Чым небясьпечная пасьляродавая дэпрэсія і як прадухіліць яе наступствы? Абмяркоўваюць арганізатарка праекту «Радзіны» Вераніка Заўлялава, псыхоляг Аксана Ільлюшчэня, якая спэцыялізуецца ў псыхалёгіі мацярынства, і гінэколяг Тацяна Гайлеш. Нагодай для размовы стаў суіцыд у гарадзенскай радзільні, які выклікаў шырокі розгалас у грамадзтве. Мы ня сталі абмяркоўваць прычыны гэтага выпадку, а паспрабавалі паглядзець на сытуацыю ў больш шырокім кантэксьце.
Зь кім размаўляем
- Вераніка Заўялава. Кіраўніца інфармацыйна-асьветніцкай ініцыятывы «Радзіны», аўтарка он-лайн дзёньніку «Радзіць па-людзку ў Беларусі», арганізатарка візыту ў Беларусь знакамітага францускага доктара-акушэра Мішэля Адэна. Маці дваіх дзяцей.
- Аксана Ільлюшчэня. Псыхоляг, якая спэцыялізуецца ў псыхалёгіі мацярынства. Магістарка псыхалягічных навук. Маці дваіх дзяцей.
- Тацяна Гайлеш. Гінэколяг, псыхоляг. Кіраўніца мэдычнага цэнтру «Пангеамэдыкал». Маці сямі дзяцей.
Сьцісла
- Ільлюшчэня: За пасьляродавай дэпрэсіяй заўсёды стаіць асабісты досьвед жанчыны. Як правіла, дэпрэсія разумецца як своеасаблівы маніфэст.
- Заўялава: Мішэль Адэн кажа, што залішняе ўмяшаньне, стаўленьне да цяжарных жанчын як да хворых наносіць ім шкоду.
- Гайлеш: Я не здымаю віны з мэдыкаў, трэба быць больш ўважлівымі і чулымі. Ня так у нас шмат цяпер нараджаюць жанчыны, каб лішні раз не зазірнуць у палату.
Чым небясьпечная пасьляродавая дэпрэсія і як яе распазнаць?
Аксана Ільлюшчэня: Пасьляродавая дэпрэсія ці постнатальная дэпрэсія, як яе прынята называць, гэта небясьпечнае захворваньне. Яно абумоўлена ўплывам усёй сямейнай сыстэмы і асяродзьдзя, у якім знаходзіцца жанчына падчас цяжарнасьці і ўсёй жыцьцёвай гісторыі. Калі падчас хваробы пакутуе жанчына, гэта адбіваецца на сужэнскіх адносінах, на яе адносіны з навакольным сьветам і аказвае нэгатыўны ўплыў і на псыхіку дзіцяці. Калі постнатальная дэпрэсія не распазнаецца і ня лечыцца, могуць наступіць даволі трагічныя наступствы, такія як інфантацыд (забойства дзяцей — РС), суіцыд ці пашыраны суіцыд, што мае месца і ў нашай краіне, і ў сьвеце. Пасьляродавая дэпрэсія мае тры ўзроўні па ступені складанасьці — пасьляродавы бэбі-блюз, пасьляродавая дэпрэсія і пасьляродавы псыхоз.
- Бэбі-блюз — шырока распаўсюджаны стан, які перажываюць жанчын у пасьляродавым пэрыядзе. Паводле дасьледаваньняў, каля 80% жанчыны сьведчаць пра тое, што яны перажывалі гэта.
- Бэбі-блюз узьнікае празь некалькі дзён пасьля родаў, характарызуецца смуткам, сьлязьлівасьцю, раздражняльнасьцю. Гэта лёгкі стан, які праходзіць на працягу 2 тыдняў, аднак пры дрэнным цячэньні можа перайсьці ў наступную ступень цяжкасьці — постнатальную дэпрэсію.
- Бэбі-блюз — нармальны стан. Можна зьвярнуцца да народных традыцый — прымаўка «прыйшло малако — прыйшлі сьлёзы». Гэта пра тое, калі адбываліся гарманальныя перабудовы ў арганізьме жанчыны і яна такім чынам рэагавала.
- Постнатальная дэпрэсія ўзьнікае цягам 9-12 месяцаў пасьля родаў, але найчасьцей яны бывае ў першыя тры месяцы. Як сымптомы нічым не адрозьніваюцца ад клясычных сымптомаў дэпрэсіўнага стану.
- Парушаныя адносіны ў сыстэме «маці — дзіця». Гэта можна заўважыць, назіраючы, як жанчыны даглядае сына ці дачку. Жанчына мэханічна выконвае нейкія штодзённыя рэчы дагляду, яна празьмерна падаўлена, замыкаецца, становіцца маўклівай, часта плача.
- Часам родныя не ўспрымаюць гэта сур’ёзна і рэагуюць супярэчліва: «Што ж ты плачаш? Нічога ж не здарылася». Такім чынам яны абясцэньваюць яе перажываньні, і жанчыны можа сыходзіць далей у свае пакуты, замыкацца ў іх.
- Гэта можа ўскладняцца расстройствам сну, стратай апэтыту, адчуваньнем неадэкватнасьці, бездапаможнасьці, безнадзейнасьці, адчуваньнем віны і сораму, ад таго, што яна ня можа выконваць ці некампэтэнтная, як яна думае, што да бацькоўскіх функцый.
- Жанчына губляе інтарэс да звычайных справаў, губляе энэргію. Парушаецца лібіда, узьнікаюць суіцыдальныя думкі пра шкоду ня толькі самой сябе, але і дзіцяці.
- Як правіла, усе гэтыя рэчы жанчына захоўвае ў сабе, таму што пад сацыяльнай стыгмай, асабліва ў грамадзтве, дзе высокія чаканьні ад мацярынства, жанчыне нават самой сабе вельмі цяжка прызнацца, што гэта зь ёй адбываецца, тым больш сказаць камусьці.
- І апошняя самая небясьпечная стадыя — пасьляродавы псыхоз.
Год таму Вераніка Заўялава арганізавала візыт у Менск знакамітага доктара-акушэра Мішэля Адэна. Што з досьведу легендарнага доктару варта пераняць, каб прадухіліць наступствы пасьляродавай дэпрэсіі?
Вераніка Заўялава: Як арганізатарка дасьледчых, адукацыйных праектаў аб умовах цяжарнасьці і родаў у Беларусі, я магу дакладна казаць, што на ўзьнікненьне дэпрэсіі ўплывае такі фактар, як стаўленьне да цяжарнай падчас атрыманьня мэдычных паслугаў. Жанчыны шмат кантактуюць з дактарамі ў цяжарнасьці, і часта ў гэтых адносінах могуць быць і канфлікты, і нагоды для трывогі. Важныя і абставіны ў родах.
Доктар Мішэль Адэн, які летась прыяжджаў у Менск, казаў, што найпершы абавязак кожнага, хто кантактуе зь цяжарнай жанчынай, аберагаць яе эмацыйны пакой. Мэдычнае вядзеньне цяжарнасьці, стаўленьне спэцыялістаў могуць вельмі моцна ўплываць на эмацыйны стан жанчыны. Дактары павінны ўлічваць гэта і аберагаць жанчыну ад стрэсу, трывог, грубага стаўленьня, неадчувальнасьці да эмацыйных патрэбаў. Важна, што і як сказаць жанчыне з нагоды пэўных прызначэньняў і заключэньняў, даваць магчымасьць прымаць рашэньні.
- Адэн кажа, што варта прымаць пад увагу эфэкт нацэба (сродак, які ня мае рэальнага фармакалягічнага дзеяньня, але пры гэтым выклікае адмоўную рэакцыю ў пацыэнта — РС). Залішняе ўмяшаньне, стаўленьне да цяжарных жанчын як да хворых наносіць ім шкоду.
- Трэба навучыцца такім чынам кантактаваць зь цяжарнымі жанчынамі, ствараць такую атмасфэру, каб яны пасьля прыёму былі ў больш узьнёслым настроі, прынамсі ў менш трывожным стане чым да яго.
- У сваёй радзільні Адэн увёў сьпеўныя сустрэчы. Ён казаў, што ад гэтага больш карысьці, чым ад нейкіх мэдычных прызначэньняў ці дасьледаваньняў.
- Мішэль Адэн гаворыць пра тое, што павінна быць спрыяльная абстаноўка ў родах. Там дзе бясьпечна, дзе ёсьць інтымнасьць, роды робяцца лягчэйшымі. І гэта шлях падтрымкі псыхалягічнага здароўя жанчыны.
- Сярод фактараў, якія ўплываюць на пасьляродавую дэпрэсію, ёсьць і незадаволенасьць родамі. Дасьледчыкі кажуць, што самы значны фактар задаволенасьці родамі акрамя спраўджаньня асабістых перажываньняў жанчыны, гэта якасьць адносінаў з мэдпэрсаналам, колькасьць эмацыйнай і фізычнай падтрымкі ў родах, наяўнасьць партнэра ў родах, падтрымка мэдычнага пэрсаналу і разуменьне, што адбываецца, каб не было абставінаў, якія прыводзяць да траўмаў. Жанчынам трэба, каб яны былі далучаныя да прыняцьця рашэньняў.
Чаму важна глядзець ня толькі на стан здароўя жанчыны? На што варта пільна зьвяртаць увагу?
Тацяна Гайлеш: Вельмі важна зьвяртаць увагу ня толькі на стан здароўя жанчыны, але і на яе псыхаэмацыйны стан, таму што псыхасаматыка можа вельмі моцна ўплываць на стан здароўя. Вельмі важна, каб у жанчыны, якая стала на ўлік па цяжарнасьці ў гінэколяга, быў добры наладжаны кантакт з дактарам, каб яна адчувала, што з гэтым дактарам можа падзяліцца ўсімі сваімі сумневамі, і самае галоўнае — атрымаць зваротную сувязь.
Калі наступае цяжарнасьць, у жанчын вельмі рэзка мяняецца жыцьцё. Адбылася суперважная, супергалоўная падзея. Яна ў дадзены момант для дзіцяці — цэлы сусьвет, ідзе фармаваньне будучай асобы. І калі доктар падзяляе яе адчуваньні і падыход, слухае яе ўважліва, падтрымлівае, усё тлумачыць, то жанчына пры любых складаных момантах падзеліцца інфармацыяй і расслабіцца. Чалавек, які валодае інфармацыяй, валодае сьветам. І калі гэта адбываецца, гэта вельмі здорава.
Чаму ў нас гэтага не адбываецца ў большасьці выпадкаў? На жаль, у гінэколягаў дастаткова вялікі працэнт эмацыйнага выгараньня на працы. Таму было б добра, каб у штаце жаночай кансультацыі заўсёды быў псыхоляг, які працуе і з жанчынамі, і з дактарамі. Калі доктар стаміўся, перагрузіўся, ён можа наведаць кабінэт псыхалягічнай разгрузкі, зьняць унутранае напружаньне і зноў будзе адкрыты для наступнай цяжарнай жанчыны.
Калі здараецца трагічны выпадак у радзільні, чыя гэта адказнасьць?
Тацяна Гайлеш: Адказнасьць павіны падзяляць дзьве структуры, Адна зь іх — псыхалягічная структура, бо жанчыны праходзяць псыхалягічнае кансультаваньне ў паліклініцы, ёсьць «школа мацярэй», куды яны павінны хадзіць і там павінны зь імі размаўляць. Галаўная падрыхтоўка да мацярынства адбываецца да родаў — гэта кансультацыі з псыхолягамі і гінэколягамі. Задача доктара — гэтым асабліва не займацца, але заўсёды памятаць.
Пасьляродавая дэпрэсія непрыемная, страшная, але пасьляродавы псыхоз — небясьпечны. Ён разьвіваецца цягам некалькі дзён пасьля родаў, ён небясьпечны як для самой жанчыны, так і для дзіцяці. Бывалі выпадкі, калі жанчыны выкідалі з вокнаў дзяцей. Праявы пасьляродавага псыхозу павінны распазнаваць мэдыкі. У пасьляродавую палату псыхоляг не заходзіць так часта, як доктар і акушэрка. Пасьляродавыя псыхозы крайне рэдкія — адзін на тысячу і меней. Мы пра гэта забываем.
Лепей падстрахавацца, больш зьвярнуць увагу на жанчыну, бо гэта своеасаблівыя паводзіны. Гэта і галюцынацыі, эмацыйная халоднасьць да дзіцяці, гэта заўважна. Я не здымаю віны з мэдыкаў, трэба быць больш уважлівымі і чулымі. Ня так у нас шмат цяпер нараджаюць жанчыны, каб лішні раз не зазірнуць у палату. Перагародкі часта празрыстыя. Заўсёды можна лішні раз зайсьці і пагаварыць. Такі стан можа ўзьнікнуць нечакана і разьвівацца хутка. Мы цалкам можам яго пасьпець заўважыць і прадухіліць нэгатыўныя наступствы.
Аксана Ільлюшчэня: У кожнай жанчыны ёсьць свая асабістая гісторыя. За пасьляродавай дэпрэсіяй заўсёды стаіць асабісты досьвед жанчыны, яе асяродзьдзе цяпер і ў дзяцінстве. Як правіла, дэпрэсія разумецца як своеасаблівы маніфэст для свайго асяродзьдзя, што нейкія яе патрэбы незадаволеныя, і яна хоча, каб яе пачулі і пабачылі. Сыходзячы з асаблівасьцяў і асобы, і гісторыі жанчына выбірае такі выхад.
І тады гэта агульная адказнасьць усіх — і бліжэйшага атачэньня, і мэдычнага пэрсаналу, і тых людзей, якіх яна сустрэне ў пасьляродавы пэрыяд. Цяпер гэтаму надаецца нейкая ўвага, інфармацыі пра гэта ўсё больш. Каб у нас была практыка цэласнага падыходу, а ня так, што жанчыну прымае адзін, потым іншы доктар, трэці і чацьверты, а пасьля родаў яна сустракаецца з мноствам іншых спэцыялістаў. Асабліва калі ў асабістай гісторыі ёсьць схільнасьць да трывожнасьці, то такія тэндэнцыі толькі ўскладняць усё.
Апошнія гады ў Беларусі прайшлі вельмі моцныя грамадзкія кампаніі за годнае стаўленьне да жанчын у родах, супраць акушэрскага гвалту, у тым ліку і за хатнія роды? Ці далі яны плён?
Вераніка Заўялава: Перамены адбываюцца ў сыстэме, на гэта ўплываюць і патрабаваньні і запыты жанчын. У нас ёсьць інфармацыйна-адукацыйны праект «Права на пазытыўны досьвед у родах», мы вучым жанчын выкарыстоўваць такі інструмэнт як плян родаў — аформіць свае пажаданьні, прынесьці іх у радзільню, каб паўплываць на абставіны родаў, арганізаваць іх для сябе найлепшым чынам. Тых ж партнэрскіх родаў у нас вельмі мала, а жанчынам патрэбныя партнэрская падтрымка ў родах. З боку радзільняў ёсьць абмежаваньні — партнэрам прызнаюць толькі мужа ці кагосьці зь блізкіх родных, але партнэрам можа быць любы чалавек, якога выбірае жанчына. Варта больш пашыраць добрыя практыкі, якія ёсьць у асобных спэцыялістаў ці ў платных аддзяленьнях. Ужо зьяўляецца канкурэнцыя паміж радзільнямі, бо зьніжаецца колькасьць родаў, разьвіваюцца платныя паслугі.
Як распазнаць першыя сымптомы пасьляродавай дэпрэсіі? І што рабіць тым, хто на гэта першы зьверне ўвагу?
Тацяна Гайлеш: Трэба ўсім заўсёды памятаць, што чаканьні не заўсёды супадаюць з рэальнасьцю. Гэта можа быць не спэцыяліст, можа быць сяброўка, дачка сяброўкі. Трэба знайсьці словы падтрымкі і патлумачыць, што лепей падстрахавацца і зьвярнуцца да спэцыяліста. Гэта пасьляродавыя ўсплёск гармонаў, такое бывае з многімі. Трэба не замыкацца і ведаць, што міне ў абавязковым парадку.
Аксана Ільлюшчэня: Найперш самой жанчыне і блізкаму атачэньню трэба быць уважлівай. У нас ёсьць дзіўная традыцыя, што калі жанчына цяжарная, то гэта пазытыўна афарбаваны стан, які выклікае падтрымку, а як толькі жанчыны нарадзіла, усе вельмі хутка пра яе забываюць і яна застаецца зусім адна. У сучасным гарадзкім жыцьці яна пагружаецца ў стан сацыяльнай ізаляцыі, хаця да гэта было вельмі шмат кантактаў. Муж на працы, яны ўвесь час адна зь дзецьмі, і нават заўважаючы, што зь ёй нешта ня тое, яна баіцца пра гэта гаварыць. Родныя не даюць ёй сваёй падтрымкі і ўвагі. Найперш трэба агучыць у добразычлівай форме сваю занепакоенасьць, пагаварыць зь ёй, дапамагчы жанчыне пасьля родаў, каб яна высыпалася. І зьвярнуцца да спэцыялістаў. Гэта — хвароба, якую трэба лячыць, і гэтым займаюцца спэцыяльна навучаныя людзі.