Сьцісла
- Пакуль маці крытыкуюць, бацька застаецца па-за фокусам увагі. Мужчына быццам бы стаў выпадковым сьведкам сытуацыі, на якую ня мог паўплываць.
- Але важней іншае — зьмяшчаючы акцэнты з сыстэмных праблем на праблему асабістага выбару, мы толькі спрыяем таму, што такія гісторыі будуць здарацца і далей.
- Пакуль у нас няма адпаведнай інфраструктуры, асуджэньне жанчыны і расповеды, як яна мусіла б выхоўваць сваю дачку, нагадвае анэкдатычнае «грошай няма, але вы трымайцеся».
Апошні раз я бачыла на вуліцы чалавека з сындромам Даўна некалькі месяцаў таму. У сярэднім адно немаўля з 700 нараджаецца з гэтым сындромам, але большасьць так званых сонечных дзяцей у Беларусі жывуць у ізаляцыі. І пра лёс такіх дзяцей пішуць і кажуць няшмат, але нядаўна аказалася, што людзей гэтае пытаньне дужа хвалюе.
Адна жанчына расказала ў інтэрвію, як яна ў радзільні адмовілася ад дачкі. Дзяўчынка нарадзілася з сындромам Даўна. Зь нейкай прычыны мэдыкі своечасова не заўважылі мутацыю, і пра сындром маці даведалася ўжо пасьля родаў. Яна кажа: ведала б раней — зрабіла б аборт. Яна не гатовая расьціць гэтую асаблівую дзяўчынку і ня хоча плаціць дзяржаве так званыя алімэнты.
Гэтая жанчына адкрыта сказала тое, з чым шматлікія іншыя людзі моўчкі згодныя
Гісторыя мае вялікі розгалас — дыскусіі не сьціхаюць ужо некалькі дзён, і ў цэнтры гэтых дыскусій нязьменна стаіць адно і тое ж пытаньне: асудзіць жанчыну ці «зразумець і прабачыць»? На яе выліваюць тоны бруду, адкрыта абражаюць і жадаюць страшных рэчаў, нібыта наўмысна не заўважаючы непрыемную праўду: гэтая жанчына адкрыта сказала тое, з чым шматлікія іншыя людзі моўчкі згодныя.
Да бацькі дзяўчынкі шырокая грамадзкаcьць традыцыйна ня мае аніякіх прэтэнзій. І пакуль маці абражаюць і называюць несапраўднай жанчынай, ён застаецца па-за фокусам увагі. Мужчына быццам не прымаў аніякіх рашэньняў, а стаў выпадковым сьведкам сытуацыі, на якую ня мог паўплываць.
Мужчына быццам не прымаў аніякіх рашэньняў
Але важней іншае — людзі нібыта забыліся на няпісанае правіла: калі нараджаецца хворае немаўля, у радзільні маці часта ўгаворваюць адмовіцца ад яго і «жыць далей», а таксама супакойваюць, што яна «яшчэ здаровага народзіць». І жанчыны часам пакідаюць дзяцей, і іх не ненавідзяць усёй краінай, бо яны перажываюць сваё гора ціха. Тут жа жанчына набралася сьмеласьці і сказала ўсё ўслых.
Сказала, што яна не гатовая расьціць хворае дзіця: «Муж адыдзе на другі плян, здаровае дзіця — таксама. Давядзецца сысьці з працы. Я бачыла, як да такіх дзяцей ставяцца ў грамадзтве, бачыла няшчасных мам гэтых дзяцей. Я не змагла б выйсьці з гэтай дзяўчынкай нават у двор».
І хай пэрспэктыва асудзіць незнаёмую жанчыну вельмі прывабная — на яе фоне можна адчуць сябе дужа высокамаральнай і ў цэлым правільнай, я ўсё ж мяркую, што фокус увагі трэба зьмясьціць з канкрэтнай асобы на сыстэмную праблему. Ці зрабіла б гэтая жанчына такі самы выбар, калі магла б разьлічваць на рэальную дзяржаўную падтрымку? Калі б у нашым грамадзтве было менш мітаў пра сындром Даўна? Калі было б магчыма без хлусьні ўладкаваць такое дзіця ў звычайны дзіцячы садок?
Пакуль у нас няма адпаведнай інфраструктуры, а ёсьць толькі безьліч мітаў, асуджэньне жанчыны і расповеды, як яна мусіла б выхоўваць сваю дачку, нагадвае анэкдатычнае «грошай няма, але вы трымайцеся».
Гэта нагадвае анэкдатычнае «грошай няма, але вы трымайцеся»
І хай некаму падаецца, што, пасьля некалькі валянтэрскіх візытаў у інтэрнат альбо пасьля некалькіх прачытаных кніжак па тэме яны разумеюць, як гэта — гадаваць асаблівае дзіця. Яны моцна памыляюцца. Зрэшты, ніхто не забараняе ім паказаць асабісты прыклад навакольным і дапамагчы справай альбо гэтай канкрэтнай дзяўчынцы, альбо іншым дзецям, якія аказаліся ў падобнай сытуацыі.
Не прыехаць у інтэрнат у вольны час на пару гадзін, а ўзяць дзіця ў сям’ю і адчуць, колькі новых і часам непераадольных бар’ераў зьявіцца ў іх жыцьці. І дзяржава ім ніяк не дапаможа.
Жанчыны і далей будуць адмаўляцца ад дзяцей праз страх выйсьці зь імі на вуліцу
Зьмяшчаючы акцэнты з сыстэмных праблем на праблему асабістага выбару, мы толькі спрыяем таму, што такія гісторыі будуць здарацца і далей. Жанчыны і далей будуць адмаўляцца ад дзяцей праз страх выйсьці зь імі на вуліцу і сустрэцца з рэакцыяй навакольных, а свой боль будуць перажываць моўчкі. І пакінутыя дзеці часта будуць заставацца ў дзіцячых дамах.
Гэта гучыць банальна, але каб вырашыць праблему, яе трэба спачатку прызнаць. А пакуль людзі з сындромам Даўна застаюцца ў ізаляцыі, да прызнаньня праблемы нам яшчэ далёка. І асуджэньне жанчыны, якая аказалася ў бядзе, нас дакладна не наблізіць да гэтай мэты.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.