Расея ня будзе ўдзельнічаць у слуханьнях Міжнароднага трыбуналу па марскім праве ў справе аб імунітэце ўкраінскіх ваенных судоў і членаў іх экіпажаў, захопленых Расеяй у Чорным моры ў лістападзе 2018 году. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла намесьніца міністра замежных справаў Украіны Алена Зеркаль.
Слуханьні заплянаваныя на 10 траўня 2019 году ў Гамбургу. Рашэньне трыбунал вынесе да канца траўня, удакладніла Зеркаль. Яна дадала, што няўдзел расейскага боку не перашкодзіць суду вынесьці вэрдыкт. Аргумэнты бакоў — пісьмовыя дакумэнты і расшыфроўка выступаў — будуць даступныя падчас слуханьняў.
«Мы ня просім пра паслугу, мы патрабуем неадкладнага вызваленьня нашых маракоў, як гэта прадугледжвае Канвэнцыя ААН па марскім праве», — адзначыла Зеркаль. Пасьлядоўная адмова Расеі ўдзельнічаць у слуханьнях не зьмяншае легітымнасьці справы, лічыць намесьніца міністра. Паводле яе слоў, у выпадку калі трыбунал прыме рашэньне на карысьць Украіны, Расея можа выдаць вызваленьне маракоў за жэст добрай волі ў адносінах да новага прэзыдэнта Ўкраіны, але сусьветная супольнасьць будзе ведаць праўду.
аа
Раней абраны прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведамляў, што прыярытэтнай задачай для яго зьяўляецца вяртаньне ўсіх украінскіх ваеннапалонных, у тым ліку маракоў, дадому.
- 25 лістапада 2018 году ля берагоў анэксаванага Крыму расейскія памежнікі захапілі тры ўкраінскіх ваенных караблі і затрымалі 24 марака. Вайскоўцаў абвінавачваюць у незаконным перасячэньні мяжы Расеі. Маракоў утрымліваюць у СІЗА ў Маскве. Кіеў лічыць тое, што здарылася, актам агрэсіі, а маракоў называе ваеннапалоннымі. Пазыцыю Ўкраіны падтрымалі ЗША, NATO і Эўразьвяз. ААН прызнала захопленых маракоў ваеннапалоннымі.
- Афіцыйная пазыцыя расейскіх уладаў палягае ў тым, што паміж Расеяй і Ўкраінай няма вайны, а такім чынам, маракі зьяўляюцца не ваеннапалоннымі, а парушальнікамі мяжы і падлягаюць крымінальнаму суду.
- 16 красавіка Ўкраіна зьвярнулася ў Міжнародны трыбунал, патрабуючы неадкладнага вызваленьня маракоў і ваенных караблёў. Расейскі бок лічыць, што трыбунал па марскім праве ня валодае юрысдыкцыяй для разгляду «керчанскага інцыдэнту», заявілі ў МЗС РФ.
- 17 красавіка Ляфортаўскі суд Масквы падоўжыў тэрмін арышту ўкраінскім вайскоўцам да 24 і 26 ліпеня.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.