Працэс разьвіцьця ЭАЭС у у цяперашнім выглядзе застопарыўся, краіны-ўдзельніцы дасягнулі нейкай столі, і далей рухацца не атрымліваецца.
Беларускія афіцыйныя асобы прызнаюць неэфэктыўнасьць ЭАЭС. Расея распачынала гэты праект больш як геапалітычны, чым як эканамічны. РФ не гатовая дадаткова плаціць за паглыбленьне інтэграцыі ЭАЭС. Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным на палях саміту ЭАЭС мала што дадала да праясьненьня праблемаў двухбаковых дачыненьняў.
Сам фармат юбілейнага саміту (5-годзьдзе падпісаньня Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе) у Нур-Султане не прадугледжваў размовы пра рэальныя, сур’ёзныя праблемы гэтага аб’яднаньня. Тым ня менш зусім схаваць іх не ўдалося.
У прыватнасьці, не было вырашана тое пытаньне, якое ўзьняла Беларусь.
Менск настойвае на зьмене нарматываў разьмеркаваньня ўвазнога мыта, бо лічыць цяперашні мэханізм несправядлівым, нявыгадным Беларусі. Таму што з далучэньнем да ЭАЭС Кіргізстану не ўдалося навесьці парадак са спагнаньнем мыта. Беларускую прапанову не падтрымалі, справу адклалі.
Аднак пытаньне пра эфэктыўнасьць ЭАЭС стаіць на парадку дня, ад яго нікуды не падзецца. Нагадаю, што Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка таксама казаў, што не ўскладае на гэтае аб’яднаньне вялікіх надзеяў, бо там, маўляў, «занадта шмат насьцярожанасьці, рознагалосьсяў, і, што зусім непрымальна, эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца».
Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка ў інтэрвію газэце «Звязда» 19 сакавіка пералічыў асноўныя праблемы саюзу. Гэта прымяненьне дзяржавамі-чальцамі адзін супраць аднаго нетарыфных абмежаваньняў, замаскаваных пад розныя санітарныя меры; пастаянныя выняткі з нацыянальнага рэжыму ў сфэры дзяржзакупак; несправядлівасьць разьмеркаваньня ўвазнога мыта, і г.д. У выніку, па словах Петрышэнкі, «называць эканамічным саюзам наша інтэграцыйнае аб’яднаньне можна толькі авансам».
Прычым абмежаваньняў робіцца ня менш, а больш. На пасяджэньні Эўразійскай міжурадавай рады ў Алматы 1 лютага прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас прывёў такі факт: за 2018 год было ліквідавана 13 перашкод у гандлі, але дадалося яшчэ 19.
Падаецца, праблема тут глыбейшая. Працэс разьвіцьця ЭАЭС у цяперашнім выглядзе застопарыўся, краіны-ўдзельніцы дасягнулі нейкай столі, і далей рухацца не атрымліваецца. Праблемы, якія існуюць, не вырашаюцца. Фактычна гэтую праблему, праўда, у вельмі дыпляматычнай форме, прызнаў падчас саміту ў Нур-Султане былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў:
«Пасьля фазы адносна хуткага разьвіцьця ў першыя пяць гадоў саюз уступае ў больш складаны, павольны этап эвалюцыі. І мы павінны гэта прызнаць. У цэлым насьпела неабходнасьць выпрацоўкі новага бачаньня разьвіцьця».
Прычынаў пэўнага крызісу гэтага саюзу існуе шмат. Расея распачынала гэты праект больш як геапалітычны, чым эканамічны. Выпаданьне зь яго Ўкраіны нанесла па самой першапачатковай ідэі моцны ўдар.
Цяпер, каб саюз разьвіваўся, Расея мусіць за гэта плаціць. Напрыклад, стварэньне адзінага энэргетычнага рынку прадугледжвае, што РФ павінна пастаўляць нафту і газ партнэрам (напрыклад, Беларусі) на ўнутрырасейскіх цэнах. Або дазволіць Казахстану пастаўляць нафту Беларусі па расейскім нафтаправодзе. Для Расеі такое нявыгадна, часам задорага, таму яна ўхіляецца ад гэтага.
Гледзячы па ўсім, цяпер Масква спрабуе шукаць выйсьця ў двух кірунках. Па-першае, яна вяртаецца да вырашэньня праблемаў на двухбаковай аснове. То бок Расея спрабуе з кожнай краінай-удзельніцай выбудоўваць эксклюзіўныя адносіны. Напрыклад, у адносінах да Беларусі Масква імкнецца рэанімаваць праект «Саюзная дзяржава».
Другая ідэя. Калі не ўдаецца паглыбіць працэс інтэграцыі ў межах ЭАЭС, то давайце паспрабуем яго пашырыць. Гучаць заклікі да «інтэграцыі інтэграцый», да пашырэньня супрацоўніцтва з ЭЗ, з кітайскай ініцыятывай «Адзін пояс, адзін шлях», ідзе гаворка пра дамовы аб зоне свабоднага гандлю зь іншымі краінамі — Кітаем, Віетнамам, Іранам, Індыяй, Сэрбіяй і інш. Гэта выглядае трохі дзіўна, бо калі да гэтага часу не ўдалося стварыць зону вольнага гандлю ў рамках ЭАЭС, то як можна далучаць да гэтага незавершанага працэсу новыя краіны?
Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным на палях саміту ЭАЭС мала што дадала да праясьненьня праблем двухбаковых дачыненьняў. Цікава тое, што тая сумесная беларуска-расейская рабочая група па вырашэньні праблем інтэграцыі, створаная кіраўнікамі дзяржаў яшчэ перад Новым годам, так і не запрацавала. Расейская група сабралася асобна, выпрацавала свой варыянт, даслала яго ў Менск. Беларускі бок зь ім не пагадзіўся, выслаў у Маскву свае прапановы. Цяпер, праз паўгода, гэтая рабочая група павінна нарэшце сабрацца, каб да 21 чэрвеня выпрацаваць сумесны дакумэнт. Сам гэты факт даволі красамоўны, ён сьведчыць пра вялікія рознагалосьсі бакоў наконт інтэграцыі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.