Нованароджаны сын Сяргея Башмура памёр у чэрвені 2017 году ў абласной радзільні. У нядзелю Сяргей прыйшоў на пікет кандыдата ад «Гавары праўду» Юлі Ганісеўскай, каб расказаць сваю гісторыю. Пікет праходзіў у спальным раёне на ўскраіне Гомля.
Нядаўна Сьледчы камітэт скончыў праверку здарэньня і не знайшоў падстаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Мэдыкі зрабілі выснову, што немаўля памерла ад унутрывантробнай інфэкцыі.
Такі адказ не задаволіў бацькоў. Сяргей Башмур падаў у гарвыканкам заяўку на адзіночны пікет, але яму адмовілі. Тады ён вырашыў далучыцца да выбарчага пікету, дазвол на які не патрэбны.
Сяргей расказаў, што жонка Тацяна выконвала ўсе рэкамэндацыі дактароў і праходзіла абсьледаваньні. Сына назвалі Міхаілам, пасьля родаў ён два дні быў з маці. Але раптам яму стала блага, ён трапіў у рэанімацыю і на шосты дзень памёр.
«Я падаў новую заяву ў Сьледчы камітэт на аднаўленьне праверкі. Маю права ведаць, што адбылося зь дзіцем, калі яго забіралі ад маці, якія прышчэпкі яму рабілі, ці сачылі належным чынам за здароўем немаўляці. Калі б Міша быў жывы, у мяне была б шматдзетная сям’я, — кажа Сяргей і дадае: — Хачу, каб жанчыны не баяліся нараджаць».
Сяргей Башмур заклікае ўлады навесьці парадак у радзільнях, паліклініках і шпіталях.