Амаль год таму, 26 верасьня, апошні раз бачылі жывым салдата Аляксандра Коржыча. Расьсьледаваньне яго гібелі і судовы працэс сталіся шырэйшымі за пошук і пакараньне вінаватых. Пра беларускае войска імя Аляксандра Коржыча ў Зоне Свабоды гавораць Аляксандра Дынько, Сяргей Навумчык, Алесь Пілецкі і Ганна Соўсь.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
Ганна Соўсь: Паводле стандартаў NATO сілавыя структуры маюць узначальваць цывільныя асобы, і ў многіх краінах сьвету міністаркамі абароны былі жанчыны. У беларускім войску вельмі мала жанчын, іх няма і на кіроўных, і на кантрольных пазыцыях. Ці памянялася б што, калі б жанчыны ня толькі аддавалі сваіх сыноў у войска, але маглі самі і быць часткай войску і мець больш шырокія функцыі грамадзкага кантролю?
Аляксандра Дынько: У аўтарытарных грамадзтвах войска і радзільня — два самыя магутныя спосабы кантролю над людзьмі. Гэта дзьве мясарубкі, празь якія кожны чалавек праходзіць, і там улада яму паказвае, што ты — наш раб, мы можам зрабіць з табой усё, што заўгодна. Яна вельмі разумна пабудаваная, таму што там б’юць у ідэнтыфікацыю. Нас вучаць, што трэба ісьці ў войска, таму што там нібыта зробяць з вашага хатняга, звычайнага хлопчыка сапраўднага мужчыну.
Фактычна беларускае войска — племянная мадэль.
Гэтая мантра «не служыў — не мужык» у нас ужо ня вельмі працуе, але ўсё адно, вобраз воіна падтрымліваецца ў нашым грамадзтве. Тое самае з жанчынамі, лічыцца, што жанчыны абавязкова мусіць нарадзіць. Калі не нарадзіла, то ты, маўляў, не жанчына, калі ў цябе адно дзіця, то ты як бы і не мама, трэба нам больш усякіх салдат. А пасьля справы Коржыча высьвятляецца раптам, чаму яны там вучаць, якіх сапраўдных мужчынаў рыхтуе беларускае войска — яны вучаць здольнасьці прыносіць салдатам каву, прыносіць салдатам «Ролтан».
Фактычна беларускае войска — племянная мадэль, першабытная, дзе за пакецік «Ролтану», пакецік «Нескафэ» можна купіць сабе права, каб цябе не чапалі, не прыніжалі, каб ты спакойна дажыў гэты тыдні, месяцы, паўтара да таго таго, пакуль ізноў апынесься ў вольным жыцьці. Я ўпэўненая, што гэтая сыстэма мусіць быць зьмененая. Ці па стандартах NATO, ці не па стандартах NATO, але гэта мусіць быць прафэсійнае войска. І да гэтай вайсковай структуры мусяць у роўнай ступені мець доступ усе грамадзяне, незалежна ад іх полу, ідэнтыфікацыі і гэтак далей. І гэта аздаравіць усю сыстэму грамадзтва, ня толькі войска.
Сяргей Навумчык: Між іншым, яшчэ ў 1994 годзе мы ў БНФ прапаноўвалі, каб міністрам абароны была жанчына. У нас была кандыдатура Галіны Сямдзянавай. Міністар абароны — гэта палітычная функцыя, найперш.
Ганна Соўсь: Алесь, праз вашыя штодзённыя рэпартажы з залі суду нашая аўдыторыя атрымлівае падрабязную і ўсебаковую інфармацыю пра хаду гэтага гучнага працэсу. А што застаецца па-за сайтам Свабоды? Якія вашыя асабістыя ўражаньні ад працэсу і яго ўдзельнікаў? Што вас зьдзівіла ці абурыла на судзе?
Алесь Пілецкі: Па-за тэкстам застаюцца эмоцыі. Асабіста мяне зьдзівіла і непрыемна ўразіла напачатку і цэлы месяц уражвае пустая заля. Гэта адна з самых вялікіх судовых заляў Менску, у якую ніхто апроч журналістаў не прыходзіць.
Магчыма, пацярпелыя салдаты давалі б іншыя паказаньні, больш актыўна, гаварылі б больш.
Такі кантраст. З аднаго боку пра справу Коржыча ведае фактычна кожны, ёсьць вялікая цікавасьць і на нашым сайце, і на сайтах іншых СМІ, якія асьвятлялі гэты працэс. А з другога боку ў гэтую судовую залю не прыходзяць людзі, якія сочаць за гэтай справай. І я перакананы, што, калі б заля была магчыма не цалкам запоўненая, а хаця б на запоўненая напалову, то гэты працэс меў бы значна большы розгалас і праходзіў бы, магчыма інакш. Магчыма, пацярпелыя салдаты давалі б іншыя паказаньні, больш актыўна, гаварылі б больш. Магчыма б афіцэры не паводзілі б сябе так бяздушна, як яны паводзяць сябе ў залі суду, даючы паказаньні. Вось гэтая пустая судовая заля падчас гэтага працэсу для мяне найбольшай нечаканасьцю зьяўляецца і найбольшым адкрыцьцём.
Ганна Соўсь: А які міжнародны досьвед змаганьня зь дзедаўшчынай? Як выкараняюць яе ў войску іншых кранах і якія захады найбольш пасьпяховыя?
Сяргей Навумчык: Трэба прызнаць, што дзедаўшчына ў той ці іншай ступені ёсьць амаль ва ўсіх войсках, у тым ліку і кранаў NATO. Недзе яе больш, напрыклад у войску ЗША, хаця таксама не ва ўсіх відах войскаў, сустракаецца даволі часта ў марскіх сілах, у сухапутных няма. Ёсьць краіны, напрыклад Швэцыя ці Нямеччына, дзе мінімальная дзедаўшчына, дзе выпадак дзедаўшчыны можа быць прадметам разгляду ў Бундэстагу. Змагаюцца рознымі спосабамі, але самы галоўны — грамадзкі кантроль. Мінімальная ўмова — павінна быць група людзей, якая мае законнае права і паўнамоцтвы проста наскрозь правяраць войска. Звычайна гэта дэпутаты парлямэнту. Адпаведна парлямэнцкая камісія, там і мужчыны, і жанчыны, калі мы гаворым пра гендэрныя рэчы. У жанчын крыху іншы падыход, мы бачылі па апытаньню ў Менску. Камісія парлямэнцкая можа праверыць усё і вынесьці гэта на разгляд парлямэнту і на разгляд грамадзтва. І гэта — эфэктыўны спосаб. А беларускае войска застаецца рудымэнтам савецкага войска.
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.