Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету ў Нур-Султане заклікаў адмовіцца ў ЭАЭС ад пратэкцыянізму на нацыянальных узроўнях, паведамляе БЕЛТА.
«Трэба адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх рашэньняў на нацыянальных узроўнях, увядзеньня разнастайных забаронных і абмежавальных мер. У гэтым залог фармаваньня надзейнага падмурку нашага саюзу, пасьпяховага разьвіцьця эканомік краін, якія ўдзельнічаюць у інтэграцыі», — заявіў ён.
Лукашэнка асабліва адзначыў, што неабходна ствараць роўныя ўмовы ва ўсіх сфэрах, уключаючы энэргетыку.
«Пакуль жа перавага аддаецца інтарэсам асобнага суб’екта гаспадараньня, галіны або краіны», — сказаў ён.
Паводле Лукашэнкі, адчувальны станоўчы эфэкт ад інтэграцыйнага праекту дадуць больш шчыльная каапэрацыя і павелічэньне долі тавараў, вырабленых унутры ЭАЭС, на агульным рынку.
У красавіку амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка заявіў, што расейскі падатковы манэўр зьяўляецца парушэньнем дамовы аб ЭАЭС. Таксама ў ліку праблемаў Сямашка называў прасоўваньне на расейскі рынак беларускай мяса-малочнай і іншай харчовай прадукцыі, цяжкасьці з пастаўкамі беларускай тэхнікі.
Беларускае кіраўніцтва сярод іншага разглядае магчымасьць паставак энэргарэсурсаў з Казахстану.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.