікаў ад мэдычных экспэртаў, публічных асобаў і ўладаў.
Тры перасьцярогі
Найважнейшыя з парадаў і заклікаў адносна этыкету прывітаньня тры:
- пазьбягайце пацісканьня рукі;
- адмоўцеся ад пацалункаў, у тым ліку ў шчаку;
- не абдымайцеся з сустрэтым знаёмым ці сябрам.
Калі не рабіць гэтага, дык як тады вітацца?
Вось некалькі спосабаў зьмены звычак прывітаньня ў сьвеце, якія адзначыла брытанская газэта The Guardian.
Кітай
У Пэкіне, сталіцы краіны, дзе пачалася ўспышка, білборды падказваюць людзям злучыць абедзьве свае рукі ў знак прывітаньня, а не паціскаць руку сустрэтага чалавека.
Францыя
Экспэрт у пытаньнях ладу жыцьця Філіп Ліштфю, які шырока цытуецца ў СМІ, кажа, што звычайны погляд чалавеку ў вочы можа быць дастатковым прывітаньнем.
Аўстралія
Брэд Газард, міністар аховы здароўя Новага Паўднёвага Уэльсу, параіў людзям вітацца ня поціскам рукі, а паляпваньнем адзін аднаго па сьпіне.
Нямеччына
У мэдыях шырока распаўсюджвалася фота і відэа, на якіх міністар унутраных справаў Горст Зээгофэр перад пачаткам пасяджэньня ўраду 2 сакавіка адмовіўся паціснуць працягнутую руку канцлеркі Ангелы Мэркель. Зээгофэр усьміхнуўся, але трымаў абедзьве рукі пры сабе. Мэркель усьміхнулася ў адказ і падняла сваю руку ў паветра, у жэсьце разуменьня.
Гішпанія
СМІ паведамляюць, што гішпанскія ўлады разважаюць, ці не забараніць традыцыйны рытуал вернікаў у Велікодны тыдзень — цалаваньне скульптур Панны Марыі і сьвятых, у якіх вернікі просяць заступніцтва.
Польшча
У Польшчы каталіцкія герархі раяць вернікам пры прычашчэньні браць аплатку ў рукі, а ня ў рот.
Вернікаў таксама просяць не апускаць рукі ў сьвянцоную ваду, калі яны ўваходзяць і выходзяць з храму, а замест гэтага робіць крыж.
Іран
У Іране было зробленае відэа сустрэчы трох сяброў (двое зь якіх у масках), якія прытупваюць нагамі ў знак прывітаньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ