Аляксандар Лукашэнка 30 верасьня паляцеў з рабочым візытам у Армэнію для ўдзелу ў пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.
Сустрэча кіраўнікоў краінаў – удзельніц ЭАЭС пройдзе ў вузкім і пашыраным складах, падчас сустрэч плянуюць разгледзець пытаньні эканамічнага ўзаемадзеяньня, фінансавай палітыкі, энэргетыкі, асноўныя кірункі міжнароднай дзейнасьці і разьвіцьцё супрацоўніцтва з трэцімі краінамі.
Візыт Лукашэнкі ў Армэнію працягнецца 2 дні.
Сёньня ў Ерэване пройдзе пасяджэньне рады Эўразійскай эканамічнай камісіі, у якім будзе ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка. На радзе разгледзяць пытаньні з сфэраў замежнагандлёвай, фінансавай палітыкі, мытнага, тарыфнага і тэхнічнага рэгуляваньня, лічбавізацыі эканомікі. Як адзначае прэс-служба Савета Міністраў Беларусі, сярод найбольш важных пытаньняў — разьмеркаваньне ўвазных мытаў паміж краінамі – сябрамі ЭАЭС, ліквідацыя бар’ераў унутры ЭАЭС і г. д.
На пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Нур-Султане ў траўні 2019 году Лукашэнка заклікаў адмовіцца ў ЭАЭС ад «пратэкцыянізму на нацыянальных узроўнях» і ствараць роўныя ўмовы для краінаў-удзельніц ва ўсіх сфэрах, уключаючы энэргетыку.
Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС) была падпісаная 29 траўня 2014 году і набыла моц 1 студзеня 2015 году. Сябрамі ЭАЭС зьяўляюцца Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.