Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маска для маці


Адна мая знаёмая ладзіць для жанчын так званую школу мам «Кіслародная маска». Яна не вучыць іх быць яшчэ лепшымі мамамі, а паказвае, што яны ўжо добрыя, і нагадвае, што кіслародную маску трэба спачатку насоўваць на сябе, і толькі потым на дзіця. Маці, якая страціла прытомнасьць, нічым ужо ня зможа дапамагчы дзіцяці, і гэтае правіла працуе ня толькі ў авіякатастрофах.

У нас жа збольшага прынята вучыць мам, як паводзіць сябе, каб быць найбольш зручнымі для навакольных. Як зрабіць дзіця бязгучным і нябачным, як прымусіць яе ці яго па некалькі гадзін сядзець на адным месцы, куды хавацца, каб пакарміць грудным малаком. Што пры гэтым усім адчувае сама мама, мала каго цікавіць. Яна ж выконвае Вялікую Місію, а дзеля гэтага нібыта можна і пацярпець.

Але ў Дзень маці я хачу пайсьці насуперак традыцыі і зьвярнуцца да ўсіх неабыякавых: калі ласка, проста адчапіцеся ад мам.

Шкада, што ні доктаркі ў жаночай кансультацыі, ні брашуры, ні іншая сацыяльная рэкляма не папярэджваюць жанчын: калі вы станеце мамамі, вы аўтаматычна будзеце ўсім павінны і ва ўсім вінаваты, любы чалавек зможа ўказаць вам, як выхоўваць дзіця, і абразіць у тым выпадку, калі вы ня станеце імгненна падпарадкоўвацца.

Так склалася, што менавіта мамы заўжды ва ўсім вінаваты: ня тым кормяць, ня так апранаюць, надта рана вучаць чытаць, надта позна вучаць пісаць, не ўмеюць рабіць дзіця бязгучным і нябачным адной сілай думкі, робяць так, што іх дзеці вырастаюць забойцамі, гвалтаўнікамі і ахвярамі, дазваляюць дзецям гуляць у кампутарныя гульні і есьці салодкае перад абедам, кепска «адмазваюць» сыноў ад арміі, кепска вучаць дачок, як паводзіцца ў радзільні, каб быць зручнымі мэдпэрсаналу. Гэта простае людажэрскае правіла добра засвоена намі як грамадзтвам: хочацца кагосьці абвінаваціць — абвінаваць маці.

І нягледзячы на ўсе афіцыйныя патасныя прамовы пра сьвятасьць мацярынства, у сацыяльнай герархіі маці знаходзяцца вельмі нізка. Наяўнасьць дзіця — гэта нібыта просьба «павучыце мяне жыцьцю», якая зьяўляецца разам з дзіцём і не зьнікае ніколі.

Яшчэ ў час цяжарнасьці жанчыну могуць абвінаваціць у тым, што яна не клапоціцца пра сваё дзіця, бо працуе, альбо плянуе нараджаць дома, альбо есьці салодкае пасьля шасьці вечара, альбо проста бывае ў кепскім настроі. У родах яе могуць абразіць за тое, што «кепска» тужыцца і зноўку ж абвінаваціць у тым, што яна недастаткова стараецца. Ну, а пасьля родаў аказваецца, што ўсе вакол — найлепшыя экспэрткі і экспэрты ў тым, як клапаціцца пра яе дзіця, і што яна павінна іх усіх слухаць, бясспрэчна падпарадкоўвацца і быць бясконца ўдзячнай, што яны літаральна ратуюць малое ад маці-недарэкі.

І з кожным днём віна маці павялічваецца. Дзіця крычыць у краме, не засынае роўна а 9 вечара, адбірае цацкі ў іншых дзяцей, не вітаецца з суседзямі, не ўсьміхаецца незнаёмцам — усё гэта нагоды распавесьці жанчыне, што яна — кепская маці і не ўмее выхоўваць дзіця.

Калі ласка, проста адчапіцеся ад мам. Калі вам вельмі хочацца чарговым разам навучыць жанчыну, як правільна жыць, выхоўваць дзіця і ствараць справядлівы сьвет, прыглядзіцеся ўважлівей: хіба на ёй ёсьць кіслародная маска?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG